2 летапісаў 20 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Пасьля гэтага Маавіцяне і Аманіцяне, а зь імі некаторыя з стараны Мааніцкай, пайшлі вайною на Ёсафата.
І сталася просьле гэтага: прышлі сынове Моава а сынове Амона, і зь імі з Маонян, ваяваць ізь Ясапатам.
І прыйшлі, і данесьлі Ёсафату, кажучы: ідзе на цябе мноства вялікае з-за мора, ад Сірыі, і вось яны ў Хацацон-Тамары, гэта значыць, у Энгеды.
І прышлі, і наказалі Ясапату, кажучы: «Ідзець на цябе вялікая множасьць з-за мора, ад Арама і во яны ў Гацацон-Тамары, каторая Енґеды».
І збаяўся Ёсафат, і павярнуў твар свой ісьціць Госпада, і абвясьціў пост па ўсёй Юдэі.
І зьлякаўся Ясапат, і зьвярнуў відзеньне свае сачыць СПАДАРА, і абясьціў пост па ўсёй Юдэі.
І сабраліся Юдэі прасіць дапамогі ў Госпада; з усіх гарадоў Юдавых прыйшлі яны ўмольваць Госпада.
І зьберліся Юдэі шукаць СПАДАРА, нават з усіх местаў Юдзіных прышлі яны шукаць СПАДАРА.
І стаў Ёсафат на сходзе Юдэяў і Ерусалімлянаў у доме Гасподнім, перад новым дваром,
І стаў Ясапат у грамадзе Юдэяў а Ерузалімлян у Доме СПАДАРОВЫМ, перад новым панадворкам,
і сказаў: Госпадзе Божа бацькоў нашых! Ці ня Ты Бог на небе? І Ты валадарыш над усімі царствамі народаў, і ў Тваёй руцэ сіла і моц, і ніхто ня ўстоіць супроць Цябе!
І сказаў: «СПАДАРУ, Божа айцоў нашых! Ці ня Ты Бог на нябёсах? І ты пануеш над усімі каралеўствамі паган, і ў Тваёй руццэ сіла а моц, так што ніхто ня можа спрацівіцца Табе!
Ці ня Ты, Божа наш, выгнаў жыхароў зямлі гэтай перад абліччам народу Твайго Ізраіля і аддаў яе семені Абрагама, сябра Твайго, навек?
Ці ня Ты, Божа наш, выгнаў жыхараў зямлі гэтае перад відам люду Свайго, Ізраеля, і аддаў яе насеньню Абрагамоваму, прыяцеля Свайго, на век?
І яны пасяліліся на ёй і пабудавалі Табе на ёй сьвятыню ў імя Тваё, кажучы:
І яны асяліліся на ёй, і пастанавілі Табе на ёй сьвятыню ў імя Твае, кажучы:
калі прыйдзе на нас бедства: меч карны, альбо пошасьць, альбо голад, дык мы станем перад домам гэтым і прад абліччам Тваім, бо імя Тваё ў доме гэтым; і заклічам Цябе ва ўціску нашым, і Ты пачуеш і выратуеш.
"Калі прыйдзе на нас бяда: меч, суд а ліпучка а галадоў, мы станем перад домам гэтым і ў прытомнасьці Тваёй, бо імя Твае ў доме гэтым, і загукаем да Цябе ў немарасьці сваёй, і Ты пачуеш а ўратуеш!"
І сёньня вось Аманіцяне і Маавіцяне, і жыхары гары Сэіра, празь землі якіх Ты не дазволіў прайсьці Ізраільцянам, калі яны ішлі зь зямлі Егіпецкай, а таму яны абмінулі іх і ня вынішчылі іх,
І цяпер, вось, сынове Амонавы а Моаўляне а гара Сэір, каторай Ты не дазволіў Ізраелю перайсьці, як яны йшлі ізь зямлі Ягіпецкае, і яны абмінулі іх, і ня зьнішчылі іх,
вось яны плацяць нам тым, што прыйшлі выгнаць нас са спадчыннага валоданьня Твайго, якое Ты аддаў нам.
Вось, яны плацяць нам, што прышлі выгнаць нас ізь дзяржавы, каторую Ты даў нам на спадак.
Божа наш! Ты судзі іх. Бо няма ў нас сілы супроць мноства гэтага вялікага, якое прыйшло на нас, і мы ня ведаем, што рабіць, але да Цябе вочы нашыя.
Божа наш! ці ня будзеш судзіць іх? бо няма ў нас сілы супроці множасьці гэтае вялікае, што прышла на нас, і мы ня ведаем, што рабіць, але да Цябе вочы нашы!»
І ўсе Юдэі стаялі прад абліччам Гасподнім, і малыя дзеці іхнія, жонкі іхнія і сыны іхнія.
І ўсі Юдэі стаялі перад відам СПАДАРОВЫМ, і дзецяняткі іхныя, жонкі іхныя а сынове іхныя.
