Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Мацьвея 26 Эвангельле Мацьвея 26 разьдзел

1 І сталася, калі Ісус скончыў усе́ гэтыя словы, то сказаў да вучняў Сваіх:
2 вы ве́даеце, што праз два дні будзе Пасха, і Сын Чалаве́чы вы́даны будзе на раскрыжава́ньне.
3 Тады сабраліся архірэі і кніжнікі і старшыя з народу на падворак архірэя іме́ньнем Кайяфа.
4 І ўмовіліся схапіць Ісуса хітрасьцяй і забіць.
5 Але казалі: толькі ня ў сьвята, каб не ўзьнялося абурэньне ў народзе.
6 Калі-ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага,
7 прыступілася да Яго жанчына з аляба́страваю судзінаю з але́ем мнагацэнным і паліла Яму на галаву, як ляжаў.
8 Углде́зіўшы гэтае, вучні Яго гне́валіся, кажучы: на што гэткае марнава́ньне?
9 Бо можна было-б прадаць гэты але́й за добрую цану і даць убогім.
10 Але Ісус, ве́даючы гэтае, сказаў ім: на што́ робіце прыкрасьць жанчы́не? яна добры ўчынак учыніла для Мяне́.
11 Бо ўбогіх заўсёды ма́еце з сабою, а Мяне́ не заўсёды ма́еце.
12 Паліўшы але́ем гэным це́ла Маё, яна ўчыніла на пахаваньне Маё.
13 Запраўды́ кажу вам: дзе́ будзе абвяшчацца Эвангельле гэтае па ўсім сьве́це, сказана будзе і аб тым, што́ яна зрабіла, на ўспамін аб ёй.
14 Тады адзін з дванаццацёх, называны Юда Іскарыёт, пайшоўшы да архірэяў,
15 сказаў: што́ хочаце даць мне́, і я вам вы́дам Яго? Яны вы́значылі ему трыццаць срыбнякоў.
16 І з таго часу ён шукаў наго́ды, каб выдаць Яго.
17 У пе́ршы-ж дзе́нь праснакоў прыйшлі вучні Ісуса і сказалі Яму: дзе́ хочаш прыгатаваць Табе́ е́сьці пасху?
18 Ён жа сказаў: пайдзе́це ў ме́ста да такога-і-такога і скажэце яму: Вучыцель кажа: час Мой блізкі; у цябе́ зро́блю пасху з вучнямі Маімі.
19 Вучні зрабілі, як загадаў ім Ісус; і прыгатавалі пасху.
20 Калі-ж настаў ве́чар, Ён узьлёг з дванаццацьма вучнямі.
21 І, калі яны е́лі, сказаў: запраўды́ кажу вам, што адзін з вас вы́дасьць Мяне́.
22 І, крэпка засумаваўшы, пачалі гаварыць Яму кожны з іх: ці ня я, Госпадзе?
23 Ён жа сказаў у адказ: той, хто памачыў са Мною руку ў місе, гэты вы́дасьць Мяне́.
24 Бо Сын Чалаве́чы прыходзе, як напісана аб Ім: але го́ра таму чалаве́ку, праз якога Сын Чалаве́чы прадае́цца; ляпе́й было-б гэтаму чалаве́ку не радзіцца.
25 Пры гэтым і Юда, што прада́ў Яго, сказаў: ці ня, я Равві? Ісус кажа яму: ты сказаў.
26 І, калі яны е́лі, Ісус, узяўшы хле́б і пабагаславіўшы, паламаў і даваў вучням ды сказаў: прыме́це, е́шце; гэта ёсьць це́ла Маё.
27 І, узяўшы ча́ру і аддаўшы хвалу́, падаў ім і сказаў: піце з яе́ ўсе́;
28 бо гэта ёсьць кроў Мая новага запаве́ту, якая ліе́цца за многіх дзеля дараваньня грахоў.
29 Кажу-ж вам, што адгэтуль ня буду піць ад пло́ду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.
30 І, запяяўшы, пайшлі на гару Аліўную.
31 Тады кажа ім Ісус: усе́ вы спаку́сіцеся дзеля Мяне́ ў гэту ноч, бо напісана: паражу́ пастуха́, і расьсе́юцца аве́чкі стада (Захарія 13:7).
32 Па ўваскрасе́ньні-ж Маім спаткаю вас у Галіле́і.
33 А Пётр сказаў Яму ў адказ: калі і ўсе́ спаку́сяцца дзеля Цябе́, я ніколі не паддамся спаку́се.
34 Ісус сказаў яму: запраўды́ кажу табе́, што ў гэту ноч, пе́рш, чымся прапяе́ пе́вень, тройчы адрачэшся ад Мяне́.
35 Кажа Яму Пётр: хаця-б прышлося мне́ і паме́рці з Табою, не адраку́ся ад Цябе́. Падобнае гаварылі і ўсе́ вучні.
36 Тады йдзе з імі Ісус на ме́сца, званае Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзе́це тут, пакуль Я пайду памалюся там.
37 І, узяўшы з Сабою Пятра і абодвух сыноў Завядзе́явых, зачаў тужыць і сумаваць.
38 Тады кажа ім Ісус: тужыць душа Мая аж да сьме́рці: пабудзьце тут і ня сьпіце са Мною.
39 І, адыйшоўшыся трохі, упаў на аблічча Сваё, маліўся і гаварыў: Аце́ц Мой! Калі магчыма, няхай абміне́ Мяне́ ча́ра гэтая; аднак, не́ як Я хачу, але як Ты.
40 І прыходзіць да вучняў і знаходзіць іх у сьне́, дый кажа Пятру: гэтак не маглі вы і аднае́ гадзіны ня спаць са Мною?
