2 да Карынфянаў 13 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Вось, я ўжо трэці раз выбіраюся да вас: «На вуснах двух або трох сведкаў угрунтуецца ўсякая справа».
 

Сказаў я ўжо і паўтараю, як быўшы ў вас за другім разам і непрысутны цяпер, тым, што ўжо раней зграшылі, ды ўсім іншым, што, калі зноў прыбуду, не пашкадую,
 

бо вы шукаеце доказаў на тое, ці гаворыць ува мне Хрыстос, Які не слабы адносна вас, але моцны ў вас.
 

Хоць Ён быў укрыжаваны ў кволасці, аднак жыве моцай Божай. І мы таксама бяссільныя ў Ім, але жыць будзем з Ім моцай Божай у вас.
 

Самі сябе даследуйце, ці трымаецеся веры; самі сябе выпрабуйце. Ці не ведаеце аб саміх сабе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба толькі вы нягодныя?
 

Спадзяюся, што пазнаеце, што мы не нягодныя.
 

Таму просім Бога, каб вы нічога благога не рабілі, не дзеля таго, каб мы паказаліся годнымі, але дзеля таго, каб вы рабілі дабро, а мы былі быццам бы нягодныя.
 

Бо не можам нічога супраць праўды, але для праўды.
 

Бо мы цешымся, калі мы слабыя, а вы дужыя; аб гэтым жа і молімся — аб вашай дасканаласці.
 

Таму, вось, адсутны, я пішу, каб прысутны ў вас не мусіў паступаць больш сурова, па ўладзе, якую даў мне Госпад на збудаванне, а не на руйнаванне.
 

Урэшце, браты, радуйцеся, будзьце дасканалымі, суцяшайце адзін аднаго, будзьце адной думкі, майце супакой, і Бог любові і супакою хай будзе з вамі.
 

Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе святыя.
 

Ласка Госпада Ісуса Хрыста, і любоў Бога, і лучнасць Духа Святога з усімі вамі. Амін.