2 летапісаў 11 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І прыбыў Раваам у Ерусалім і склікаў з дома Юдавага і Веньямінавага сто восемдзесят тысяч адборных воінаў, каб ваяваць зь Ізраілем і вярнуць царства Равааму.
 
І прыбыў Рэговоам да Ерузаліму, і згукаў з дому Юдзінага а Веняміновага сто асьмідзясят тысячаў выборных вояў, каб ваяваць із Ізраелям і зьвярнуць каралеўства Рэговоаму.

І было слова Гасподняе Самэю, чалавеку Божаму, і сказана:
 
І было слова СПАДАРОВА да Шэмаі, чалавека Божага, кажучы:

скажы Равааму, сыну Саламонаваму, цару Юдэйскаму, і ўсяму Ізраілю ў племі Юдавым і Веньямінавым:
 
«Скажы Рэговоаму Салямоненку, каралю Юдэйскаму, і ўсяму Ізраелю ў Юдэі а Веняміне, кажучы:

так кажа Гасподзь: не хадзеце і не пачынайце вайны з братамі вашымі; вяртайцеся кожны ў дом свой, бо Мною зроблена гэта. Яны паслухаліся слоў Гасподніх і вярнуліся з паходу супроць Ераваама.
 
"Гэтак кажа СПАДАР: ’Ня ўзыходзьце й не ваюйце з братамі сваімі; зьвярніцеся кажны да дому свайго, бо ад Мяне было гэта’"». Яны паслухалі слоў СПАДАРОВЫХ, і зьвярнуліся з паходу на Еровоама.

Раваам жыў у Ерусаліме; ён абнёс гарады ў Юдэі сьценамі.
 
Рэговоам жыў у Ерузаліме, і збудаваў абаронныя месты ў Юдэі;

Ён умацаваў Віфляем і Этам і Тэкою,
 
І збудаваў Бэтлеем а Ефам а Фекою

і Вэтцур, і Сахо і Адалам,
 
А Вефцур а Сохо а Адулам

і Гэт і Марэшу, і Зіф
 
А Ґаф а Марэшу а Зыф

і Адараім, і Лахіс і Азэку,
 
А Адораім а Лахіш а Азэку

і Цору і Аялон і Хэўрон, якія былі ў племі Юдавым і Веньямінавым.
 
А Цору а Айялон а Гэўрон, месты ўмацаваныя, што ў Юдзе а Веняміне.

І ўмацаваў ён крэпасьці гэтыя і паставіў у іх начальнікаў і сховішчы для хлеба і драўніннага алею і віна.
 
І ўмацаваў ён гарады, і ўстанавіў у іх вайводцаў, і склады еміны а алівы а віна,

І даў у кожны горад шчыты і дзіды і ўмацаваў іх вельмі добра. І заставаліся за ім Юда і Веньямін.
 
І ў кажным асобным месьце злажыў шчыты а дзіды, і дужа іх умацаваў, маючы на сваім баку Юду а Веняміна.

І сьвятары і лявіты, якія былі па ўсёй зямлі Ізраільскай, сабраліся да яго з усіх межаў,
 
І сьвятары й Левіты, што па ўсёй зямлі Ізраельскай, станавіліся да яго з усіх канцоў сваіх;

бо пакінулі лявіты свае гарадзкія прадмесьці і свае валоданьні і прыйшлі ў Юдэю і ў Ерусалім, бо пакінуў іх Ераваам і сыны ягоныя ад сьвяшчэнства Гасподняга
 
Бо пакінулі Левіты перадмесьці свае а дзяржавы свае, і прышлі да Юдэі а да Ерузаліму, бо аддаліў іх Еровоам а сыны ягоныя ад сьвятарства СПАДАРОВАГА,

і паставіў у сябе жрацоў да вышыняў, і да казлоў і да цялят, якіх ён зрабіў.
 
І прызначыў у сябе сьвятароў да ўзвышшаў а да казлоў а да цялят-бычкоў, каторыя ён зрабіў.

А за імі і з усіх плямёнаў Ізраілевых прыхільныя сэрцам сваім, каб ісьціць Госпада Бога Ізраілевага, прыходзілі ў Ерусалім, каб прыносіць ахвяры Госпаду Богу бацькоў сваіх.
 
А за імі з усіх плямёнаў Ізраелявых, што пасьвяцілі сэрцы свае, шукаць СПАДАРА, Бога Ізраелявага, прыходзілі да Ерузаліму абракаць СПАДАРУ, Богу айцоў сваіх.

І ўмацавалі яны царства Юдава і падтрымлівалі Раваама, сына Саламонавага, тры гады, бо хадзілі шляхам Давіда і Саламона ў гэтыя тры гады.
 
І ўмацавалі яны каралеўства Юдзіна, і пасілілі за тры гады Рэговоама Салямоненка, бо хадзілі дарогаю Давідаваю а Салямонаваю гэтыя тры гады.

І ўзяў сабе Раваам за жонку Міхалату, дачку Ерымота, сына Давідавага, і Авіхаіль, дачку Эліява, сына Есэевага,
 
І ўзяў сабе Рэговоам за жонку Магалафу, дачку Ерымофа Давідзёнка, і Авігаілу, дачку Елява Есянка.

і яна нарадзіла яму сыноў: Еўса і Шэмарыю і Загама.
 
І яна нарадзіла яму сыноў: Еуша а Шэмару а Загама.

Пасьля яе ён узяў Мааху, дачку Авэсаломавую, і яна нарадзіла яму Авію і Атая, і Зізу і Шэламіта.
 
Просьле яе ён узяў Мааху Аўсаломішку, і яна нарадзіла яму Авію а Аттая а Зызу а Шелофіма.

І кахаў Раам Мааху, дачку Авэсаломавую, больш за ўсіх жонак і наложніц сваіх, бо ён меў васямнаццаць жонак і шэсьцьдзясят наложніц і спарадзіў дваццаць восем сыноў і шэсьцьдзясят дочак.
 
І любіў Рэговоам Мааху Аўсаломішку болей за ўсі жонкі а мамошкі свае; бо ён меў асьмінанцаць жонак і шасьцьдзясят мамошак, і нарадзіў дваццаць восьмі сыноў і шасьцьдзясят дачок.

І паставіў Раваам Авію, сына Маахі, узначальцам і князем над братамі ягонымі, бо хацеў паставіць яго царом.
 
І прызначыў Рэговоам Авію, сына Маашынага, за начэльніка над братамі ягонымі, каб устанавіць яго за караля.

І дзейнічаў разумна і разаслаў усіх сыноў сваіх па ўсіх землях Юды і Веньяміна ва ўсе ўмацаваныя гарады, і даў ім утрыманьне вялікае і прышукаў многа жонак.
 
І дзеяў разумна і разьмясьціў усіх сыноў сваіх па ўсіх землях Юдзіных а Веняміновых, да ўсіх абаронных местаў, і даў ім шмат еміны, і пазнаходзіў шмат жонак.