Лукаша 1 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Паколькі многія ўжо спрабавалі скласці аповед пра падзеі, якія ў нас адбыліся,
 

як пераказалі нам тыя, што ад пачатку самі бачылі і былі паслугачамі Слова,
 

таксама і я, старанна разгледзеўшы ўсё ад пачатку, рашыўся па парадку апісаць табе, годны Тэафіле,
 

каб ты ўсведаміў непарушнасць слоў, у якіх ты быў навучаны.
 

У дні Ірада, цара Юдэі, жыў адзін святар на імя Захарыя, з Абіявай чаргі. Ён меў жонку, з дачок Ааронавых, імя яе Лізавета.
 

Яны абое былі справядлівымі перад Богам, беззаганна спаўняючы ўсе пастановы і прыказанні Госпадавы.
 

Ды не мелі дзіця, бо Лізавета была няплоднай, а абое былі ўжо на схіле дзён сваіх.
 

І сталася, калі ён адбываў службу святарскую перад Богам у сваёй чарзе,
 

па жэрабі, як была традыцыя ў святароў, выпала яму ўвайсці ў святыню Госпадаву для каджэння,
 

а ўсё мноства народа ў час каджэння малілася звонку.
 

І з’явіўся перад ім Анёл Госпадаў, стоячы па правым баку ахвярніка каджэння,
 

дык Захарыя стрывожыўся, бачачы [гэта], ды [вялікі] страх ахапіў яго.
 

Тады Анёл прамовіў да яго: «Не бойся, Захарыя, бо пачута маленне тваё, вось жа, жонка твая Лізавета народзіць табе сына, і назавеш яго Янам.
 

Ды будзе табе радасць і пацеха, ды многія будуць радавацца з яго нараджэння.
 

Ён будзе вялікім на віду Госпада, і не будзе піць віна і сіцэры, ды яшчэ ад улоння маці сваёй будзе напоўнены Духам Святым,
 

і многіх сыноў Ізраэля наверне да Госпада, Бога іх.
 

І пройдзе перад Ім у духу і магутнасці Іллі, каб звярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, а непаслухмяных — да мудрасці справядлівых, каб падгатаваць Госпаду народ падрыхтаваны».
 

І сказаў Захарыя Анёлу: «З чаго я магу гэта ведаць? Бо я стары, і жонка мая на схіле дзён сваіх».
 

І, адказваючы, сказаў яму Анёл: «Я — Габрыэль, што стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і абвясціць табе гэтую радасную вестку.
 

І вось, ты будзеш нямым ды не будзеш магчы гаварыць аж да дня, у які гэта здзейсніцца, таму што ты не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час».
 

І народ чакаў Захарыю, і дзівіліся, што ён так доўга марудзіць у святыні.
 

Выйшаўшы, ён не мог да іх прамаўляць, дык пазналі, што ён бачыў з’яву ў святыні. А ён падаваў ім знакі і заставаўся нямым.
 

І сталася, калі скончыліся дні службы яго, ён вярнуўся ў дом свой.
 

А праз некалькі дзён жонка яго, Лізавета, пачала дзіця; і пяць месяцаў хавалася, кажучы:
 

«Гэта ўчыніў мне Госпад у дні, у якія зірнуў на мяне, каб зняць ганьбу маю сярод людзей».
 

А ў шосты месяц быў пасланы Богам Анёл Габрыэль у горад у Галілеі, званы Назарэт,
 

да Дзевы, заручанай мужу, які меў імя Язэп, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.
 

Увайшоўшы да Яе, Анёл прывітаў: «Радуйся, ласкі поўная, дабраславёная Ты між жанчынамі, Госпад з Табою».
 

А Яна стрывожылася словам яго і думала, што гэта за прывітанне такое?
 

І гаворыць Ёй Анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Бога.
 

І вось, пачнеш ва ўлонні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус.
 

Ён будзе вялікім і Сынам Узвышняга будзе названы, і дасць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Яго;
 

і будзе Ён валадарыць над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца».
 

Марыя ж сказала Анёлу: «Як гэта можа стацца, калі Я мужа не спазнала?»
 

І, адказваючы, Анёл сказаў Ёй: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Узвышняга агарне Цябе. Таму, што з Цябе народзіцца, Святое, назавецца Сынам Божым.
 

І вось сваячка Твая, Лізавета, і яна пачала дзіця ў старасці сваёй, і ўжо шосты месяц у той, якую завуць няплоднай,
 

бо ў Бога не бывае немагчымым ніводнае слова».
 

