Лукаша 1 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Паколькі многія ўжо спрабавалі скласці аповед пра падзеі, якія ў нас адбыліся,
 
Паколькі ўжо многія ўзялíся склада́ць аповесць пра падзеі, якія сярод нас адбылíся,

як пераказалі нам тыя, што ад пачатку самі бачылі і былі паслугачамі Слова,
 
як перадалí нам тыя, што ад пачатку былí відаво́чцамі і служы́целямі Слова,

таксама і я, старанна разгледзеўшы ўсё ад пачатку, рашыўся па парадку апісаць табе, годны Тэафіле,
 
прыйшло на думку і мне, дакладна дасле́даваўшы ўсё ад пачатку, паслядоўна апісаць табе, высокашаноўны Фео́філе,

каб ты ўсведаміў непарушнасць слоў, у якіх ты быў навучаны.
 
каб ты спазна́ў цвёрдую аснову таго вучэ́ння, у якім быў наста́ўлены.

У дні Ірада, цара Юдэі, жыў адзін святар на імя Захарыя, з Абіявай чаргі. Ён меў жонку, з дачок Ааронавых, імя яе Лізавета.
 
Быў у дні Ірада, цара Іудзейскага, адзін святар íмем Заха́рыя, з Авíевай чаргí; і жонка яго з роду Ааро́навага, імя́ ёй Елісавета.

Яны абое былі справядлівымі перад Богам, беззаганна спаўняючы ўсе пастановы і прыказанні Госпадавы.
 
Былí яны абое праведныя перад Богам, жывучы́ паводле ўсіх за́паведзяў і ўстанаўле́нняў Гасподніх беззага́нна.

Ды не мелі дзіця, бо Лізавета была няплоднай, а абое былі ўжо на схіле дзён сваіх.
 
І не ме́лі яны дзіця́ці, бо Елісавета была́ няплодная, і абое былí ўжо на схíле гадоў сваіх.

І сталася, калі ён адбываў службу святарскую перад Богам у сваёй чарзе,
 
І ста́лася: калі ў парадку сваёй чаргí ён служыў перад Богам,

па жэрабі, як была традыцыя ў святароў, выпала яму ўвайсці ў святыню Госпадаву для каджэння,
 
вы́пала яму, паводле звы́чаю святарскага, кадзíць, увайшоўшы ў храм Гасподні,

а ўсё мноства народа ў час каджэння малілася звонку.
 
а ўсё мноства людзей малілася зво́нку ў час каджэ́ння;

І з’явіўся перад ім Анёл Госпадаў, стоячы па правым баку ахвярніка каджэння,
 
і явіўся яму Ангел Гасподні, сто́ячы справа ад кадзíльнага ахвя́рніка;

дык Захарыя стрывожыўся, бачачы [гэта], ды [вялікі] страх ахапіў яго.
 
і суме́ўся Заха́рыя, убачыўшы, і страх напаў на яго.

Тады Анёл прамовіў да яго: «Не бойся, Захарыя, бо пачута маленне тваё, вось жа, жонка твая Лізавета народзіць табе сына, і назавеш яго Янам.
 
Але Ангел сказаў яму: не бойся, Заха́рыя, бо пачу́та малітва твая, і жонка твая Елісавета наро́дзіць табе сына, і назавеш яго íмем Іаан,

Ды будзе табе радасць і пацеха, ды многія будуць радавацца з яго нараджэння.
 
і будзе табе радасць і весялосць, і многія нараджэ́нню яго ўзрадуюцца;

Ён будзе вялікім на віду Госпада, і не будзе піць віна і сіцэры, ды яшчэ ад улоння маці сваёй будзе напоўнены Духам Святым,
 
бо ён будзе вялікі перад Госпадам; і не будзе піць віна́ і сíкеру; і Духам Святым напоўніцца яшчэ ва ўлонні маці сваёй;

і многіх сыноў Ізраэля наверне да Госпада, Бога іх.
 
і многіх з сыноў Ізра́ілевых зве́рне да Госпада Бога іх;

І пройдзе перад Ім у духу і магутнасці Іллі, каб звярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, а непаслухмяных — да мудрасці справядлівых, каб падгатаваць Госпаду народ падрыхтаваны».
 
і будзе ісці перад Ім у духу і сіле Іліí, каб вярну́ць сэ́рцы бацькоў да дзяцей, і непакорлівых да мудрасці праведных, каб падрыхтава́ць Госпаду народ гатовы.

І сказаў Захарыя Анёлу: «З чаго я магу гэта ведаць? Бо я стары, і жонка мая на схіле дзён сваіх».
 