41 Ня сьпіце і маліцеся, каб ня ўпасьці ў спаку́су. Дух бадзёры, це́ла-ж нядужае.
42 І зноў, адыйшоўшыся другі раз, маліўся, кажучы: Аце́ц Мой! калі ня можа ча́ра гэтая абмінуць Мяне́, каб Мне́ ня піць яе́, няхай ста́нецца воля Твая!
43 І, прыйшоўшы, знаходзіць іх ізноў у сьне́; бо ў іх вочы абцяжэлі.
44 І, пакінуўшы іх, адыйшоўся ізноў і маліўся трэці раз, мовіўшы тое-ж слова.
45 Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсё яшчэ сьпіцё і спачываеце; вось настаў час, і Сын Чалаве́чы выдае́цца ў рукі грэшнікаў.
46 Устаньце, пойдзем: вось прыходзе той, што прадае́ Мяне́.
47 І, калі яшчэ гаварыў Ён, вось прыйшоў Юда, адзін з дванаццацёх, і з ім множства народу з мяча́мі ды кала́мі, ад архірэяў і старшых народных.
48 Прадаючы-ж Яго, даў ім знак, сказаўшы: каго я пацалую, той і ёсьць; бярэ́це Яго.
49 І ўраз, падыйшоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Равві! і пацалаваў Яго.
50 А Ісус сказаў яму: дру́жа, чаго ты прыйшоў? Тады падыйшлі і ўзлажылі рукі на Ісуса і ўзялі Яго.
51 І вось, адзін з быўшых з Ісусам, выцягнуўшы руку, дастаў ме́ч свой і, ударыўшы слугу архірэявага, адсе́к яму вуха.
52 Тады кажа яму Ісус: вярні ме́ч твой на яго ме́сца; бо ўсе́, узяўшыя ме́ч, ад мяча загінуць.
53 Ці думаеш, што Я не магу цяпе́р упрасіць Айца Майго, і Ён ня дасьць Мне́ бале́й дванаццацёх легіонаў Ангелаў?
54 Ды як жа збудзецца напíсанае, што гэта мусіць стацца?
55 У той час сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы з мяча́мі ды кала́мі браць Мяне́; кожны дзе́нь сядзе́ў я з вамі, навучаючы ў сьвятыні, і вы ня бралі Мяне.
56 Гэтае-ж усё сталася, каб збыліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе́ вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
57 А ўзяўшыя Ісуса, завялі Яго да Кайяфы, архірэя, куды сабраліся кніжнікі і старшыні.
58 Пётр жа сьле́даваў за Ім здалёк да падворка архірэйскага; і, увайшоўшы ў сярэдзіну, се́ў з слугамі, каб бачыць кане́ц.
59 Архірэі і старэйшыны ды ўве́сь сынэдрыон* шукалі фальшывых сьвядоцтваў проці Ісуса, каб забіць Яго.
60 І не знайшлі; і, хаця многа фальшывых сьве́дкаў прыходзіла, не знайшлі. Уканцы прыйшлі два фальшывыя сьве́дкі
61 і сказалі: Ён казаў: магу зруйнаваць царкву Божую і ў тры дні збудаваць яе́.
62 І, устаўшы, архірэй сказаў Яму: Ты нічога не адка́зваеш? Што яны проці Цябе́ сьве́дчаць?
63 Ісус маўчаў. І архірэй сказаў Яму: заклінаю Цябе́ Богам жывым, скажы нам, ці Ты — Хрыстос, Сын Божы?
64 Ісус кажа яму: ты сказаў; да таго кажу вам: адгэтуль убачыце Сына Чалаве́чага, се́дзячы з правага боку сілы і ідучы на воблаках нябе́сных.
65 Тады архірэй разьдзер адзе́жы свае́ і сказаў: Ён блюзьніць: на што нам яшчэ сьве́дкі? вось жа цяпе́р вы чулі хулу́ Яго.
66 Як вам здае́цца? Яны-ж сказалі ў адказ: варт сьме́рці.
67 Тады плява́лі Яму ў аблічча і ту́залі Яго; другія-ж білі Яго па шчо́ках
68 ды казалі: адгадай, Хрыстос, хто ўда́рыў Цябе́?
69 А Пётр сядзе́ў вонках на падворку, і падыйшла да яго служка ды сказала: і ты быў з Ісусам Галіле́янінам.
70 Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: ня ве́даю, што ты гаворыш.
71 Калі-ж ён выходзіў за вароты, уба́чыла яго другая, ды кажа быўшым там: гэты быў з Ісусам Назарэем.
72 І ён ізноў адрокся, прысягаючыся, што ня ве́дае чалаве́ка гэтага.
73 Крыху паждаўшы, падыйшлі туды стаяўшыя там і сказалі Пятру: запраўды, ты з іх, бо і гутарка твая выдае́ цябе́.
74 Тады ён зачаў клясьціся і бажы́цца, што ня ве́дае гэтага чалаве́ка. І ўраз-жа запяяў пе́вень.
75 І прыпомніў Пётр ска́занае яму Ісусам, як гаварыў: пе́рш, чымся пе́вень прапяе́, тройчы адрачэшся ад Мяне́. І, выйшаўшы вонкі, плакаў горка.

Каментары ці зноскі:

59 сынэдрыон — вярхоўны суд.
61 царква = храм.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 26 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.