2 да Карынфянаў 3 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Няўжо-ж пачынаць нам ізноў знаёміцца? Няўжо-ж патрэбны для нас, як для некаторых, паручаючыя лісты да вас, ці паручаючыя ад вас?
Хіба мы зноў пачынаем прадстаўляць сябе́ Няўжо патрэбны нам, як некаторым, рэкамендацыйныя пасланні да вас ці ад вас?
Вы — наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які пазнаюць і чытаюць усе́ людзі;
Вы — наша пасланне, якое напісана ў сэрцах нашых, якое пазнаю́ць і чытаюць усе людзі;
вы пака́зваеце сабою праз служэньне нашае, што вы — ліст Хрыстовы, напісаны не́ чарніламі, але Духам Бога Жывога, не на каме́нных табліцах, але на цяле́сных табліцах сэрца.
вы паказваеце сабою, што вы — пасланне Хрыстова, якое з’явілася плёнам служэння нашага і напісана не чарнілам, а Духам Бога Жывога, не на скрыжалях каменных, а на плоцевых скрыжалях сэрца.
Гэтакую пэўнасьць мы маем у Богу праз Хрыста
Такую ўпэўненасць мы маем перад Богам праз Хрыста,
не затым, што мы здольныя думаць не́шта ад сябе́, быццам із сябе́, але здольнасьць нашая ад Бога:
не таму, што мы здольны самі па сабе падумаць нешта, нібы́та самі ад сябе, але здольнасць наша ад Бога,
Ён даў нам здольнасьць быць слугамі Новага Запаве́ту, ня літары, але духа, бо літара забівае, а дух ажыўляе.
Які і зрабіў нас здольнымі быць служыцелямі Новага Запавету, не літары, а духу, бо літара забівае, а дух ажыўляе.
Калі-ж служэньне сьме́рці ў літарах, выкаванае на камнях, было ў слове, ажно сыны Ізраілявы не маглі глядзе́ць на аблічча Майсе́явае праз славу аблічча яго, якая мінае,
Калі ж служэнне смерці, літарамі высечанае на камянях, было такім слаўным, што сыны Ізраілевы не маглі глядзець на твар Маісея з-за славы твару яго мінучай,
дык ці ня шмат бале́й будзе ў славе служэньне духа?
то наколькі больш слаўным будзе служэнне духу?
Бо, калі служэньне асуджэньня есьць слава, дык шмат бале́й багата славаю служэньне апраўданьня.
Бо калі служэнне асуджэння слаўнае, то намнога больш напоўнена славаю служэнне апраўдання.
Дый услаўленае наве́т ня слаўнае ў тэй ме́ры з прычыны славы, што мае выявіцца.
І вось, праслаўленае не з’яўляецца слаўным па гэтай прычыне, з-за славы, якая перавышае.
Бо, калі слаўна тое, што мінае, тым балей у славе, што астае́цца.
Бо калі мінучае ма́е славу, то тым большую славу ма́е тое, што застае́цца.
Дык, маючы вось гэткую надзе́ю, паступаем з вялікай адвагаю.
Маючы такую надзею, мы дзейнічаем з вялікай адвагай,
Але ня так, як Майсе́й, які пакрываў аблічча свае́, каб сыны Ізраілявы не пазіралі на канец таго, што мінае.
а не так, як Маісей, які накладаў покрыва на твар свой, каб сыны Ізраілевы не глядзелі на заканчэнне мінучага.
Але зацьміліся розумы іх, бо тая-ж заслона да сягоньняшняга дня астае́цца нязьнятай пры чытаньні старога запаве́ту, бо яна ў Хрысьце́ зьніштажаецца.
Але розум ў іх закамянеў: бо тое самае покрыва дагэтуль застаецца нязнятым пры чытанні Старога Запавету, паколькі яно здымаецца Хрыстом.
Дагэтуль, калі яны чытаюць Майсе́я, заслона ляжыць на сэрцах іхніх;
Дагэтуль, калі яны чытаюць Маісея, покрыва ляжыць на сэрцы іх;
але, калі зварачаюцца да Госпада, заслона здымаецца.
але калі хто звяртаецца да Госпада, то покрыва здымаецца.
Бо Госпад ёсьць Дух; а гдзе́ Дух Гасподні, там свабода.
Гасподзь — гэта Дух, а дзе Дух Гасподні, там свабода.
Мы-ж усе́, адкрытым абліччам, як у люстры, пазіраючы на славу Гасподню, перамяняемся ў той жа абра́з ад славы ў славу, як ад Гасподняга Духа.
Мы ж усе, з адкрытым тварам сузіраючы, як у люстэрку, славу Гасподнюю, перамяняемся ў той самы вобраз ад славы ў славу, паводле Гасподняга Духа.