Лукаша 8 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І сталася потым: хадзіў Ён па гарадах і вёсках, навучаючы і несучы Добрую Вестку аб Божым Валадарстве, і былі з Ім дванаццаць
І ста́лася пасля гэтага: Ён праходзіў па гарадах і вёсках, прапаве́дуючы і дабраве́сцячы Царства Божае, і дванаццаць з Ім,
і некалькі жанчын, якіх Ён вылечыў ад ліхіх духаў і ад немачаў: Марыя, якую звалі Магдаленай, з якой выйшла сем дэманаў,
і некато́рыя жанчыны, што былí ацалёныя ад духаў злых і не́мачаў: Марыя, зва́ная Магдалíнаю, з якой выйшла сем дэманаў,
Ёана, жонка Хузы, пракуратара Ірадава, і Зузана, і многа іншых, якія служылі Яму з маёмасці сваёй.
Іаанна, жонка Хузы́, домаўпра́ўніка Ірадавага, і Суса́нна, і многія іншыя, што служы́лі Яму маёмасцю сваёй.
А калі сабраўся вялікі натоўп ды з розных гарадоў спяшаліся да Яго, Ён сказаў у параўнанне:
Калі ж сабра́лася мноства народу і з усіх гарадоў папрыхо́дзілі да Яго, Ён сказаў прытчай:
«Выйшаў сейбіт сеяць зерне сваё. І, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе і было стаптана, ды птушкі нябесныя падзяўблі яго.
выйшаў се́йбіт сеяць насе́нне сваё; і калі сеяў, адно ўпала пры дарозе і было́ патапта́на, і птушкі нябесныя падзяўблí яго;
А другое ўпала на камень і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці.
а іншае ўпала на ка́мень і, узышоўшы, засохла, бо не ме́ла вíльгаці;
Трэцяе ўпала паміж церняў, і церні, вырасшы, заглушылі яго.
а іншае ўпала ў це́рні, і вы́раслі це́рні і заглушы́лі яго;
Чацвёртае ўпала на добрую зямлю і, калі вырасла, дало плод у сто разоў большы». Гэта кажучы, усклікваў: «Хто мае вушы слухаць, хай слухае».
а іншае ўпала на добрую зямлю і, узышоўшы, урадзíла плод у сто крат. Сказаўшы гэта, Іісус заклíкаў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
Вучні Яго пыталіся затым ў Яго, што значыць гэтая прыпавесць.
Вучні ж Яго пыталіся ў Яго, ка́жучы: што б зна́чыла прытча гэтая?
Ён ім сказаў: «Вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Божага, а іншым яны праз прыпавесці, хоць, гледзячы, яны не бачаць і, слухаючы, не разумеюць.
Ён жа сказаў: вам да́дзена ведаць тайны Царства Божага, а аста́тнім — у прытчах, каб яны ба́чачы не бачылі і чу́ючы не разумелі.
А гэта такое параўнанне: зерне — гэта Слова Божае.
Вось што значыць прытча гэтая: насе́нне ёсць сло́ва Божае;
А што пры дарозе — гэта тыя, што слухаюць, ды пасля прыходзіць д’ябал і вырывае слова з сэрца іх, каб, не паверыўшы, не былі збаўлены.
і якое пры дарозе — гэта тыя, што слухаюць, але потым прыхо́дзіць дыявал і забірае сло́ва з сэ́рцаў іх, каб не ўве́равалі яны і не спаслíся;
А што на камені — гэта тыя, што слухаюць ды з радасцю прымаюць слова; але не маюць кораня і вераць да часу, і ў час згаршэння адпадаюць.
а якое на ка́мень ўпа́ла — гэта тыя, што, пачуўшы, з радасцю прыма́юць сло́ва, але яны не ма́юць ко́раня і да часу веруюць, а ў час выпрабава́ння адпада́юць;
Каторае ж упала паміж церняў — гэта тыя, што слухаюць; але, ідучы, клопатамі, і багаццем, і раскошаю жыцця заглушаюцца і не прыносяць плода.
а што ўпала ў це́рні — гэта тыя, што пачулі, але турботамі, багаццем і ўце́хамі жыццёвымі на шляху́ сваім заглуша́юцца і не даюць плёну;
А што ў добрай зямлі — гэта тыя, што, добрым і шчырым сэрцам слухаючы слова, берагуць яго ды прыносяць плады ў цярплівасці.