Тады на Ёзііла, сына Захара, сына Ванэі, сына Еэла, сына Матаніі, лявіта з сыноў Асафавых, сышоў Дух Гасподні сярод сходу
Тады на Ягазеля, сына Захарынага, сына Венаінага, сына Ееля Матфанёнка, Левіта із сыноў Асафовых, зышоў Дух СПАДАРОЎ сярод грамады,
і сказаў ён: слухайце, усе Юдэі і жыхары Ерусаліма і цар Ёсафат! Так кажа Гасподзь вам: ня бойцеся і не жахайцеся мноства гэтага вялікага, бо ня ваша вайна, а Божая.
І сказаў ён: «Слухайце, усі Юдэі а жыхары Ерузаліму а каролю Ясапаце! Гэтак кажа СПАДАР вам: "Ня бойцеся ані лякайцеся множасьці гэтае вялікае, бо ня ваша вайна, а Божая.
Заўтра выступіце супроць іх: вось яны ўзыходзяць на ўзвышша Цыц, і вы знойдзеце іх у канцы даліны, перад пустыняю Еруілам.
Заўтра зыйдзіце супроці іх; вось, яны ўзыходзяць на схон Цыцу, а вы знойдзеце іх на канцу даліны, перад пустынёю Еруелям.
Ня вам біцца гэтым разам; вы станьце, стойце і глядзеце на ратаваньне Гасподняе, пасыланае вам. Юда і Ерусалім, ня бойцеся і не жахайцеся. Заўтра выступіце насустрач ім, і Гасподзь будзе з вамі.
Ня вам біцца гэты раз; вы станьце, стойце й глядзіце на выбаўленьне СПАДАРОВА вам, Юда а Ерузаліме!" Ня бойцеся а не лякайцеся. Заўтра выйдзіце наўпярэймы ім, і СПАДАР будзе з вамі».
І схіліўся Ёсафат тварам да зямлі, і ўсе Юдэі і жыхары Ерусаліма ўпалі прад Госпадам, каб пакланіцца Госпаду.
І пакланіўся Ясапат відам да зямлі, і ўся Юдэя а жыхары Ерузаліму палі перад СПАДАРОМ, каб пакланіцца СПАДАРУ.
І ўсталі лявіты з сыноў Каатавых, і з сыноў Карэевых — хваліць Госпада Бога Ізраілевага голасам вельмі гучным.
І ўсталі Левіты із сыноў Когафовых а із сыноў Корыных — хваліць СПАДАРА, Бога Ізраелявага, голасам вельмі вялікім а ўзьнятым.
І ўсталі яны з самага рана, і выступілі да пустыні Тэкойскай, і калі яны выступілі, устаў Ёсафат і сказаў: паслухайце мяне, Юдэі і жыхары Ерусаліма! Верце Госпаду Богу вашаму, і будзеце цьвёрдыя; верце прарокам Ягоным, і будзе вам посьпех.
І ўсталі яны рана нараніцы, і выступілі ў бок пустыні Фекойскае; і, як яны выступілі, стаў Ясапат і сказаў: «Паслухайце мяне Юдэі а жыхары Ерузаліму! Верце ў СПАДАРА, Бога свайго, і будзеце непахісныя, верце прарокам Ягоным, і пашчасьце вам»
І раіўся ён з народам, і паставіў сьпевакоў Госпаду, каб яны ў харастве сьвятыні, выступаючы наперадзе ўзброеных, славасловілі і казалі: слаўце Госпада, бо вавек міласьць Ягоная.
І, як ён парадзіўся зь людам, ён пастанавіў пяюноў СПАДАРУ, выхваляць харашыню сьвятасьці, каб вышлі перад узброенымі й казалі: «Выхваляйце СПАДАРА, бо на векі міласэрдзе Ягонае!»
І ў той час, як яны пачалі ўсклікаць і славасловіць, Гасподзь абудзіў нязгодзіцу паміж Аманіцянамі, Маавіцянамі і жыхарамі гары Сэіра, якія прыйшлі ў Юдэю, і былі яны пабітыя:
І ў тую часіну, як яны пачалі пяяць а выхваляць, СПАДАР зьвярнуў засаду супроці сыноў Амонавых, Моававых і гары Сэіру, каторыя вышлі супроці Юды, і яны былі паражаны.
бо паўсталі Аманіцяне і Маавіцяне на жыхароў гары Сэіра, пабіваючы і зьнішчаючы іх, а калі пакончылі з жыхарамі Сэіра, тады пачалі зьнішчаць адзін аднаго.
І паўсталі сынове Амонавы а Моаўляне на жыхараў гары Сэіру, каб разбураць а нішчыць; а як скончылі із жыхарамі Сэіру, тады пачалі нішчыць адны адных.
І калі Юдэі прыйшлі на ўзвышша да пустыні і зірнулі на тое шматлюдства, і вось, — трупы ляжаць на зямлі, і няма ацалелага.
