Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Матэуша 20 Паводле Матэуша 20 разьдзел

1 Падобнае ёсьць каралеўства нябеснае да чалавека гаспадара, каторы выйшаў вельмі рана наймаць работнікаў у свой вінаграднік.
2 І зрабіўшы ўмову з работнікамі па дынары ў дзень, паслаў іх у свой вінаграднік.
3 І выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў другіх, што стаялі без работы на рынку
4 і сказаў: Ідзеце і вы ў мой вінаграднік і што будзе належыцца, дам вам.
5 Яны-ж пайшлі. Ізноў-жа выйшаў каля гадзіны шостай і дзевятай і зрабіў таксама.
6 І каля адзінаццатай выйшаў і знайшоў іншых стаячых і сказаў ім: Што вы тут стаіцё цэлы дзень без работы?
7 Кажуць яму: Бо нас ніхто не наняў. Кажа ім: ідзеце і вы ў мой вінаграднік.
8 Калі-ж надыйшоў вечар, кажа гаспадар вінаградніка свайму эканому: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы ад апошніх аж да першых.
9 Дык калі падыйшлі тыя, што былі прыйшоўшы каля гадзіны адзінаццатай, атрымалі па дынары.
10 А першыя, падыйшоўшы, думалі, што атрымаюць болей, але і яны атрымалі па дынары.
11 І ўзяўшы, наракалі на гаспадара,
12 кажучы: Гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, а ты зраўняў іх з намі, каторыя перанеслі цяжар дня і сьпеку.
13 А ён адказваючы аднаму з іх, сказаў: Дружа! я не рабіў табе крыўды, ці-ж не за дынар ты са мною ўмовіўся?
14 Вазьмі, што тваё і ідзі, а я хачу і гэтаму апошняму даць як і табе.
15 Ці-ж ня можна мне зрабіць, што хачу? Ці-ж вока тваё злоснае, што я добры?
16 Так апошнія будуць першымі, а першыя апошнімі. Бо многа пакліканых, але мала выбраных.
17 А ідучы ў Ерузалім, Езус узяў дванаццаць вучняў асобна і сказаў ім:
18 Вось ідзём у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы старшым сьвятарам і кніжнікам і асудзяць яго на сьмерць,
19 і выдадуць яго паганам на зьдзек і бічаваньне і ўкрыжаваньне, і на трэці дзень уваскрэсьне.
20 Тады прыступіла да яго маці сыноў Зэбэдэявых з сынамі сваімі, кланяючыся і нечага просячы ў яго.
21 Ён сказаў ёй: Чаго хочаш? Яна сказала: Скажы, каб гэтыя два сыны мае сядзелі адзін з правага боку твайго, а другі з левага ў каралеўстве тваім.
22 А Езус, адказаўшы, сказаў: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чару, якую я буду піць? Кажуць яму: Можам.
23 Сказаў ім: Чару-то маю піць будзеце, але сядзець з правага майго боку або з левага гэта не мая рэч даць вам, але каму прыгатавана Айцом маім.
24 А дзесяць, пачуўшы, абурыліся на двух братоў.
25 Езус-жа паклікаў іх да сябе і сказаў: Вы ведаеце, што павадыры народаў пануюць над імі і тыя, каторыя большыя ёсьць, выконываюць над імі ўладу.
26 Ня так будзе паміж вамі, але хто-б хацеў між вамі быць большым, няхай будзе вашым прыслужнікам,
27 і хто-б хацеў між вамі быць першым, будзе вашым слугою.
28 Так як Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, але каб служыць і даць жыцьцё сваё за выкуп за многіх.
29 І калі яны выходзілі з Ерыхону, ішла за ім вялікая грамады,
30 і вось два сьляпыя, седзячы ля дарогі, пачулі, што Езус ідзе міма, і закрычалі, кажучы: Пане, зжалься над намі, сыне Давіда!
31 А грамада сварылася на іх, каб замоўклі. Але яны яшчэ мацней крычалі, кажучы: Пане, зжалься над намі, сыне Давіда.
32 І стаў Езус і паклікаў іх і сказаў: Што вы хочаце, каб я вам зрабіў?
33 Кажуць яму: Пане, каб адчыніліся вочы нашыя!
34 А Езус зжаліўся над імі, дакрануўся да вачэй іх і зараз жа сталі відзець і пайшлі за ім.

Каментары ці зноскі:

3 Гадзіна трэцяя ў Палестыне — гэта нашая 9 нараніцы.

6 Гадзіна адзінаццатая — гэта нашая 5 пад вечар.

8 Паводле закону Майсея плату работнікам трэба было выплаціць таго самага дня вечарам.

12 Скарга была-б зусім зразумелая, калі-б яны не былі згоджаны па дынары і калі-б ня браць пад увагу дабрату гаспадара.

16 Да жыцьця хрысьціянскага многа пакліканых, а да вялікай сьвятасьці мала выбраных.

Як тут на зямлі ў прыповесьці, так на тым сьвеце нагарода справядлівых сама па сабе будзе роўная для ўсіх і гэту нагароду мы называем «небам»; аднак у дробязі і паасобку бяручы, яна будзе рознай, залежнай — з аднаго боку — ад вартасьці заслуг сьвятых, з другога боку — ад дабраты і ласк Божых, каторыя Бог дае людзям паводле сваеё волі.

Гэтакім чынам справядлівасьць Божая выяўляецца ў вялікай колькасьці людзей збаўленых, а ласка Божая ясьнее ў малым ліку вялікіх Сьвятых.

21 Сядзець з првага і левага боку караля заўсёды ўважалася за знак улады і паважаньня. Вучні, пачуўшы аб скорым прыходзе каралеўства Хрыстовага, а разумеючы гэтае каралеўства ўсё яшчэ пазямному, хацелі заняць там першыя мясцы. Гэтага самага хацела і матка сыноў Зэбэдэявых.

22 Чарай завець тут Хрыстус сваю муку.

23 Гэтае прароцтва Хрыстова споўнілася: старшы сын Зэбэдэя — Якуб быў сьцяты мячом каля 44 году па Нар. Хр., а малодшы — Ян быў бічаваны, укінены ў кацёл з кіпучай алівай, а потым выгнаны на выспу Патмос.

Апроч гэтага Хрыстус адзначае тут, што ён, як Мэсыяш, не пакліканы выдаваць або зьмяняць Божыя пастановы адносна жыцьця сьвятых у небе. Гэтыя пастановы ўжо былі выданы спрадвякоў Айцом разам з Сынам і Духам Сьв.

24 Абурыліся апосталы з прычыны ўласнай амбіцыі і дзеля гэтага Хрыстус дае ўсім навуку пакоры. Пакорныя ўслугі бліжнім найболей цэняцца ў каралеўстве Хрыстовым, бо і Хрыстус сам прыйшоў, каб служыць.

28 Хрыстус аддаў жыцьцё сваё за ўсё чалавецтва, але таму што ня ўсе хочуць карыстаць з гэтага адкупленьня, Хрыстус кажа, што аддаў сваё жыцьцё за многіх.

30 Называючы Езуса Сынам Давіда, сьляпыя прызнаюць яго за Мэсыяша.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша, 20 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.