Лукаша 18 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Таксама расказваў ім прыпавесць аб тым, што заўсёды трэба маліцца і не ўкідацца ў роспач,
Сказаў жа Ён ім і прытчу пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не па́даць духам,
кажучы: «У адным горадзе быў суддзя, што Бога не баяўся і не саромеўся людзей.
ка́жучы: у адным горадзе быў нейкі суддзя́, які Бога не баяўся і людзей не саро́меўся.
Была ў гэтым горадзе ўдава і прыйшла да яго, кажучы: “Абарані мяне ад майго супраціўніка”.
І была́ ў тым горадзе адна ўдава́; і яна прыхо́дзіла да яго і казала: абаранí мяне ад працíўніка майго.
А ён не хацеў доўгі час, а пасля таго сказаў сам у сабе: “Хоць я Бога не баюся і чалавека не шаную,
А ён доўга не хацеў. Потым жа сказаў сам сабе: хоць я і Бога не баюся, і людзей не саро́меюся,
аднак, паколькі надакучыла мне гэтая ўдава, абараню яе, каб ізноў, прыйшоўшы, не надакучала мне”».
але паколькі ро́біць мне кло́пат гэтая ўдава́, абараню́ яе, каб яна не прыхо́дзіла бяско́нца і не дакуча́ла мне.
Дык гаворыць Госпад: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя;
І сказаў Гасподзь: чуеце, што гаво́рыць суддзя́ няпра́ведны?
а ці ж Бог не возьмецца бараніць выбраннікаў Сваіх, якія днём і ўночы прызываюць Яго да сябе, ды ці будзе мець абыякавасць да іх?
А хіба́ Бог не ста́не на абарону абра́ннікаў Сваіх, якія клíчуць Яго дзень і ноч, і будзе мару́дзіць у дачыне́нні да іх?
Кажу вам: хутка ўчыніць ім абарону. Але, прыйшоўшы, Сын Чалавечы ці знойдзе веру на зямлі?»
Кажу вам, што Ён хутка ста́не на абаро́ну іх. Аднак, Сын Чалавечы, прыйшо́ўшы, ці зно́йдзе веру на зямлі?
Некаторым, якія былі ўпэўнены ў сабе, што яны справядлівыя, а іншымі пагарджалі, сказаў Ён таксама такую прыпавесць:
Сказаў жа і да некато́рых, што былí ўпэ́ўнены ў сабе, бы́ццам яны пра́веднікі, а іншых прыніжа́лі, такую прытчу:
«Два чалавекі ўвайшлі ў святыню, каб памаліцца: адзін — фарысей, а другі — мытнік.
два чалавекі ўвайшлі ў храм памалíцца: адзін фарысей, а другі мы́тнік.
Фарысей, стоячы, так маліўся ў сабе: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, несправядлівыя, чужаложнікі або як гэты мытнік.
Фарысей, стаўшы, маліўся сам у сабе так: Божа! дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі — рабаўнікí, няпра́ведныя, распу́снікі, або як гэты мы́тнік:
Пошчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю”.
пашчу́ два разы на тыдзень, даю́ дзесяцíну з усяго, што набыва́ю.
А мытнік, стоячы здалёку, не адважваўся нават падняць вочы ў неба, але біў сябе ў грудзі, кажучы: “Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшнага”.
Мы́тнік жа, сто́ячы во́ддаль, не смеў і вачэй узня́ць да неба, а біў сябе ў грудзі, ка́жучы: Божа! будзь мíласцівы да мяне, грэшнага.
Кажу вам: гэты вярнуўся дамоў больш апраўданым, чым той: бо кожны, хто ўзвышаецца, будзе прыніжаны, а хто прыніжаецца, будзе ўзвышаны».
Кажу вам, што гэты пайшоў у дом свой больш апраўда́ны, чым той: бо кожны, хто ўзвыша́е сябе, будзе прынíжаны, а хто прыніжа́е сябе, будзе ўзвы́шаны.
Прыносілі да Яго таксама дзетак, каб дакрануўся да іх; бачачы гэта, вучні забаранялі ім.
Прыно́сілі да Яго і малы́х дзяцей, каб Ён дакрану́ўся да іх; убачыўшы гэта, вучні забараня́лі ім.
Але Ісус, паклікаўшы іх да Сябе, сказаў: «Дазваляйце дзецям прыходзіць да Мяне і не ўзбараняйце ім; бо такіх ёсць Валадарства Божае.
Іісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: пусцíце дзяцей прыхо́дзіць да Мяне і не перашкаджа́йце ім, бо такім нале́жыць Царства Божае;
Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага як дзіця, не ўвойдзе ў яго».
праўду кажу вам: хто не пры́ме Царства Божага, як дзіця́, той не ўвойдзе ў яго.
І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, кажучы: «Вучыцель добры, што маю рабіць, каб здабыць жыццё вечнае?»
І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, ка́жучы: Настаўнік Добры! што мне рабіць, каб унасле́даваць жыццё вечнае?
А Ісус яму сказаў: «Чаму Мяне завеш добрым? Ніхто не добры, адзін толькі Бог.
Сказаў жа яму Іісус: чаму ты называеш Мяне добрым? ніхто не добры, толькі адзін Бог;
Ведаеш прыказанні: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, паважай бацьку твайго і маці тваю?»
ведаеш за́паведзі: «не пралюбадзе́йнічай, не забіва́й, не крадзь, не све́дчы лжы́ва, шануй бацьку твайго і маці тваю».
