Біблія » Пераклады » Пераклад праваслаўнай царквы

Матфея 8 Паводле Матфея 8 разьдзел

1 Калі ж Ён сышоў з гары, услед за Ім пайшло мноства лю́ду.
2 І вось, падышоў пракажоны і пакланіўся Яму, ка́жучы: Госпадзі! калі хочаш, можаш мяне ачы́сціць.
3 Іісус, працягну́ўшы руку́, дакрану́ўся да яго і сказаў: хачу, ачы́сціся. І адразу ачы́сціўся той ад праказы.
4 І кажа яму Іісус: глядзі, нікому не расказвай; а ідзі, пакажы́ся святару́ і прынясі дар, як загадаў Маісей, дзеля све́дчання ім.
5 Калі ж увайшоў Іісус у Капернау́м, падышоў да Яго сотнік і прасіў Яго,
6 ка́жучы: Госпадзі! слуга мой ляжыць дома спаралізава́ны і моцна паку́туе.
7 Іісус кажа яму: Я прыйду і ацалю́ яго.
8 А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзі! я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і вы́здаравее слуга мой.
9 Бо і я чалавек падула́дны; але, ма́ючы ў сябе паднача́леных мне воінаў, кажу аднаму: «ідзі», і ідзе; і другому: «прыйдзí», і прыхо́дзіць; і рабу майму: «зрабі гэта», і робіць.
10 Пачуўшы гэта, Іісус здзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізра́ілі не знайшоў Я такое веры.
11 Кажу ж вам, што многія з усходу і з за́хаду пры́йдуць і ўзля́гуць з Аўраа́мам, Ісаа́кам і Іа́кавам у Царстве Нябесным;
12 а сыны́ царства будуць вы́кінуты у цемру знешнюю; там будзе плач і скры́гат зубоў.
13 І сказаў Іісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, няхай будзе табе. і вы́здаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзíну.
14 Прыйшоўшы ў дом Пятра Іісус убачыў це́шчу яго, якая ляжала ў гара́чцы.
15 І Ён дакрану́ўся да рукí яе, і пакінула яе гарачка; і ўстала яна і прыслу́жвала ім.
16 Калі ж звечарэ́ла, прывялі да Яго многіх людзей, апанава́ных дэманамі; і Ён вы́гнаў духаў сло́вам і ўсіх нямо́глых ацалíў;
17 каб збыло́ся ска́занае праз прарока Іса́ію, які кажа: «Ён узяў на Сябе нашы не́мачы, і хваробы панёс».
18 Калі ж Іісус убачыў вакол Сябе мноства люду, то загадаў вучням адплыць на другі бок.
19 І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.
20 Кажа яму Іісус: лíсы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды; а Сын Чалавечы не ма́е, дзе галаву прытулíць.
21 А іншы, з вучняў Яго, сказаў Яму: Госпадзі! дазволь мне перш пайсці і пахава́ць бацьку майго.
22 Але Іісус сказаў Яму: ідзі за Мною, і пакінь мёртвым хава́ць сваіх паме́рлых.
23 І калі ўвайшоў Ён у лодку, за Ім увайшлі вучні Яго.
24 І вось, бура вялікая ўзняла́ся на моры, так што лодку захлíствалі хвалі; а Ён спаў.
25 І вучні Яго, падышоўшы, разбудзілі Яго, ка́жучы: Госпадзі! рату́й нас, гінем.
26 І Ён кажа ім: чаго вы такія баязлівыя, малаверы? Тады, устаўшы, забаранíў вятра́м і мору, і настала цíша вялікая.
27 А людзі, дзівíліся і казалі: хто Ён такі, што і вятры́, і мора слухаюцца Яго?
28 І калі прыплыў Ён на другі бераг, у краіну Гергесíнскую, сустрэлі Яго, вы́йшаўшы з магільных пячор, двое апанава́ных дэманамі, вельмі лю́тыя, так што ніхто не мог прахо́дзіць дарогаю тою.
29 І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Іісусе, Сыне Божы? прыйшоў Ты сюды дача́сна му́чыць нас.
30 А зводдаль ад іх пасвіўся вялікі ста́так свіне́й.
31 І дэманы прасілі Яго, ка́жучы: калі выганіш нас, то дазволь нам увайсці ў ста́так свіне́й.
32 І Ён сказаў ім: ідзіце. І вы́йшлі яны, і пайшлі ў ста́так свіне́й. І вось, кінуўся ўвесь ста́так свіне́й з кру́чы ў мора і загінуў у вадзе.
33 А пастухі паўцяка́лі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра тое, што зда́рылася з апанава́нымі дэманамі.
34 І вось, увесь горад вы́йшаў насу́страч Іісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад межаў іх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Евангелле паводле Матфея, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.