2 летапісаў 19 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І вяртаўся Ёсафат, цар Юдэйскі, у міры ў дом свой у Ерусалім.
І зварачаўся Ясапат, кароль Юдэйскі, у супакою да дому свайго, да Ерузаліму.
І выступіў насустрач яму Іуй, сын Ананіі, празорлівец, і сказаў цару Ёсафату: ці сьлед было табе дапамагаць бязбожніку і любіць ненавісьнікаў Госпада? За гэта на цябе гнеў ад аблічча Гасподняга.
І вышаў наўпярэймы яму Егу Гананёнак, відзеньнік, і сказаў каралю Ясапату: «Ці табе памагаць бязбожнаму і любіць тых, што ненавідзяць СПАДАРА? За тое гнеў на цябе ад СПАДАРА.
Зрэшты, і добрае знойдзена ў табе, бо ты зьнішчыў куміраў у зямлі Юдэйскай і схіліў сэрца тваё да таго, каб ісьціць Бога.
Адылі й добрае знойдзена ў табе ў тым, што ты выпратаў гаі ў зямлі і прыгатаваў сэрца свае шукаць СПАДАРА».
І жыў Ёсафат у Ерусаліме. І зноў пачаў ён абыходзіць народ свой ад Вірсавіі да гары Яфрэмавай, і навяртаў іх да Госпада, Бога бацькоў іхніх.
І жыў Ясапат у Ерузаліме. І ўзноў пачаў ён абходзіць люд ад Веер-Шэвы аж да гары Яхрэмавае, і наварачаў іх да СПАДАРА, Бога айцоў іхных.
І паставіў судзьдзяў на зямлі па ўсіх умацаваных гарадах Юдэі, у кожным горадзе,
І прызначыў судзьдзяў у зямлі па ўсіх умацаваных местах Юдэі, у кажным месьце,
і сказаў судзьдзям: глядзеце, што вы робіце, вы чыніце ня суд чалавечы, а суд Госпада; і Ён з вамі ў справе суду.
І сказаў судзьдзям: «Глядзіце, што вы робіце; бо вы судзіце ня дзеля чалавека, але дзеля СПАДАРА, Каторы з вамі ў справе суду.
Дык вось, хай будзе страх Гасподні на вас: дзейце абачліва, бо няма ў Госпада Бога нашага няпраўды, ні ўвагі на асобы, ні хабарніцтва.
Дык хай страх СПАДАРОЎ будзе на вас: уважайце, што чыніце, бо няма бяспраўя ў СПАДАРА, Бога нашага, ані ўвагі на асобы, ані браньня лапаноў».
І ў Ерусаліме прыставіў Ёсафат зь лявітаў і сьвятароў і ўзначальцаў пакаленьняў у Ізраіля да суду Гасподняга і да цяжбінаў. І вярнуліся ў Ерусалім.
І ў Ерузаліме прызначыў Ясапат ізь Левітаў а ізь сьвятароў а з галоваў айцоў Ізраеля да суду СПАДАРОВАГА і да сьпярэчак. І яны зварачаліся да Ерузаліму.
І даў ім загад, кажучы: так дзейце ў страху Гасподнім, зь вернасьцю і з чыстым сэрцам:
І расказаў ім, кажучы: «Гэтак будзеце рабіць у страху СПАДАРОВЫМ, верна і з супоўным сэрцам.
ва ўсякай справе спрэчнай, якая паступіць да вас ад братоў вашых, што жывуць у гарадах сваіх, ці пра праліваньне крыві, ці пра закон запаведзі, пастановы і абрады, настаўляйце іх, каб яны не правініліся прад Госпадам і ня было б гневу Ягонага на вас і на братоў вашых; так дзейнічайце, — і вы не зграшыце.
І якая справа прыйдзе да вас ад братоў вашых, што жывуць у местах сваіх, меж крыві й крыві, меж Права й расказаньня, уставаў і судоў, вы перасьцерагайце іх, каб яны не грашылі супроці СПАДАРА, і гнеў ня прышоў на вас і на братоў вашых; гэтак чыніце і ня ізгрэшыце.
І вось Амарыя першасьвятар над вамі ва ўсякай дзеі Гасподняй, а Зэвадыя, сын Ісмаілаў, князь дома Юдавага, у кожнай дзеі цара, і наглядчыкі лявіты перад вамі. Будзьце цьвёрдыя і дзейце, і будзе Гасподзь з добрым.
І вось, Амара, найвышшы сьвятар, над вамі ў кажнай справе СПАДАРОВАЙ, а Зэвада Ізмайлёнак, дзяржаўца дому Юдзінага, да ўсіх справаў каралеўскіх, таксама Левіты ўраднікі ў вас. Мацуйцеся а дзейце, і СПАДАР будзе з добрым».