а што на добрай зямлі — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць яго ў шчы́рым і добрым сэрцы і даюць плод у цярплíвасці. Сказаўшы гэта, Іісус заклíкаў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
Ніхто, запаліўшы свечку, не ставіць яе пад пасудзіну або пад ложак, але ставіць на падсвечніку, каб бачылі святло тыя, што ўваходзяць.
Ніхто, запалíўшы свечку, не пакрыва́е яе пасу́дзінай або не ставіць пад ложак, а ставіць яе на падсве́чнік, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
Бо няма нічога схаванага, што не было б выяўлена, ані таемнага, што б не спазналася і не выйшла на яву.
Бо няма нічога тае́мнага, што́ не стала б я́ўным, ні схава́нага, што не стала б вядомым і не вы́явілася.
Глядзіце ж, як вы слухаеце. Бо хто мае, будзе яму дададзена, а хто не мае, у таго нават тое, што, яму здаецца, ён мае, будзе аднята».
Так што сачы́це, як вы слухаеце; бо хто ма́е, таму да́дзена будзе, а хто не ма́е, ады́мецца ў таго і тое, што ён думае, нíбы ма́е.
Тады прыйшлі да Яго Маці і браты Яго і не маглі падысці з-за натоўпу людзей.
І прыйшлі да Яго Маці і браты Яго, і не маглі даступíцца да Яго з-за натоўпу.
І паведамілі Яму: «Маці Твая і браты Твае стаяць звонку, жадаючы Цябе пабачыць».
І паве́дамілі Яму, ка́жучы: Маці Твая і браты Твае стаяць на дварэ і хочуць Цябе ўбачыць.
А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выконваюць яго».
Ён жа сказаў ім у адказ: Маці Мая? і браты Мае? — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выко́нваюць яго.
І сталася аднаго дня, што Ісус з вучнямі Сваімі ўвайшоў у лодку і гаворыць ім: «Пераправімся праз возера». І паплылі.
І ста́лася ў адзін з тых дзён: увайшоў Ён у лодку з вучнямі Сваімі і сказаў ім: перапра́вімся на той бок возера. І яны адплылí.
І, калі яны плылі, заснуў. І наляцеў моцны вецер на возера, і хвалі залівалі іх, так што апынуліся ў небяспецы.
Калі ж плылí, Ён заснуў. І наляцеў бу́рны вецер на возера, і пачало́ заліваць іх, і былí яны ў небяспе́цы.
І, падышоўшы, абудзілі Яго, кажучы: «Вучыцель, Вучыцель, мы гінем!» Дык Ён устаў і забараніў ветру і хваляванню вады, і яны супакоіліся, і настала ціша.
І, падышоўшы, разбудзілі Яго і сказалі: Настаўнік! Настаўнік! мы гінем! Ён жа, устаўшы, забаранíў ветру і хва́лям вады, і яны супако́іліся і настала цíша.
І сказаў ім: «Дзе ваша вера?» Яны ж, напалоханыя, былі здзіўлены, кажучы адзін аднаму: «Хто ж Ён, што вятрам і вадзе загадвае, і яны Яго слухаюць?»
Тады Ён сказаў ім: дзе вера ваша? Яны ж, спало́ханыя, дзівíліся і казалі адзін аднаму: хто ж гэта Ён, што і вятра́м загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго?
Затым паплылі яны ў краіну Гадарынскую, што насупраць Галілеі.
І прыплылí ў зямлю Гадары́нскую, што насу́праць Галілеі.
І, калі выйшаў Ён на бераг, сустрэў Яго чалавек нейкі з горада, апанаваны дэманамі; і ўжо доўгі час не надзяваў ён вопраткі і жыў не ў доме, а ў магільных пячорах.
Калі ж Ён выйшаў на зямлю, сустрэў Яго нейкі чалавек з горада, апанта́ны дэманамі з даўняга часу, і адзе́ння не насіў ён, і ў доме не жыў, а ў магíльных пячорах.
І, як убачыў ён Ісуса, упаў перад Ім, ускрычаўшы, і моцным голасам сказаў: «Што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Узвышняга? Малю Цябе, каб мяне не мучыў».