А ён гаворыць: «Я гэта ўсё выконваў ад маленства майго».
Ён жа сказаў: усё гэта захава́ў я з юна́цтва майго.
Пачуўшы гэта, Ісус гаворыць яму: «Яшчэ аднаго табе не хапае: прадай усё тое, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, ідзі за Мной».
Пачуўшы гэта, Іісус сказаў яму: яшчэ аднаго табе не хапа́е: усё, што маеш, прада́й і разда́й убогім, і будзеш мець скарб на небе, і прыходзь, і ідзі за Мною.
Той жа, пачуўшы гэта, засмуціўся, бо быў вельмі багаты.
Ён жа, пачуўшы гэта, моцна засмуцíўся, таму што быў вельмі багаты.
Ісус, бачачы, што ён зрабіўся сумным, сказаў: «Як цяжка тым, што маюць багацце, увайсці ў Валадарства Божае!
Убачыўшы, што той моцна засмуцíўся, Іісус сказаў: як цяжка тым, хто ма́е багацце, увайсцí ў Царства Божае!
Бо лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае».
Бо лягчэ́й вярблюду прайсцí праз іго́льнае ву́шка, чым багатаму ўвайсцí ў Царства Божае.
Дык сказалі тыя, што слухалі: «Хто ж можа быць тады збаўлены?»
І сказалі тыя, што чулі: хто ж тады можа спасцíся?
Ён жа сказаў: «Што немагчыма ў людзей, тое магчыма ў Бога».
Ён жа сказаў: немагчы́мае лю́дзям магчы́ма Богу.
Гаворыць Пётра: «Вось жа, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой».
І сказаў Пётр: вось, мы ўсё пакíнулі і пайшлі ўслед за Табою.
Ён сказаў ім: «Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто б пакінуў дом, або жонку, або братоў, або бацькоў, або дзяцей дзеля Валадарства Божага,
Ён жа сказаў ім: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакíнуў дом, ці бацькоў, ці братоў, ці сясцёр, ці жонку, ці дзяцей дзеля Царства Божага,
каб не атрымаў многа больш у гэты час, а ў веку будучым — жыццё вечнае».
і не атрымае ў шмат разоў больш у час гэты, а ў веку будучым жыцця́ вечнага.
І ўзяў Ён з Сабой дванаццаць, і гаворыць ім: «Вось, ідзём у Ерузалім, і здзейсніцца ўсё, што напісана прарокамі пра Сына Чалавечага:
І, узяўшы дванаццаць вучняў, сказаў ім: вось, мы ўзыхо́дзім у Іерусалім, і збу́дзецца ўсё напíсанае прарокамі пра Сына Чалавечага:
бо будзе выдадзены паганам і высмеяны, і зняважаны ды апляваны,
бо Ён вы́дадзены будзе язычнікам і абсмяя́ны, і знява́жаны, і аплява́ны,
і, пасля таго, як убічуюць, заб’юць Яго, і на трэці дзень уваскрэсне».
і пасля бічава́ння заб’юць Яго; і на трэці дзень уваскрэ́сне.
Але яны з гэтага нічога не зразумелі; і гэтае слова было схавана ад іх, і не разумелі, што гаварылася.
Але яны нічога з гэтага не зразумелі; і было́ слова гэтае скры́та ад іх, і яны не ўсведамля́лі ска́занага.
І сталася, калі Ён падыходзіў да Ерыхона, нейкі сляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы.
І ста́лася: калі Ён набліжа́ўся да Іерыхо́на, нейкі сляпы́ сядзеў пры дарозе, жабру́ючы;
І, калі ён пачуў, што міма праходзіць натоўп, спытаўся, што гэта такое.
і пачуўшы, што міма прахо́дзіць натоўп, пытаўся: што гэта такое?
І сказалі яму: «Ісус Назарэй праходзіць».
Паве́дамілі яму, што Іісус Назаранíн прахо́дзіць.
Дык пачаў крычаць, кажучы: «Ісус, Сын Давідаў, злітуйся нада мной!»
І закрычаў ён, ка́жучы: Іісусе, Сыне Давідаў, памíлуй мяне!
А тыя, што ішлі наперадзе, сварыліся на яго, каб маўчаў; але ён тым мацней крычаў: «Сыне Давідаў, злітуйся нада мной!»
І тыя, што ішлі спе́раду, патрабава́лі ад яго, каб замоўк, але ён яшчэ мацне́й крычаў: Сыне Давідаў, памілуй мяне!
Спыніўшыся, Ісус загадаў прывесці яго да Сябе. І, калі ён падышоў, спытаўся ў яго кажучы:
Спынíўшыся, Іісус загадаў прыве́сці яго да Сябе. Калі ж той наблíзіўся да Яго, спытаў яго,
«Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» А ён сказаў: «Госпадзе, каб я бачыў».
ка́жучы: што хочаш, каб Я зрабіў табе? Ён жа сказаў: Госпадзі! каб я стаў бачыць.
Сказаў яму Ісус: «Праглянь! Вера твая збавіла цябе».
Іісус сказаў яму: стань віду́шчым! вера твая ўратава́ла цябе.
І зараз стаў бачыць, ды ішоў за Ісусам, славячы Бога. І ўвесь народ, як убачыў гэта, аддаў хвалу Богу.
І ён адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Ім, сла́вячы Бога. І ўсе людзі, пабачыўшы гэта, узне́слі хвалу́ Богу.