2 да Карынфянаў 13 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Вось, я ўжо трэці раз выбіраюся да вас: «На вуснах двух або трох сведкаў угрунтуецца ўсякая справа».
Вось ужо трэці раз я іду да вас: вуснамі двух ці трох сведкаў пацве́рдзіцца кожнае слова.
Сказаў я ўжо і паўтараю, як быўшы ў вас за другім разам і непрысутны цяпер, тым, што ўжо раней зграшылі, ды ўсім іншым, што, калі зноў прыбуду, не пашкадую,
Я раней гаварыў і кажу на будучае, — як тады, калі быў прысутны другі раз, так і цяпер, будучы адсутным, — пішу тым, якія раней саграшылі, і астатнім усім, што, як зноў прыйду, то не дам літасці,
бо вы шукаеце доказаў на тое, ці гаворыць ува мне Хрыстос, Які не слабы адносна вас, але моцны ў вас.
паколькі вы шукаеце доказу, што ўва мне гаворыць Хрыстос, Які не бяссільны ў адносінах да вас, а ма́е сілу ў вас.
Хоць Ён быў укрыжаваны ў кволасці, аднак жыве моцай Божай. І мы таксама бяссільныя ў Ім, але жыць будзем з Ім моцай Божай у вас.
Бо хоць Ён і быў распяты ў немачы, але жывы́ сілаю Божаю; таксама і мы, хоць і немачныя ў Ім, але будзем жывы́я з Ім сілаю Божаю ў вас.
Самі сябе даследуйце, ці трымаецеся веры; самі сябе выпрабуйце. Ці не ведаеце аб саміх сабе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба толькі вы нягодныя?
Правярайце саміх сябе, ці ў веры вы; саміх сябе выпрабоўвайце. Няўжо вы не ведаеце саміх сябе, што Іісус Хрыстос — у вас? Хіба толькі вы — нявартыя.
Спадзяюся, што пазнаеце, што мы не нягодныя.
Пра нас жа, спадзяюся, даведаецеся, што мы не нявартыя.
Таму просім Бога, каб вы нічога благога не рабілі, не дзеля таго, каб мы паказаліся годнымі, але дзеля таго, каб вы рабілі дабро, а мы былі быццам бы нягодныя.
Молім Бога, каб вы не рабілі ніякага зла, не дзеля таго, каб нам паказацца вартымі, але каб вы рабілі дабро, а мы як нявартыя былі.
Бо не можам нічога супраць праўды, але для праўды.
Бо мы не маем сілы супраць ісціны, а толькі за ісціну.
Бо мы цешымся, калі мы слабыя, а вы дужыя; аб гэтым жа і молімся — аб вашай дасканаласці.
Мы радуемся, калі мы немачныя, а вы моцныя; за гэта і молімся, за ваша ўдасканаленне.
Таму, вось, адсутны, я пішу, каб прысутны ў вас не мусіў паступаць больш сурова, па ўладзе, якую даў мне Госпад на збудаванне, а не на руйнаванне.
Дзеля таго я і пішу гэта, будучы адсутным, каб, прысутнічаючы, не дзейнічаць сурова сілаю ўлады, якую Гасподзь даў мне на стварэнне, а не на разбурэнне.
Урэшце, браты, радуйцеся, будзьце дасканалымі, суцяшайце адзін аднаго, будзьце адной думкі, майце супакой, і Бог любові і супакою хай будзе з вамі.
Дык вось, браты, радуйцеся, удасканальвайцеся, суцяшайцеся, будзьце аднадумнымі, захоўвайце мір, — і Бог любові і міру будзе з вамі.
Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе святыя.
Вітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе святыя.
Ласка Госпада Ісуса Хрыста, і любоў Бога, і лучнасць Духа Святога з усімі вамі. Амін.
Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста, і любоў Бога Айца, і супольнасць Святога Духа з усімі вамі. Амінь.