Лукаша 16 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І прамаўляў Ён да вучняў Сваіх: «Быў адзін багаты чалавек, які меў аканома, і зняславілі таго перад гаспадаром, што распускае яго дабро.
 

І пазваў ён яго, і гаворыць яму: “Што гэта я чую пра цябе? Здай справаздачу аканомства твайго, бо ўжо не можаш быць аканомам”.
 

І гаворыць пра сябе аканом: “Што мне рабіць, раз гаспадар мой адбірае ад мяне аканомства? Капаць не магу, а жабраваць саромеюся.
 

Ведаю, што мне рабіць, каб, калі буду адсунуты ад аканомства, прынялі мяне ў дамы свае”.
 

Склікаўшы тады паасобку даўжнікоў гаспадара свайго, казаў першаму: “Колькі вінаваты ты гаспадару майму?”
 

Той сказаў: “Сто бочак алею”. Дык сказаў яму: “Вазьмі распіску тваю, сядзь хутка, напішы пяцьдзясят”.
 

Потым сказаў другому: “А ты колькі вінаваты?” Той гаворыць: “Сто мер пшаніцы”. І гаворыць яму: “Вазьмі распіску тваю ды напішы восемдзясят”.
 

Дык пахваліў гаспадар аканома нягоднага, што разумна зрабіў. Бо сыны гэтага веку разумнейшыя ў сваім родзе за сыноў святла.
 

І Я вам кажу: здабывайце сабе сяброў багаццем нягодным, каб, калі яго не стане, прынялі вас у вечныя сялібы.
 

Хто верны ў малым, і ў вялікім верны. А хто ў малым нягодны, і ў вялікім нягодны.
 

Дык калі вы ў нягоднай мамоне не былі вернымі, хто вам даверыць сапраўднае?
 

І калі вы ў чужым не былі вернымі, дык хто вам дасць ваша?
 

Ніводзін паслугач не можа двум гаспадарам служыць: або аднаго будзе ненавідзець, а другога будзе любіць, або аднаму будзе адданы, а другім будзе пагарджаць. Не можаце Богу служыць і мамоне».
 

А гэта ўсё слухалі і фарысеі, якія былі хцівымі, і кпілі з Яго.
 

Дык гаворыць ім: «Вы ўважаецеся за справядлівых перад людзьмі; але Бог ведае сэрцы вашы, бо што для людзей з’яўляецца высокім, тое ў Бога — агіда.
 

Закон і прарокі былі аж да Яна; а адгэтуль весціцца Валадарства Божае, і кожны дзеля яго сілу прымяняе.
 

Але лягчэй небу і зямлі прамінуць, чым адна крэска з закона знікне.
 

Кожны, хто кідае жонку сваю і бярэ іншую, чужаложыць; і хто кінутую мужам за жонку бярэ, чужаложыць.
 

Жыў адзін багаты чалавек, і апранаўся ў пурпур і вісон ды штодзённа бліскуча баляваў.
 

І быў нейкі жабрак імем Лазар які ляжаў увесь у больках каля яго брамы
 

і прагнуў заспакоіць голад крошкамі, што спадалі са стала багацея; толькі сабакі прыходзілі і лізалі болькі яго.
 

І сталася, што жабрак памёр, і анёлы занеслі яго на ўлонне Абрагама; памёр таксама багацей і быў пахаваны.
 

І ў пекле быў ён у пакутах, узводзячы вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і на ўлонні яго Лазара.
 

І, закрычаўшы, сказаў: “Ойча Абрагаме, злітуйся нада мной і пашлі Лазара, хай умочыць у вадзе канец пальца свайго і змочыць язык мой, бо мучуся ў полымі гэтым”.
 

І сказаў Абрагам: “Сыне, прыпомні, як ты ў жыцці сваім карыстаўся даброццямі тваімі, а Лазар гэтак жа благаццём; ён цяпер тут суцяшаецца, а ты пакутуеш.
 

Да ўсяго гэтага паміж намі і вамі прорва вялікая, каб тыя, што хочуць адсюль да вас перайсці, не маглі, ані адтуль да нас перабрацца”.
 

Дык гаворыць: “Малю цябе, ойча, каб паслаў яго ў дом бацькі майго, —
 

бо маю пяць братоў, — каб засведчыў ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты”.
 

Кажа яму Абрагам: “Маюць Майсея і прарокаў; хай слухаюць іх”.
 

Але ён сказаў: “Не, ойча Абрагам, але калі хто з памерлых пойдзе да іх, навернуцца”.
 

А ён гаворыць яму: “Калі не слухаюць Майсея і прарокаў, дык, каб і хто з мёртвых паўстаў, не павераць”».