2 да Карынфянаў 1 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Паўла, з волі Божай Апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат, Царкве Божай, што ў Карынце, з усімі святымі, што ва ўсёй Ахаі:
Павел, воляю Божаю Апостал Іісуса Хрыста, і Цімафей брат, — Царкве Божай, якая ў Карынфе, з усімі святымі па ўсёй Ахаіі:
ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.
благадаць вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Іісуса Хрыста.
Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усякага суцяшэння,
Благаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог ўсякага суцяшэння,
Які суцяшае нас у кожным нашым горы, каб мы самі маглі суцяшаць тых, што ў якой-колечы бядзе, суцяшэннем, якім самі суцяшаемся ад Бога.
Які суцяшае нас ва ўсякім горы нашым, каб мы маглі суцяшаць іншых ва ўсякім горы тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх.
Бо як у нас памнажаюцца цярпенні Хрыстовы, так і праз Хрыста павялічваецца суцяшэнне наша.
Бо як памнажаюцца ў нас пакуты Хрыстовы, так праз Хрыста памнажаецца і суцяшэнне наша.
І, калі мы смуткуем, дык для суцяшэння вашага і для збаўлення; а калі мы суцяшаемся, дык для вашага суцяшэння і збаўлення, каб вы цярпліва пераносілі гэтыя самыя пакуты, якія і мы церпім.
І калі мы церпім гора, дык гэта дзеля суцяшэння вашага і спасення, якое здзяйсняецца праз трыванне тых самых пакут, што і мы церпім;
І надзея наша на вас цвёрдая, бо ведаем, што вы ёсць супольнікі як пакут, так і суцяшэння.
і надзея наша адносна вас цвёрдая. І калі мы суцяшаемся, дык гэта дзеля вашага суцяшэння і спасення, паколькі ведаем, што вы супольнікі як пакут нашых, так і суцяшэння.
Не хочам, браты, каб вы не ведалі пра наша гора, якое сталася ў Азіі, бо нас страшна прыціснула звыш сілы, так што не спадзяваліся жыць.
Бо мы не хочам пакінуць вас, браты, у няведанні пра гора наша, якое здарылася з намі у Асіі: было нам надзвычай цяжка, звыш нашых сіл, так што не спадзяваліся мы застацца жывымі.
Але мы самі ў сабе мелі прысуд смерці, каб не пакладаліся на саміх сябе, але на Бога, Які ўваскрашае мёртвых.
Але самі ў сабе адчувалі прысу́д на смерць, каб спадзявацца нам не на саміх сябе, а на Бога, Які ўваскрашае мёртвых,
Ён і выбавіў нас ад такой смерці, і выбаўляе, і мы маем у Ім надзею, што і далей будзе выбаўляць,
Які ад такой смерці збавіў нас і збаўляе, на Якога спадзяёмся, што і яшчэ збавіць,
за дапамогай вашых малітваў за нас, каб за той дар, што мы маем ад многіх людзей, многія падзяку складалі за нас.
пры садзейнічанні і вашай малітвы за нас, каб за дадзенае нам па просьбе многіх дзякавалі за нас многія.
Бо пахвала наша — гэта сведчанне сумлення нашага, што ў прастаце ды ў шчырасці Божай, і не ў цялеснай мудрасці, але ў ласцы Божай жылі мы на свеце, асабліва ў вас.
Бо ў тым пахвала наша, сведчанне сумлення нашага, што мы ў прастаце і шчырасці перад Божай, не па плоцкай мудрасці, а па благадаці Божай паводзілі сябе ў свеце, асабліва ж у дачыненні да вас.
Не пішам вам нічога, як толькі тое, што вы чытаеце і што разумееце. Спадзяюся, што і да канца будзеце разумець.
І мы пішам вам не іншае што, а тое, што вы чытаеце і разумееце; і спадзяюся, што да канца зразумееце,
Вы ўжо часткова зразумелі нас, што мы ёсць пахвала ваша, а вы — наша ў дзень Госпада нашага Ісуса.
як вы часткова і зразумелі нас, што мы будзем вашаю пахвалою, як і вы — нашаю, у дзень Госпада нашага Іісуса Хрыста.
І з такой пэўнасцю я ўжо раней хацеў прыбыць да вас, каб атрымалі вы паўторную ласку,
І ў гэтай упэўненасці я хацеў прыйсці да вас раней, каб вы другі раз атрымалі благадаць,
і ад вас прайсці ў Мацэдонію, а з Мацэдоніі зноў прыйсці да вас, каб вы правялі мяне ў Юдэю.
і ад вас перайсці ў Македонію, а з Македоніі зноў прыйсці да вас, і каб вы правялі мяне ў Іудзею.
Калі я меў гэткі намер, ці рабіў гэта легкадумна? Ці тое, што я задумваю, паводле цела задумваю, каб было ў мяне: «так — так» і «не — не»?
Маючы такое жаданне, хіба я зрабіў легкадумна́ Альбо тое, што я вырашаю, хіба па плоці вырашаю, так што ў мяне то «так, так», то «не, не»?
Верны Бог, што слова наша, якое было ў вас, — не было «так» і «не»!
Верны ж Бог, што слова наша да вас не было то «так», то «не».
Бо Сын Божы Ісус Хрыстос, Якога мы вам прапаведавалі, — я, і Сіліван, і Цімафей, — не быў: «так» і «не», але ў Ім было «так».
Бо Сын Божы Іісус Хрыстос, прапаведаны сярод вас намі — мною, і Сілуанам, і Цімафеем, — не быў то «так», то «не», а ў Ім было «так»,
Бо колькі абяцанняў Бога, у Ім — «так». Таму таксама праз Яго і «амін», на хвалу Богу праз нас.
бо ўсе абяцанні Божыя ў Ім — «так» і ў Ім — «амінь» Богу на славу праз нас.
А Той, Хто нас умацоўвае разам з вамі ў Хрысце ды Хто нас намасціў, ёсць Бог,
А Той, Хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысце і Хто памазаў нас, — Бог,
Які запячатаў нас ды пакінуў заруку Духа ў сэрцах нашых.
Які і паклаў на нас пячаць, і даў залог Духа ў сэрцы нашы.
Дык прызываю ў сведку Бога і душу маю, што, шкадуючы вас, я дасюль не прыходзіў у Карынт
Бога заклікаю як сведку душы́ маёй, што, шкадуючы вас, я больш не прыходзіў у Карынф;
не з-за таго, што мы валадарым над верай вашай, але мы памочнікі вашае радасці, бо ў веры вы трывалыя.
гэта не значыць, што мы ўладарым над вераю вашаю, а мы садзейнічаем радасці вашай; бо ў веры вы цвёрдыя.