Марыя ж сказала: «Вось жа, Я — служка Госпадава, хай Мне станецца паводле твайго слова». І Анёл адышоў ад Яе.
 

У тыя дні Марыя, устаўшы, пайшла паспешліва ў горы, у горад Юды.
 

І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Лізавету.
 

І, калі Лізавета пачула прывітанне Марыі, зварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і Дух Святы напоўніў Лізавету,
 

і ўсклікнула яна моцным голасам, кажучы: «Дабраславёная Ты між жанчынамі, і дабраславёны Плод улоння Твайго.
 

А скуль жа мне гэта, што Маці Госпада майго прыйшла да мяне?
 

Вось, як толькі загучаў голас прывітання Твайго ў вушах маіх, зварухнулася з радасцю дзіцятка ў маім улонні.
 

І шчасная Тая, што ўверыла, бо споўніцца сказанае Ёй ад Госпада».
 

І сказала Марыя: «Узвялічвае душа Мая Госпада,
 

і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збаўцы Маім,
 

бо зірнуў Ён на пакорлівасць служкі Сваёй. Вось, адгэтуль шчаснай называць Мяне будуць усе роды,
 

бо зрабіў Мне вялікае Магутны, і святое імя Яго,
 

і міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне тым, што баяцца Яго.
 

Выявіў магутнасць рукі Сваёй, разагнаў пыхлівых у намеры сэрца свайго,
 

спіхнуў моцных з пасадаў і ўзвысіў пакорлівых;
 

галодных насыціў даброццем, а багацеяў адправіў ні з чым.
 

Прытуліў Ізраэля, слугу Свайго, памятаючы на міласэрнасць,
 

як прадказаў бацькам нашым, Абрагаму і нашчадкам яго навечна».
 

Ды заставалася з ёю Марыя каля трох месяцаў, і вярнулася ў Свой дом.
 

А Лізавеце настаў час нарадзіць, і яна нарадзіла сына.
 

Яе суседзі і сваякі, пачуўшы, што ўзвялічыў Госпад у ёй Сваю міласэрнасць, радаваліся разам з ёю.
 

І сталася: у восьмы дзень сабраліся яны абрэзаць хлопчыка ды назваць яго імем бацькі яго, Захарыем.
 

І, адказваючы, маці яго сказала: «Ніякім чынам, але будзе названы Ян».
 

І сказалі ёй: «У родзе тваім няма нікога, хто б называўся гэтым імем».
 

Дык пыталі на мігі ў бацькі яго, як ён хацеў бы назваць яго.
 

А той запатрабаваў дошчачку і напісаў словамі: «Ян імя яго». Дык здзівіліся ўсе.
 

А ў гэты момант раскрыліся вусны яго ды развязаўся язык яго і стаў гаварыць, дабраслаўляючы Бога.
 

Дык ахапіў страх усіх іх суседзяў, і па ўсіх гарах Юдэі разнесліся словы пра ўсё гэта.
 

А ўсе, што пра гэта пачулі, разважалі ў сэрцы сваім, кажучы: «Кім жа будзе гэта дзіця?» Бо рука Госпадава была з ім.
 

І Захарыя, бацька яго, напоўнены Духам Святым, праракаваў кажучы:
 

«Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, бо наведаў і адкупіў народ Свой,
 

і падняў рог збаўлення нашага ў доме Давіда, паслугача Свайго,
 

як прадказаў вуснамі святых прарокаў Сваіх, якія жылі ад пачатку вякоў,
 

збаўленне ад ворагаў нашых ды з рук тых, што ненавідзяць нас;
 

каб учыніць міласэрнасць бацькам нашым і ўспомніць святы запавет Свой,
 

і прысягу, якую даў Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам,
 

каб без страху, свабодныя ад рук ворагаў нашых, служылі Яму
 

ў святасці і справядлівасці перад Ім ва ўсе дні жыцця нашага.
 

І ты, дзіця, названы будзеш прарокам Узвышняга, бо пойдзеш перад абліччам Госпада, рыхтаваць дарогі Яму,
 

каб даць народу Яго навуку збаўлення ў адпушчэнні грахоў іх
 

праз міласэрнасць бязмежную Бога нашага, у якой Усход наведаў нас, сыходзячы з вышыняў,
 

каб асвяціць тых, што сядзяць у поцемках і ў засені смерці, каб накіраваць ногі нашы на шлях супакою».
 

А дзіця расло і ўзмацоўвалася духам, і заставалася ў пустыні аж да дня свайго з’яўлення перад Ізраэлем.