2 летапісаў 1 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І ўцьвердзіўся Саламон, сын Давідаў, у царстве сваім; і Гасподзь Бог яго быў зь ім, і ўзьнёс яго высока.
 
І ўмацаваўся Салямон Давідзёнак на каралеўстве сваім; і СПАДАР, Бог ягоны, быў ізь ім, і надта яго ўзьвялічыў.

І загадаў Саламон сабрацца ўсяму Ізраілю: тысячнікам і сотнікам, і судзьдзям, і ўсім начальнікам ва ўсім Ізраілі — узначальцам пакаленьняў.
 
І казаў Салямон усяму Ізраелю: вайводцам тысячаў а сотняў, і судзьдзям, і кажнаму начэльніку ў вусім Ізраелю, галавам айцоў.

І пайшлі Саламон і ўвесь сход зь ім на вышыню, што ў Гаваоне, бо там была Божая скінія збору, якую спарудзіў Майсей, раб Гасподні, у пустыні.
 
І прышлі Салямон а ўся грамада зь ім на ўзвышша, каторае ў Ґівеоне, бо там быў будан урочыстага збору СПАДАРОВАГА, каторы пастанавіў Масей, слуга СПАДАРОЎ, на пустыні.

Каўчэг Божы прынёс Давід з Кірыятыярыма на месца, якое падрыхтаваў для яго Давід, зладзіўшы яму скінію ў Ерусаліме.
 
Але скрыню Божую ўзьнёс Давід із Кіраф-Еарыму на месца, каторае Давід прыгатаваў ёй, бо ён быў разапнуўшы ёй будан у Ерузаліме.

А медны ахвярнік, які зрабіў Вэсэлэіл, сын Урыя, сына Оравага, заставаўся там, перад скініяй Гасподняю, і зыскаў яго Саламон са зборам.
 
А мядзяны аброчнік, што зрабіў Весалэль, сын Ура Гуранка, быў там перад вітальняю СПАДАРОВАЮ; і зварачаліся да яго Салямон а грамада.

І там прад абліччам Госпада, на медным ахвярніку, які перад скініяй сходу, узьнёс Саламон тысячу цэласпаленьняў.
 
І ўзышоў Салямон там да мядзянага аброчніка СПАДАРОВАГА, наторы ў будане ўрочыстага збору, і аброк на ім тысяча ўсепаленьняў.

У тую ноч зьявіўся Бог Саламону, і сказаў яму: прасі, што Мне даць табе.
 
Тае ночы зьявіўся Бог Салямону і сказаў яму: «Прасі, што Імне даць табе».

І сказаў Саламон Богу: Ты стварыў Давіду, бацьку майму, вялікую міласьць і паставіў мяне царом замест яго.
 
І сказаў Салямон Богу: «Ты ўчыніў Давіду, айцу майму, вялікую ласку і ўстанавіў мяне караляваць замест яго.

Хай жа спраўдзіцца, Госпадзе Божа, слова Тваё да Давіда, бацькі майго. Як што Ты ўцараваў мяне над народам шматлікім, як пыл зямны,
 
Цяпер, СПАДАРУ Божа, хай здойсьніцца слова Твае Давіду, айцу майму, бо Ты ўстанавіў мяне за караля над людам вялікім, як пыл зямлі:

дык цяпер дай мне мудрасьць і веданьне, каб я выходзіў перад народам гэтым і ўваходзіў, бо хто можа кіраваць гэтым народам Тваім вялікім?
 
Дай імне цяпер мудрасьць а веданьне, каб я мог выходзіць і ўходзіць перад людам гэтым, бо хто можа судзіць гэты люд Твой такі вялікі?»

І сказаў Бог Саламону: за тое, што гэта было на сэрцы тваім, і ты не прасіў багацьця, маёмасьці і славы і душы непрыяцеляў тваіх, і таксама не прасіў ты многіх дзён, а прасіў сабе мудрасьці і веданьня, каб кіраваць народам Маім, над якім Я ўцараваў цябе,
 
І сказаў Бог Салямону: «За тое, што было гэта ў сэрцу тваім, і ты не прасіў багацьця, меньня ані сьці, ані душы непрыяцеляў сваіх, ані прасіў даўгога жыцьця, але прасіў мудрасьці а веданьня самому сабе, каб ты мог судзіць люд Мой, над каторым Я ўстанавіў цябе за караля:

мудрасьць і веданьне даецца табе, а багацьце і маёмасьць і славу Я дам табе такія, падобных да якіх ня было ў цароў да цябе і ня будзе пасьля цябе.
 
Мудрасьць а веданьне даны табе, а багацьці а меньне а чэсьць Я дам табе такія, якіх ні водзін із каралёў ня меў перад табою і ня будзе мець ніякі просьле цябе».

І прыйшоў Саламон з вышыні, што ў Гаваоне, ад скініі сходу, у Ерусалім і валадарыў над Ізраілем.
 
І зьвярнуўся Салямон з узвышша, каторае ў Ґівеоне, да Ерузаліму, да будану збору, і гаспадарстваваў у Ізраелю.

І набраў Саламон калясьніц і коньнікаў; і было ў яго тысяча чатырыста калясьніц і дванаццаць тысяч коньнікаў; і ён разьмясьціў іх у калясьнічных гарадах і пры цары ў Ерусаліме.
 
І назьбіраў Салямон цялежак і коньнікаў: і меў ён тысяча чатырыста цялежак і двананцаць тысячаў коньнікаў, каторых ён разьмясьціў па цялежкавых местах і пры каралю ў Ерузаліме.

І зрабіў цар срэбра і золата ў Ерусаліме раўнацэнным простаму каменю, а кедры, па мностве іх, зрабіў раўнацэнным сікаморам, якія на нізкіх мясьцінах.
 
І даў кароль срэбра а золата ў Ерузаліме, як каменьня, а кедраў, подле множасьці, як сыкамораў, што ў даліне.

Коней Саламону прыводзілі зь Егіпта і з Кувы: купцы царскія з Кувы атрымалі іх за грошы.
 
І прыводзілі Салямону коні зь Ягіпту а з Куе, купцы каралеўскія з Куе куплялі подле цаны.

Калясьніцу атрымлівалі і дастаўлялі зь Егіпта за шасьцьсот сікляў срэбра, а каня за сто пяцьдзясят. Такім самым чынам яны рукамі сваімі дастаўлялі гэта ўсім царам Хэтэйскім і царам Арамэйскім.
 
І яны зыходзілі й прывозілі зь Ягіпту цялежкі за шасьцьсот сыкляў срэбра і каня за сто пяцьдзясят. І гэтак перазь іх рукі былі вывожаны ўсім каралём Гэціцкім і каралём Арамскім.