І сказаў Заха́рыя Ангелу: па чым я пазна́ю гэта? бо я стары́, і жонка мая́ на схíле гадоў сваіх.

І, адказваючы, сказаў яму Анёл: «Я — Габрыэль, што стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і абвясціць табе гэтую радасную вестку.
 
І сказаў яму Ангел у адказ: я Гаўрыíл, што стаю перад Богам і пасла́ны гаварыць з табой і дабраве́сціць табе гэта;

І вось, ты будзеш нямым ды не будзеш магчы гаварыць аж да дня, у які гэта здзейсніцца, таму што ты не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час».
 
і вось, будзеш маўчаць і не зможаш гаварыць да таго дня, калі збу́дзецца гэта, за тое, што ты не паверыў сло́вам маім, якія здзе́йсняцца ў свой час.

І народ чакаў Захарыю, і дзівіліся, што ён так доўга марудзіць у святыні.
 
І чакаў народ Заха́рыю і здзіўляўся, што ён мару́дзіць у храме.

Выйшаўшы, ён не мог да іх прамаўляць, дык пазналі, што ён бачыў з’яву ў святыні. А ён падаваў ім знакі і заставаўся нямым.
 
Ён жа, вы́йшаўшы, не мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў відзе́нне ў храме; а ён рабіў ім знакі, і заставаўся нямы́м.

І сталася, калі скончыліся дні службы яго, ён вярнуўся ў дом свой.
 
І ста́лася: калі скончыліся дні служэ́ння яго, пайшоў ён у дом свой.

А праз некалькі дзён жонка яго, Лізавета, пачала дзіця; і пяць месяцаў хавалася, кажучы:
 
Пасля гэтых дзён зачала́ Елісавета, жонка яго, і таíлася пяць месяцаў, і гаварыла:

«Гэта ўчыніў мне Госпад у дні, у якія зірнуў на мяне, каб зняць ганьбу маю сярод людзей».
 
так зрабіў мне Гасподзь у дні, калі спагля́нуў, каб зняць з мяне́ га́ньбу сярод людзе́й.

А ў шосты месяц быў пасланы Богам Анёл Габрыэль у горад у Галілеі, званы Назарэт,
 
А ў шосты месяц пасла́ны быў Ангел Гаўрыíл ад Бога ў горад Галіле́йскі пад назвай Назарэ́т

да Дзевы, заручанай мужу, які меў імя Язэп, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.
 
да Дзевы, зару́чанай з мужам, імя́ якому Іосіф, з дому Давíдавага; а імя́ Дзевы — Марыя.

Увайшоўшы да Яе, Анёл прывітаў: «Радуйся, ласкі поўная, дабраславёная Ты між жанчынамі, Госпад з Табою».
 
І, увайшоўшы да Яе, Ангел сказаў: радуйся, Благадатная! Гасподзь з Табою; благаславёная Ты сярод жанчын.

А Яна стрывожылася словам яго і думала, што гэта за прывітанне такое?
 
Яна ж, убачыўшы яго, збянтэ́жылася ад слова яго і разважа́ла, што́ ж гэта за віта́нне.

І гаворыць Ёй Анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Бога.
 
І сказаў Ёй Ангел: не бойся, Марыя, бо Ты знайшла благадаць у Бога.

І вось, пачнеш ва ўлонні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус.
 
І вось, зачне́ш ва ўло́нні, і наро́дзіш Сы́на, і дасí Яму імя́: Іісус.

Ён будзе вялікім і Сынам Узвышняга будзе названы, і дасць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Яго;
 
Ён будзе вялікі, і Сы́нам Усявышняга будзе назва́ны, і дасць Яму Гасподзь Бог прастол Давіда, бацькі Яго;

і будзе Ён валадарыць над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца».
 
і будзе царстваваць над домам Іакава давеку, і Царству Яго не будзе канца.

Марыя ж сказала Анёлу: «Як гэта можа стацца, калі Я мужа не спазнала?»
 
І сказала Марыя Ангелу: як будзе гэта, калі Я мужа не знаю?

І, адказваючы, Анёл сказаў Ёй: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Узвышняга агарне Цябе. Таму, што з Цябе народзіцца, Святое, назавецца Сынам Божым.
 
Сказаў Ёй Ангел у адказ: Дух Святы найдзе́ на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне́ Цябе; таму і Святое, што наро́дзіцца, Сы́нам Божым будзе назва́на;

І вось сваячка Твая, Лізавета, і яна пачала дзіця ў старасці сваёй, і ўжо шосты месяц у той, якую завуць няплоднай,
 
і вось, Елісавета, сваячка Твая, і яна зачала́ сына ў старасці сваёй, і гэта ўжо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай;

бо ў Бога не бывае немагчымым ніводнае слова».
 