Убачыўшы Іісуса і закрычаўшы, ён упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: што́ Табе да мяне, Іісусе, Сы́не Бога Усявышняга? малю́ Цябе, не муч мяне.
Бо Ісус загадаў нячыстаму духу, каб ён выйшаў з чалавека. А той ужо ад даўнейшага часу валодаў ім, і звязвалі яго ланцугамі і трымалі ў путах; і, парваўшы ланцугі, быў ён гнаны дэманам у пустыню.
Таму што загадаў Іісус духу нячыстаму вы́йсці з чалавека; бо доўгі час той хапа́ў яго, і звя́звалі яго ланцуга́мі і ако́вамі, і сцераглí; але ён разрыва́ў пу́ты, і дэман гнаў яго ў пусты́ні.
Дык запытаўся ў яго Ісус, кажучы: «Якое тваё імя?» А ён сказаў: «Легіён», бо многа дэманаў увайшло ў яго.
І спытаўся ў яго Іісус, ка́жучы: як імя́ тваё? Той адказаў: легіён; бо многа дэманаў увайшло ў яго.
І прасілі Яго, каб не загадваў ім ісці ў бездань.
І яны прасілі Іісуса, каб не загадаў ім ісці ў бе́здань.
А там на гары пасвіўся вялікі статак свінняў. Дык прасіліся ў Яго, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім.
Пасвіўся ж там вялікі ста́так свіне́й на гары; і папрасілі Яго дэманы, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім.
І тады выйшлі дэманы з чалавека і ўвайшлі ў свінняў, і статак рынуўся са стромы ў возера, і патануў.
І дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў свіне́й; і ры́нуўся ста́так з кру́чы ў возера і патану́ў.
Бачачы, што здарылася, пастухі ўцяклі і расказалі пра гэта ў горадзе і ў вёсках.
Пастухі ж, убачыўшы, што зда́рылася, пабе́глі ды абвясцíлі ў горадзе і ў вёсках.
Дык выйшлі паглядзець, што сталася, і прыйшлі да Ісуса, і ўбачылі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы, сядзіць апрануты і ў здаровым розуме ля ног Ісуса, і апанаваў іх страх.
І людзі выйшлі пабачыць, што зда́рылася; і прыйшлі да Іісуса і знайшлі, што чалавек, з якога вы́йшлі дэманы, сядзíць каля ног Іісуса адзе́ты і пры розуме; і спало́халіся.
А тыя, што бачылі, расказалі ім, як быў уратаваны той, што цярпеў пакуту ад дэмана.
А тыя, хто бачыў, расказалі ім, як быў вы́ратаваны апанта́ны.
І ўвесь шматлікі народ краіны Гадарынскай прасіў Яго, каб Ён пакінуў іх, бо былі ахоплены вялікім страхам. І Ісус, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
І прасіў Яго ўвесь люд кра́ю Гадары́нскага адысцí ад іх, бо стра́хам вялікім былí яны ахо́плены. І Ён, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
А той чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб застацца пры Ім. Але Ісус адправіў яго, кажучы:
А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім. Але Іісус адпусціў яго, ка́жучы:
«Вярніся ў дом твой і расказвай, што ўчыніў табе Бог». І ён пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, што Ісус учыніў яму.
вяртайся ў дом твой і расказвай, што́ зрабіў табе Бог. І ён пайшоў, абвяшча́ючы па ўсім горадзе, што́ зрабіў яму Іісус.
Калі Ісус вярнуўся, пераняў Яго натоўп людзей, бо ўсе Яго чакалі.
І ста́лася: калі вярнуўся Іісус, народ прыня́ў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
І вось, прыйшоў чалавек, на імя Яір, ён быў начальнік сінагогі, і паў да ног Ісуса, просячы Яго, каб увайшоў у дом яго,
І вось прыйшоў чалавек, íмем Іаíр, які быў старэйшынам сінагогі; і, упаўшы да ног Іісуса, ён прасіў Яго ўвайсці ў дом яго,
бо была ў яго дачка адзіная, гадоў каля дванаццаці, і яна памірала. І калі Ісус ішоў, народ націскаў на Яго.
