2 да Карынфянаў 8 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Паведамляем вам, браты, пра тую ласку Божую, што была дадзена цэрквам мацэдонскім,
 
Паведамляем вам, браты, пра благадаць Божую, да́дзеную цэрквам Македонскім;

як у цяжкім выпрабаванні прыгнётам вялікая радасць іх і надзвычайная беднасць іх выявілася багаццем прастаты.
 
пра тое, што ў ця́жкім выпрабава́нні бе́дамі яны маюць вялікую радасць, і пры крайняй беднасці сваёй вы́явілі багацце сваёй шчырасці;

Яны, сведчу, па магчымасці, ды нават звыш магчамасці, былі добраахвотнымі,
 
бо яны па сілах, — сведчу я, — ды і звыш сіл, былí шчодрымі:

вельмі прасілі нас прыняць дар і супольнасць служэння для святых.
 
яны вельмі прасілі нас прыня́ць дар і дазволіць іх удзел у служэнні святым;

І яны звыш нашага спадзявання ахвяравалі сябе саміх найперш Госпаду, а затым нам па волі Божай.
 
і нават не так было, як мы спадзяваліся, але яны саміх сябе аддалí найперш Госпаду, а потым і нам, па волі Божай;

Дзеля таго мы прасілі Ціта, каб ён, як гэта ўжо пачаў, так і завяршыў гэтую ласку і ў вас.
 
таму мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і завяршы́ў у вас дабрадзе́янне гэтае.

І як вы ва ўсім былі багатымі, у веры, у слове, у ведах, ва ўсякай руплівасці, у любові сваёй да нас, каб і ў гэтай ласцы былі багатымі.
 
А паколькі вы ўсім багатыя: вераю, і словам, і ведамі, і ўсёю руплíвасцю, і вашаю да нас любоўю, — то ўзбагача́йце сябе і гэтым дабрадзе́яннем.

Кажу гэта не як загад, але выпрабоўваючы руплівасцю іншых прыроджаную дабрачыннасць вашай любові.
 
Кажу гэта не як загад, але праз руплíвасць іншых выпрабоўваю шчырасць і вашай любові.

Бо вы ведаеце ласку Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які, будучы багатым, дзеля вас стаўся бедным, каб Сваёю беднасцю вас узбагаціць.
 
Бо вы ведаеце благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста, што Ён, будучы багатым, зрабіўся бедным дзеля вас, каб вы праз Яго беднасць ўзбагаціліся.

І я даю параду ў гэтым. Бо гэта карысна для вас, якія не толькі рабіць, але і хацець перш пачалі ў мінулым годзе.
 
І я выказваю меркаванне пра гэта, бо гэта на карысць вам, якія не толькі пачалі рабіць, але і жадалі гэтага яшчэ з мінулага года.

Давядзіце цяпер гэтую справу да канца, каб, чаго ахвотна жадалі, выканалі паводле таго, што маеце.
 
А цяпер завяршы́це справу, каб тое, чаго вы шчыра жадалі, і заве́ршана было зыходзячы з таго, што вы маеце.

Бо калі ёсць ахвота, яна выяўляецца па тым, хто што мае, а не па тым, чаго хто не мае.
 
Бо калі ёсць шчыры намер, то ён прымаецца паводле таго, што нехта ма́е, а не паводле таго, чаго не ма́е.

Бо не на тое, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасць.
 
Ды не так, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб было́ пароўну.

Хай цяпер ваша багацце пакрые іх нястачу, каб таксама іх багацце ў свой час дапоўніла вашу нястачу, каб так была роўнасць,
 
У цяперашні час ваш дастатак пакрывае іх нястачу, каб потым і іх дастатак пакрыў вашу нястачу, каб было́ пароўну,

як напісана: «Хто сабраў многа, не меў лішняга, а хто мала — не меў нястачы».
 
як напісана: «у каго было многа, той не меў лішняга, і ў каго мала, той не меў нястачы».

Дзякуй Богу, які ў сэрцы Ціта абудзіў такую руплівасць пра вас,
 
Дзякуем Богу, Які ўклаў такі руплíвасць у адносінах да вас у сэрца Ціта;

бо не толькі прыняў маю просьбу, але, будучы вельмі дбалым, добраахвотна выбраўся да вас.
 
бо ён і просьбу нашу прыняў, і, будучы вельмі руплівым, па сваёй волі адправіўся да вас.

Разам з ім паслалі мы брата, што славіцца за абвяшчэнне Евангелля па ўсіх цэрквах,
 
Разам з ім мы паслалі таксама брата, якога ва ўсіх цэрквах хваляць за дабравесце,

і не толькі гэта, але ён цэрквамі прызначаны быць таварышам нашага падарожжа з гэтай ласкай, якою мы служым на славу Госпада і дбаласці вашай,
 
які, акрамя таго, і быў упаўнаважаны цэрквамі спадарожнічаць нам дзеля справы дабрачыннасці гэтай, якой мы служым на славу Самога Госпада і дзякуючы шчырасці вашай;

высцерагаючыся, каб нас хто не дакараў дзеля такога мноства даручанага нашаму служэнню.
 
зрабілі мы гэта, каб ніхто не нарака́ў на нас пры такім мностве ахвяраванняў, даве́раных нам;

Бо мы дбаем аб добрым не толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
 
бо мы дбаем пра добрае не толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.

І паслалі мы з імі брата нашага, дбайнасць якога шмат у чым выпрабавалі і які цяпер яшчэ больш дбайны дзеля вялікага спадзявання на вас.
 
Мы паслалі разам з імі таксама брата нашага, руплівасць якога мы шмат разоў вы́прабавалі ў многім, а цяпер ён яшчэ больш руплівы з-за вялікай упэўненасці ў вас.

Што да Ціта, дык ён — мой таварыш і для вас памочнік; а браты нашы — пасланцы цэркваў, слава Хрыста.
 
Што датычыць Ціта, то ён — мой таварыш, і для вас — супрацоўнік, а што да братоў нашых, то яны — пасланцы́ цэркваў, слава Хрыстова.

Дык пакажыце ім доказ вашай любові і нашай пахвальбы вамі перад абліччам цэркваў.
 
Дык вось, перад абліччам цэркваў дайце ім доказ любові вашай і таго, што мы справядліва хва́лімся вамі.