2 да Карынфянаў 8 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Паведамляем вас, браты, аб ласцы Божай, што дадзена цэрквам Македонскім;
Паведамляем вам, браты, пра благадаць Божую, да́дзеную цэрквам Македонскім;
бо ў вялікай спробе горам у іх паддастаткам радасьцяў, і глыбокая ўбогасьць іх мае паддастаткам багацьця іх прастаты,
пра тое, што ў ця́жкім выпрабава́нні бе́дамі яны маюць вялікую радасць, і пры крайняй беднасці сваёй вы́явілі багацце сваёй шчырасці;
бо яны дабрахотлівыя па сілам і цераз сілу — я сьведчу гэта.
бо яны па сілах, — сведчу я, — ды і звыш сіл, былí шчодрымі:
Яны ве́льмі прасілі нас прыняць дар і ўчасьце іх у служэньні сьвятым;
яны вельмі прасілі нас прыня́ць дар і дазволіць іх удзел у служэнні святым;
ды ня толькі, як мы спадзяваліся, але яны аддалі сябе́ пе́рш Госпаду, дый і нам па волі Божай;
і нават не так было, як мы спадзяваліся, але яны саміх сябе аддалí найперш Госпаду, а потым і нам, па волі Божай;
дзеля гэтага мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і дакончыў у вас і гэтую ласку.
таму мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і завяршы́ў у вас дабрадзе́янне гэтае.
А як вы багатыя ўсім: ве́раю і словам, і ве́даю, і ўсякай дбаласьцяй, і любоўю вашаю да нас, дык і ў гэтай ласцы ме́йце дастатак.
А паколькі вы ўсім багатыя: вераю, і словам, і ведамі, і ўсёю руплíвасцю, і вашаю да нас любоўю, — то ўзбагача́йце сябе і гэтым дабрадзе́яннем.
Кажу гэта не як загад, але дбаласьцяй другіх выпрабо́вую шчырасьць і вашай любві.
Кажу гэта не як загад, але праз руплíвасць іншых выпрабоўваю шчырасць і вашай любові.
Бо вы ве́даеце ласку Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, быўшы багатым, абядне́ў дзеля вас, каб вы Яго ўбожствам разбагаце́лі.
Бо вы ведаеце благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста, што Ён, будучы багатым, зрабіўся бедным дзеля вас, каб вы праз Яго беднасць ўзбагаціліся.
Я даю ў гэтым раду: бо гэта карысна вам, якія ня толькі рабіць, але й жадаць пе́рш пачалі з ле́ташняга году.
І я выказваю меркаванне пра гэта, бо гэта на карысць вам, якія не толькі пачалі рабіць, але і жадалі гэтага яшчэ з мінулага года.
Цяпе́р-жа й канчайце рабіць, каб, як была ахвота жадаць, гэтак і закончыць водле магчымасьці.
А цяпер завяршы́це справу, каб тое, чаго вы шчыра жадалі, і заве́ршана было зыходзячы з таго, што вы маеце.
Бо, калі ёсьць ахвота, дык яна прые́мна водле таго, як хто ма́е, а не водле таго, як ня мае.
Бо калі ёсць шчыры намер, то ён прымаецца паводле таго, што нехта ма́е, а не паводле таго, чаго не ма́е.
Бо не на тое, каб другім было палягчэньне, а вам цяжар, але каб была роўнасьць.
Ды не так, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб было́ пароўну.
Цяпе́р вам дастатак дзеля іх недастатку, каб і іх дастатак быў дзеля вашага недастатку; каб была роўнасьць,
У цяперашні час ваш дастатак пакрывае іх нястачу, каб потым і іх дастатак пакрыў вашу нястачу, каб было́ пароўну,
як напісана: Хто (сабраў) многа, ня ме́ў лішніцы; і хто — мала, ня ме́ў недастатку (Выхад 16:18).
як напісана: «у каго было многа, той не меў лішняга, і ў каго мала, той не меў нястачы».
Дзякуй Богу, які паклаў у сэрца Цітава гэткую дбаласьць аб вас;
Дзякуем Богу, Які ўклаў такі руплíвасць у адносінах да вас у сэрца Ціта;
бо і просьбу прыняў, і, сам больш дбалы, свае́й ахвотай пайшоў да вас.
бо ён і просьбу нашу прыняў, і, будучы вельмі руплівым, па сваёй волі адправіўся да вас.
З ім паслалі мы таксама брата, у-ва ўсіх цэрквах хвалёнага за дабраве́шчаньне;
Разам з ім мы паслалі таксама брата, якога ва ўсіх цэрквах хваляць за дабравесце,
дый ня толькі тое, але ён і выбраны ад цэркваў, таварыш наш з тэй ласкай, якой мы служылі на славу Самога Госпада і на вашае жаданьне,
які, акрамя таго, і быў упаўнаважаны цэрквамі спадарожнічаць нам дзеля справы дабрачыннасці гэтай, якой мы служым на славу Самога Госпада і дзякуючы шчырасці вашай;
высьцерагаючыся, каб не наракаў на нас хто за гэткае множства да́раў, якімі мы служым,
зрабілі мы гэта, каб ніхто не нарака́ў на нас пры такім мностве ахвяраванняў, даве́раных нам;
бо мы думаем аб добрым ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
бо мы дбаем пра добрае не толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
Ды паслалі мы з імі і брата нашага, якога дбаласьць мнагакротна выпрабавалі шмат у чым, які цяпе́р яшчэ больш дбалы ў вялікай надзе́і на вас.
Мы паслалі разам з імі таксама брата нашага, руплівасць якога мы шмат разоў вы́прабавалі ў многім, а цяпер ён яшчэ больш руплівы з-за вялікай упэўненасці ў вас.
Што-ж да Ціта, дык гэта — мой таварыш і вам памочнік; а што да братоў нашых, дык яны — пасланцы цэркваў, слава Хрыстовая.
Што датычыць Ціта, то ён — мой таварыш, і для вас — супрацоўнік, а што да братоў нашых, то яны — пасланцы́ цэркваў, слава Хрыстова.
Дык перад абліччам цэркваў пакажыце ім доказ любві вашай і (справядлівасьць) пахвальбы нашае вамі.
Дык вось, перад абліччам цэркваў дайце ім доказ любові вашай і таго, што мы справядліва хва́лімся вамі.