бо ў яго была́ адзіная дачка́, гадоў двана́ццаці, і яна паміра́ла. Калі ж Ён ішоў, народ напіра́ў на Яго.
І адна жанчына, што была дванаццаць гадоў крывацечнай, выдала на лекараў усю сваю маёмасць, і ніхто яе не аздаравіў,
І жанчына, якая ме́ла кровацячэ́нне ўжо дванаццаць гадоў, і патра́ціла на ле́караў усю маёмасць ды ні ў аднаго не магла вы́лечыцца,
яна падышла ззаду і дакранулася да краю шаты Яго, і ў той жа час спынілася цячэнне крыві ў яе.
падышоўшы ззаду, дакрану́лася да кра́ю вопраткі Яго; і адразу спынíлася кровацячэ́нне ў яе.
І гаворыць Ісус: «Хто дакрануўся да Мяне?» А калі ўсе адмаўляліся, Пётра і быўшыя з ім сказалі: «Вучыцель, людзі націскаюць на Цябе і штурхаюць, а Ты кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”».
І сказаў Іісус: хто дакрану́ўся да Мяне? Калі ж адмаўляліся ўсе, казаў Пётр і тыя, што з ім: Настаўнік! народ абступіў Цябе і напіра́е, а Ты гаворыш: хто дакрану́ўся да Мяне?
Ісус жа сказаў: «Нехта дакрануўся да Мяне, бо ведаю, што магутнасць выйшла з Мяне».
Але Іісус сказаў: дакрану́ўся нехта да Мяне, бо Я адчуў сілу, што выйшла з Мяне.
А жанчына, бачачы, што яна не ўтаілася, падышла ў трымценні і пала перад Ім, і перад усім народам прызналася Яму, чаму дакранулася да Яго і як адразу паздаравела.
Жанчына, убачыўшы, што не ўтаíлася, дрыжучы́, падышла і, упаўшы перад Ім, паве́даміла Яму перад усім народам, з якой прычыны дакрану́лася да Яго і як ацалíлася адразу.
А Ісус сказаў ёй: «Мацуйся, дачка, вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі».
Ён жа сказаў ёй: мацу́йся, дачка́! вера твая ўратава́ла цябе; ідзі з мірам.
Калі Ён яшчэ гаварыў, хтосьці прыйшоў з дома начальніка сінагогі, кажучы яму: «Дачка твая памерла, не турбуй Вучыцеля».
Яшчэ калі Ён гаварыў, прыходзіць нехта з дому старэ́йшыны сінагогі і кажа яму: паме́рла дачка́ твая, не турбуй ужо Настаўніка.
Але Ісус, пачуўшы гэтае слова, адказаў яму: «Не бойся, толькі вер, і будзе яна збаўлена».
Іісус жа, пачуўшы гэта, сказаў, звярта́ючыся да яго: не бойся, толькі веруй, і яна будзе ўратава́на.
І, калі Ісус прыбыў у дом, не дазволіў нікому ўвайсці, адно Пётры, Яну і Якубу разам з бацькам і маці дзяўчынкі.
І, прыйшоўшы ў дом, Ён не дазволіў увайсці нікому, апрача́ Пятра, Іаана і Іакава, і ба́цькі дзяўчынкі і маці.
А ўсе плакалі і галасілі па ёй. А Ён сказаў: «Не плачце, бо яна не памерла, але спіць».
Усе пла́калі і рыда́лі па ёй. Ён жа сказаў: не пла́чце, яна не паме́рла, а спіць.
Дык смяяліся з Яго, ведаючы, што яна памерла.
І насміхаліся з Яго, ведаючы, што яна паме́рла.
А Ён, узяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: «Дзяўчынка, устань!»
Ён жа, вы́правадзіўшы ўсіх прэч і ўзяўшы яе за руку́, усклікнуў, ка́жучы: дзяўчынка! устань.
І вярнуўся ў яе дух, і яна зараз устала; і Ён загадаў даць ёй есці.
І вярнуўся дух яе, і падняла́ся адразу; і Ён загадаў даць ёй есці.
І здзівіліся яе бацькі; Ён жа загадаў, каб нікому не гаварылі аб тым, што сталася.
І моцна ўра́зіліся бацькí яе. Ён жа загадаў ім не расказваць нікому пра тое, што адбыло́ся.