2 да Карынфянаў 2 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Я пастанавіў сам у сабе, каб не ісці да вас зноў у смутку,
бо, калі я вас засмучаю, хто мяне парадуе, калі не той, хто быў мною засмучаны?
І пісаў я вам пра гэта, каб, прыбыўшы, не мець смутку ад тых, ад якіх належала радавацца, бо я перакананы адносна ўсіх вас, што мая радасць для ўсіх вас.
Бо з вялікім жалем і тугою сэрца ды са слязамі пісаў я вам не дзеля таго, каб засмуціць вас, але каб вы адчулі, якую вялікую любоў маю я, асабліва ж да вас.
Калі хто засмуціў, то не мяне засмуціў, але, каб лішне не сказаць, часткова і ўсіх вас.
Такому хопіць кары, вызначанай большасцю,
але лепш, каб вы такому даравалі ды суцешылі, каб празмерная згрызота яго не ахапіла.
Таму прашу вас, каб выказалі такому любоў.
З гэтаю мэтаю я пісаў, каб спазнаць вашу выпрабаванасць, ці ва ўсім вы паслухмяныя.
Каму вы даруеце, таму і я; бо і я, калі каму што дараваў, дык дараваў дзеля вас перад абліччам Хрыста,
каб не звёў нас шатан, бо думкі яго добра нам вядомы.
Калі я прыбыў у Трааду дзеля дабравесця Хрыстова і брама была мне адкрыта ў Госпадзе,
я не меў супакою духу майму, бо не спаткаў Ціта, брата майго. Таму я развітаўся з імі і падаўся ў Мацэдонію.
Хай будзе Богу падзяка за тое, што дае нам перамагаць у Хрысце заўсёды ды праз нас ва ўсякім месцы выяўляе водар пазнання Свайго.
Мы, вось, мілы Богу водар Хрыстоў сярод тых, што дасягаюць збаўлення, і сярод тых, што гінуць:
для адных — водар смерці на смерць, а для другіх — водар жыцця на жыццё. І хто здатны на гэта?
Бо мы не фальшуем Слова Божага, як многія, але прамаўляем шчыра, як ад Бога на віду Бога ў Хрысце.