бо не застане́цца бяссíльным у Бога ніводнае слова.

Марыя ж сказала: «Вось жа, Я — служка Госпадава, хай Мне станецца паводле твайго слова». І Анёл адышоў ад Яе.
 
Тады сказала Марыя: вось, Я — раба Гасподняя; няхай будзе Мне па слову твайму. І адышоў ад Яе Ангел.

У тыя дні Марыя, устаўшы, пайшла паспешліва ў горы, у горад Юды.
 
І ўстаўшы, Марыя ў тыя дні пайшла з паспе́шнасцю ў горны край, у горад Іу́даў;

І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Лізавету.
 
і ўвайшла ў дом Заха́рыі, і павіта́ла Елісавету.

І, калі Лізавета пачула прывітанне Марыі, зварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і Дух Святы напоўніў Лізавету,
 
І ста́лася: калі пачула Елісавета віта́нне Марыіна, устрапяну́лася дзіця́тка ва ўлонні яе; і напоўнілася Елісавета Духам Святым,

і ўсклікнула яна моцным голасам, кажучы: «Дабраславёная Ты між жанчынамі, і дабраславёны Плод улоння Твайго.
 
і ўсклíкнула моцным голасам і сказала: благаславёная Ты сярод жанчын і благаславёны плод уло́ння Твайго!

А скуль жа мне гэта, што Маці Госпада майго прыйшла да мяне?
 
І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне?

Вось, як толькі загучаў голас прывітання Твайго ў вушах маіх, зварухнулася з радасцю дзіцятка ў маім улонні.
 
Бо, калі голас віта́ння Твайго дайшоў да вушэ́й маіх, устрапяну́лася дзіця́тка радасна ва ўлонні маім.

І шчасная Тая, што ўверыла, бо споўніцца сказанае Ёй ад Госпада».
 
І блажэнная Тая, што паверыла, бо збу́дзецца ска́занае Ёй ад Госпада.

І сказала Марыя: «Узвялічвае душа Мая Госпада,
 
І сказала Марыя: веліча́е душа Мая Госпада,

і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збаўцы Маім,
 
і ўзра́даваўся дух Мой у Богу, Спасіцелі Маім,

бо зірнуў Ён на пакорлівасць служкі Сваёй. Вось, адгэтуль шчаснай называць Мяне будуць усе роды,
 
што спагля́нуў Ён на пако́ру Рабы Сваёй; бо вось ад гэтага часу будуць зваць Мяне блажэ́ннай усе ро́ды;

бо зрабіў Мне вялікае Магутны, і святое імя Яго,
 
бо ўчынíў Мне вялікае Моцны, і святое імя́ Яго;

і міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне тым, што баяцца Яго.
 
і міласэрнасць Яго ў ро́ды ро́даў да тых, што баяцца Яго;

Выявіў магутнасць рукі Сваёй, разагнаў пыхлівых у намеры сэрца свайго,
 
Ён праявíў сілу рукою Сваёю; рассе́яў ганарлíвых ду́мкамі сэ́рца іх;

спіхнуў моцных з пасадаў і ўзвысіў пакорлівых;
 
скінуў моцных з прастолаў і ўзнёс пако́рлівых;

галодных насыціў даброццем, а багацеяў адправіў ні з чым.
 
галодных здаво́ліў дабром, а багатых адпусціў ні з чым;

Прытуліў Ізраэля, слугу Свайго, памятаючы на міласэрнасць,
 
прыхіну́ў Ізра́іля, слугу́ Свайго, па́мятаючы пра міласць, —

як прадказаў бацькам нашым, Абрагаму і нашчадкам яго навечна».
 
як гаварыў бацька́м нашым, — да Аўраама і се́мені яго давеку.

Ды заставалася з ёю Марыя каля трох месяцаў, і вярнулася ў Свой дом.
 
Прабыла́ ж Марыя з ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой.

А Лізавеце настаў час нарадзіць, і яна нарадзіла сына.
 
А Елісавеце настаў час радзíць, і яна нарадзíла сы́на.

Яе суседзі і сваякі, пачуўшы, што ўзвялічыў Госпад у ёй Сваю міласэрнасць, радаваліся разам з ёю.
 
І пачулі суседзі і сваякі яе, што прымножыў Гасподзь міласць Сваю да яе і радаваліся з ёю.

І сталася: у восьмы дзень сабраліся яны абрэзаць хлопчыка ды назваць яго імем бацькі яго, Захарыем.
 
І ста́лася: у восьмы дзень прыйшлі абрэ́заць дзіця́, і хацелі назваць яго íмем ба́цькі яго, Заха́рыем.