І як Юдэі прышлі аж да назіральнае вежы на пустыні, і глянулі на тую множасьць, і вось — трупы, на зямлі ляжачыя, і няма ўцеклага.
І прыйшоў Ёсафат і народ ягоны забіраць здабычу, і знайшлі ў іх у мностве і маёмасьць, і вопратку, і каштоўныя рэчы, і набралі сабе столькі, што не маглі несьці. І тры дні яны забіралі здабычу, такая вялікая была яна!
І прышоў Ясапат а люд ягоны глабаць здабыткі іхныя, і знайшлі ў іх множасьць і маемасьці, і трупоў, і дарагія рэчы, і набралі сабе толькі, што не панесьці. І тры дні яны глабалі здабытак, бо вялікі ён!
А на чацьвёрты дзень сабраліся ў даліну дабраславеньні, бо там яны дабраславілі Госпада. Таму і называюць тое месца далінаю дабраславеньня да сёньня.
А чацьвертага дня зьберліся на даліну дабраславенства, бо там яны дабраславілі СПАДАРА. Затым і завуць тое месца даліною дабраславенства дагэтуль.
І пайшлі назад усе Юдэі і Ерусалімляне і Ёсафат на чале іх, каб вярнуцца ў Ерусалім зь весялосьцю, бо даў ім Гасподзь перамогу над ворагамі іхнімі.
І абярнуліся кажны муж Юдэі а Ерузаліму, і Ясапат на чале іх, каб зьвярнуцца да Ерузаліму зь весялосьцяй, бо ўзрадаваў іх СПАДАР над варагамі іхнымі.
І прыйшлі ў Ерусалім з псалтырамі і цытрамі і трубамі да дома Гасподняга.
І прышлі да Ерузаліму з псалтырамі а гусьлямі а з трубамі да дому СПАДАРОВАГА.
І быў страх Божы на ўсіх царствах зямных, калі яны пачулі, што Сам Гасподзь ваяваў супроць ворагаў Ізраіля.
І быў страх Божы на ўсіх каралеўскіх краёх, як яны пачулі, што СПАДАР ваяваў супроці варагоў Ізраеля.
І спакойнае стала царства Ёсафатавае, і даў яму Бог ягоны спакой з усіх бакоў.
І было ціха ў каралеўстве Ясапатавым, бо супакоіў яго СПАДАР.
Так валадарыў Ёсафат над Юдэяй: трыццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і дваццаць пяць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Азува, дачка Салаіла.
І гаспадарстваваў Ясапат над Юдаю; яму было трыццаць пяць год, як ён пачаў гаспадарстваваць, і гаспадарстваваў дваццаць пяць год у Ерузаліме. А імя маці ягонае Азува Шылгелішка.
І хадзіў ён шляхам бацькі свайго Асы і ня ўхіляўся ад яго, робячы заўгоднае ў вачах Гасподніх.
І хадзіў ён дарогаю айца свайго Асы, і не адхінаўся ад яе, робячы справядлівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ.
Толькі вышыні ня былі адменены, і народ яшчэ не павярнуў цьвёрда сэрца свайго да Бога бацькоў сваіх.
Адно ўзвышшы ня былі аддалены, і яшчэ люд не прыгатаваў сэрцаў сваіх да Бога айцоў сваіх.
Астатнія дзеі Ёсафата, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Іуя, сына Ананіевага, якія ўнесены ў кнігу цароў Ізраілевых.
Засталыя справы Ясапатавы першыя й апошнія, вось, яны апісаныя ў кнізе Егу Гананёнка, каторая менавана ў кнізе каралёў Ізраельскіх.
Але пасьля таго ўступіў Ёсафат, цар Юдэйскі, ў зносіны з Ахозіем, царом Ізраільскім, які ўчыняў беззаконна.
А просьле тога Ясапат, кароль Юдэйскі, пасябраваў з Агазяю, каралём Ізраельскім, каторы рабіў нягодна.
і паяднаўся зь ім, каб пабудаваць караблі, каб выправіць іх у Тарсіс; і пабудавалі яны караблі ў Эцыён-Гавэры.
І ён пасябраваў ізь ім будаваць караблі, плаваць да Таршышу; і яны пабудавалі караблі ў Ецон-Ґеверу.
І сказаў тады Эліезэр, сын Дадавы з Марэшы, прароцтва на Ёсафата, кажучы: таму што ты ўступіў у зносіны з Ахозіем, дык парушыў Гасподзь дзею тваю. — І разьбіліся караблі, і не маглі ісьці ў Тарсіс.
Тады Елезэр Додавёнак із Марэшы праракаў празь Ясапата, кажучы: «За тое, што ты пасябраваў з Агазяю, СПАДАР разбурыў твае работы». І разьбіліся караблі, і не маглі йсьці да Таршышу.