2 да Карынфянаў 2 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І вось разважыў я сам сабе ня ісьці да вас зноў з засмучэньнем;
 
Я разважыў гэта сабе ня прыйсьці да вас ізноў із смуткам.

бо калі я засмучаю вас, дык хто ж парадуе мяне, як ня той, хто засмучаны мною?
 
Бо, калі я засмучу вас, хто разьвяселе мяне, калі ня тый, хто засмучаны імною.

Гэта самае і пісаў я вам, каб, прыйшоўшы, ня мець засмучэньня ад тых, за каго мне сьлед было радавацца; бо я за ўсіх вас пэўны, што мая радасьць ёсьць радасьць і ўсім вам.
 
І гэта самае я пісаў вам, каб, прышоўшы, ня мець смутку ад тых, з каторых меў бы цешыцца, маючы пэўнасьць праз усіх вас, што радасьць мая ёсьць усіх вас.

Ад вялікае скрухі і прыгнечанага сэрца я пісаў вам зь вялікімі сьлязьмі не на тое, каб засмуціць вас, а каб вы спазналі любоў, якое я маю багата да вас!
 
Бо зь вялікае атугі а неўпакою сэрца я пісаў вам із шмат сьлязьмі, не каб засмуціць вас, але каб вы пазналі любосьць, каторую я із збыткам маю да вас.

А калі хто засмуціў, дык не мяне засмуціў, а часткова — каб не сказаць многа — і ўсіх вас.
 
Калі ж хто засмуціў, ён не мяне засмуціў, але часткава ўсіх вас, каб я ня быў перацяжараны.

Такому досыць і гэтае кары ад многіх,
 
Такому досыць гэтае кары ад бальшыні.

так што вам лепей ужо дараваць яму і пашкадаваць яго, каб не апанаваў яго надта вялікі смутак,
 
Так што вы наадварот валей і даруйце й пацешча, каб можа надзвычайны смутак не пажэр яго.

і таму прашу вас не абысьці яго любоўю.
 
Затым малю вас змацніць да яго міласьць.

На тое бо я і пісаў, каб выпрабаваць вас, ці ва ўсім вы паслухмяныя.
 
Бо я дзеля таго й пісаў, каб даведацца довады праз вас, ці ў вусім вы паслухменыя.

А каму вы ў чым даруеце, таму і я; бо і я, калі каму ў чым дараваў, дараваў дзеля вас у імя Хрыстовае,
 
Каму ж вы што даруеце, то й я; бо й я што дараваў, калі дараваў што, дзеля вас перад відам Хрыстовым,

каб не зрабіў нам шкоды сатана; бо нам вядомы ягоныя намыслы.
 
Каб нас шайтан не перайшоў, бо нам не няведамныя задумы ягоныя.

Прыйшоўшы ў Трааду для зьвеставаньня пра Хрыста, хоць мне і адчынены дзьверы былі Госпадам,
 
Як жа я прышоў да Троады дзеля Дабравесьці Хрыстовае, хоць дзьверы былі адчыненыя імне Спадаром,

я ня меў спакою духу майму, бо не знайшоў там брата майго Ціта; а разьвітаўшыся зь імі, я пайшоў у Македонію.
 
Я ня меў супакою духу свайму, не знайшоўшы Ціта, брата свайго; але, разьвітаўшыся зь імі, я пайшоў да Макядоні.

Але дзякаваць Богу, Які заўсёды дае нам перамогу ў Хрысьце і духмянасьць ведаў пра Сябе пашырае праз нас у кожнай мясьціне.
 
Але дзякуй Богу, Каторы заўсёды вядзець нас да перамогі ў Хрысту і пах знацьця Сябе выяўляе намі на кажным месцу.

Бо мы Хрыстовая духмянасьць Богу ў тых, што ратуюцца і што гінуць.
 
Бо вы пах Хрыстоў Богу у спасаных і ў гінулых:

Адным — водар сьмертаносны на сьмерць, а другім — водар жыўнасны на жыцьцё! І хто здольны на гэта?
 
Адным пах сьмяротны на сьмерць, другім пах жыцьця на жыцьцё. І хто здольны на гэта?

Мы не прадаём слова Божага, як многія, а прапаведуем шчыра, як ад Бога, перад Богам, у Хрысьце.
 
Бо мы, не як іншыя, каторыя багацеюць хвальшаваньням слова Божага, але як із шчырасьці, але як ад Бога, перад Богам гукаем у Хрысту.