2 да Карынфянаў 9 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Аб паслузе, якая робіцца для святых, лішне мне пісаць вам,
 
А пра служэнне святым няма мне патрэбы пісаць вам,

бо ведаю пра вашу ахвоту, дзеля якой хвалюся вамі сярод мацэдонцаў, што Ахая прыгатавана ад мінулага года, і так ваша руплівасць заахвоціла многіх.
 
бо ведаю шчыры намер ваш і таму хвалюся вамі перад Македонцамі, што Ахаія была гатова з мінулага года, і ваш запа́л натхніў многіх.

Паслаў жа я братоў, каб у гэтым выпадку мая пахвальба вамі не была пустой, але, як ужо казаў, былі вы прыгатаванымі.
 
Братоў жа я паслаў для таго, каб наша пахвала вамі ў гэтай справе не аказалася марнай, а, як я казаў, каб вы былі гатовы,

Бо, калі прыйдуць са мною мацэдонцы і застануць вас непрыгатаванымі, каб мы не асароміліся, — не буду казаць «вы», — пахваліўшыся з гэткаю пэўнасцю.
 
і калі прыйдуць са мною Македонцы і знойдуць вас негатовымі, каб не былі пасаромлены мы — не кажу «вы», — пахваліўшыся з такой упэўненасцю.

Дык вось, палічыў я патрэбным прасіць братоў, каб яны выйшлі да вас перад намі ды загадзя паклапаціліся пра абяцанае вамі дабраславенства, каб было яно прыгатавана так, як дабраславенства, а не як прымус.
 
Таму я палічыў неабходным упрасіць братоў прыйсці да вас раней і за́гадзя паклапаціцца, каб абяца́нае ўжо ахвяраванне ваша было гатова як ахвяраванне, а не як пабо́р.

Бо так ёсць: хто скупа сее, той скупа і сажне, а хто шчодра сее, той шчодра і жаць будзе.
 
Але вось што: хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.

Таму хай кожны мяркуе па сваім сэрцы, не шкадуючы і не змушаючы сябе, бо таго, хто з радасцю дае, любіць Бог.
 
Кожны няхай робіць, як падказвае сэ́рца, не з жалем ці па прыму́су, бо хто з радасцю дае, таго лю́біць Бог.

Магутны Бог можа шчодра ўзбагаціць вас усякімі ласкамі, каб усюды і ва ўсім мелі вы усякі дастатак ды каб вы былі багатыя на ўсякую добрую справу,
 
А Бог мае сілу ўзбагаціць вас усялякай благадаццю, каб вы, заўсёды ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатымі на ўсякую добрую справу,

як напісана: «Падзяліў ён, даў убогім, справядлівасць яго трывае ў векі вечныя».
 
як напісана: «шчодра раздаў, надзяліў бедных; праведнасць яго застаецца давеку».

А Той, Хто дае насенне сейбіту, дасць і хлеб для яды, ды зерне ваша размножыць, і павялічыць ураджай справядлівасці вашай,
 
А Хто дае насенне сейбіту і хлеб на ежу, Той дасць багаты плён пасе́янаму вамі і ўзросціць плады праведнасці вашай,

каб вы былі багатыя ўсім, поўныя шчодрасці, якая праз нас учыняе падзяку Богу, —
 
каб вы ўсім багатыя былі на ўсялякую шчодрасць, якая праз нас учыня́е падзяку Богу.

бо выкананне гэтага служэння не толькі папаўняе тое, чаго не хапае святым, але і багатае многімі падзякамі Богу.
 
Бо справа служэння гэтага не толькі пакрыва́е няста́чу, якая ёсць у святых, але і выкліка́е ў многіх вялікую падзяку Богу;

Дык, дасведчыўшы такое служэнне, яны хваляць Бога за тое, што вы паслухмяныя ў вашым вызнанні Евангелля Хрыста, ды за шчырую лучнасць з імі і з усімі,
 
у выніку служэння гэтага яны праслаўляюць Бога за вашу пакорнасць ў вызна́нні Евангелля Хрыстовага і за шчырае ядна́нне з імі і з усімі,

і ў сваіх маленнях за вас выяўляюць прыхільнасць да вас дзеля шчодрай у вас ласкі Бога.
 
і ў сваёй малітве за вас яны зычлівыя да вас за шчодрую благадаць Божую ў вас.

Хай будзе падзяка Богу за невымоўны дар Яго!
 
Дзякуем Богу за невымоўны дар Яго.