І, адказваючы, маці яго сказала: «Ніякім чынам, але будзе названы Ян».
 
І, адказваючы, маці яго сказала: не, а назва́ны будзе Іаанам.

І сказалі ёй: «У родзе тваім няма нікога, хто б называўся гэтым імем».
 
І сказалі ёй: няма нікога ў радні тваёй, хто б зваўся гэтым íмем.

Дык пыталі на мігі ў бацькі яго, як ён хацеў бы назваць яго.
 
І зна́камі пыталіся ў ба́цькі яго, я́к бы ён хацеў, каб назва́лі яго.

А той запатрабаваў дошчачку і напісаў словамі: «Ян імя яго». Дык здзівіліся ўсе.
 
І, папрасіўшы дошчачку, ён напісаў: Іаан будзе імя́ яму. І здзівіліся ўсе.

А ў гэты момант раскрыліся вусны яго ды развязаўся язык яго і стаў гаварыць, дабраслаўляючы Бога.
 
І адразу адкры́ліся ву́сны яго і язык яго, і ён стаў гаварыць, благаслаўля́ючы Бога.

Дык ахапіў страх усіх іх суседзяў, і па ўсіх гарах Юдэі разнесліся словы пра ўсё гэта.
 
І быў страх ва ўсіх, хто жыў вакол іх; і па ўсім горным кра́і Іудзейскім расказвалі пра ўсё гэта.

А ўсе, што пра гэта пачулі, разважалі ў сэрцы сваім, кажучы: «Кім жа будзе гэта дзіця?» Бо рука Госпадава была з ім.
 
І ўсе, хто чуў, паклалі гэта ў сэ́рцы сваім, ка́жучы: што́ будзе з дзіця́ці гэтага? І рука Гасподняя была́ з ім.

І Захарыя, бацька яго, напоўнены Духам Святым, праракаваў кажучы:
 
І Заха́рыя, бацька яго, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, ка́жучы:

«Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, бо наведаў і адкупіў народ Свой,
 
благаславёны Гасподзь Бог Ізра́ілеў, што наведаў народ Свой і вы́купіў яго;

і падняў рог збаўлення нашага ў доме Давіда, паслугача Свайго,
 
І ўзняў нам рог спасення ў доме Давіда, слугí Свайго,

як прадказаў вуснамі святых прарокаў Сваіх, якія жылі ад пачатку вякоў,
 
як сказаў ву́снамі святых Сваіх прарокаў адве́ку,

збаўленне ад ворагаў нашых ды з рук тых, што ненавідзяць нас;
 
што ўрату́е нас ад ворагаў нашых і ад рукí ўсіх, хто ненавідзіць нас;

каб учыніць міласэрнасць бацькам нашым і ўспомніць святы запавет Свой,
 
каб зрабіць міласць бацька́м нашым і ўспомніць запаве́т Свой святы́,

і прысягу, якую даў Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам,
 
кля́тву, якой кля́ўся Ён Аўрааму, бацьку нашаму, каб даць нам,

каб без страху, свабодныя ад рук ворагаў нашых, служылі Яму
 
вы́зваленым ад рукí ворагаў нашых, без бо́язі

ў святасці і справядлівасці перад Ім ва ўсе дні жыцця нашага.
 
служы́ць Яму ў свя́тасці і пра́веднасці перад Ім ва ўсе дні жыцця́ нашага.

І ты, дзіця, названы будзеш прарокам Узвышняга, бо пойдзеш перад абліччам Госпада, рыхтаваць дарогі Яму,
 
І ты, дзіця́, прарокам Усявышняга будзеш назва́на, бо ты будзеш ісці перад аблíччам Госпада, каб падрыхтаваць шляхí Яму,

каб даць народу Яго навуку збаўлення ў адпушчэнні грахоў іх
 
даць народу Яго спазна́ць спасе́нне ў адпушчэ́нні грахоў,

праз міласэрнасць бязмежную Бога нашага, у якой Усход наведаў нас, сыходзячы з вышыняў,
 
па сардэчнай міласці Бога нашага, якою наве́даў нас Усход з вышынí,

каб асвяціць тых, што сядзяць у поцемках і ў засені смерці, каб накіраваць ногі нашы на шлях супакою».
 
каб асвятлíць тых, што сядзяць у це́мры і це́ні смерці, скірава́ць ногі нашы на шлях міру.

А дзіця расло і ўзмацоўвалася духам, і заставалася ў пустыні аж да дня свайго з’яўлення перад Ізраэлем.
 
Дзіця ж расло і ўмацоўвалася духам; і было́ ў пусты́нях да дня з’яўле́ння свайго Ізра́ілю.