2 летапісаў 18 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І было ў Ёсафата многа багацьця і славы; і парадніўся ён з Ахавам.
І было ў Ясапата шмат багацьця а славы; і пасваячыўся ён із Агавам.
І пайшоў празь некалькі гадоў да Ахава ў Самарыю; і закалоў дзеля яго Ахаў мноства быдла дробнага і буйнога, і дзеля людзей, якія былі зь ім, і схіляў яго ісьці на Рамот Галаадскі.
І пайшоў за колькі год да Агава да Самары. І зарэзаў яму Агаў множасьць статку драбнога й буйнога, і людзём, што былі зь ім, і сьхінаў яго йсьці на Рамоф Ґілеадзкі,
І казаў Ахаў, цар Ізраільскі, Ёсафату, цару Юдэйскаму: ці пойдзеш са мною ў Рамот Галаадскі? Той сказаў Яму: як ты, так і я, як твой народ, так і мой народ: іду з табою на вайну!
І казаў Агаў, кароль Ізраельскі, Ясапату, каралю Юдэйскаму: «Ці пойдзеш із імною да Рамофу Ґілеадзкага?» Тый сказаў яму: «Як ты, так і я; як твой люд, так і мой люд; і з табою на вайне».
І сказаў Ёсафат цару Ізраільскаму: спытайся сёньня, што скажа Гасподзь.
І сказаў Ясапат каралю Ізраельскаму: «Папытайся сядні, што сказаў СПАДАР».
І сабраў цар Ізраільскі прарокаў чатырыста чалавек і сказаў ім: ці ісьці нам на Рамот Галаадскі вайною, ці ўстрымацца? Яны сказалі: ідзі і Бог перадасьць яго ў рукі цара.
І зьбер кароль Ізраельскі прарокаў чатырыста чалавекаў, і сказаў ім: «Ці йсьці нам ваяваць на Рамоф Ґілеадзкі, ці ўзьдзержыцца?» Яны сказалі: «Узыйдзі, і Бог аддасьць у руку караля».
І сказаў Ёсафат: ці няма тут яшчэ прарока Гасподняга? Спытаемся і ў яго.
І сказаў Ясапат: «Ці няма тут яшчэ прарокі СПАДАРОВАГА? папытаемся і ў яго».
І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ёсьць яшчэ адзін чалавек, празь якога можна спытацца ў Госпада; але я ня люблю яго, бо ён не прарочыць пра мяне добрага, а пастаянна прарочыць благое; гэта Міхей сын Емвлая. І сказаў Ёсафат: не кажы так, цару.
І сказаў кароль Ізраельскі Ясапату: «Ё яшчэ адзін чалавек, каторым можна папытацца ў СПАДАРА; але я ненавіджу яго, бо ён не праракае празь мяне добрага, а ўсі дні свае адно благое; гэта Міхей Емлянок». І сказаў Ясапат: «Не кажы так, каролю».
І паклікаў цар Ізраільскі аднаго еўнуха і сказаў: схадзі хутчэй па Міхея, сына Емвлая.
І гукнуў кароль Ізраельскі аднаго легчанца, і сказаў: «Схадзі барзьдзей па Міхея Емлянка».
А цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, сядзелі кожны на сваім троне, апранутыя ў царскую вопратку; сядзелі на плошчы каля брамы Самарыі, і ўсе прарокі прарочылі перад імі.
Кароль жа Ізраельскі а Ясапат, кароль Юдэйскі, сядзелі кажны на сваім пасадзе, адзетыя ў вадзецьці каралеўскія; сядзелі ля ўходу брамы Самары, і ўсі прарокі праракалі перад імі.
І зрабіў сабе Сэдэкія, сын Хэнааны, жалезныя рогі і сказаў: так кажа Гасподзь: імі забадаеш Сірыйцаў да вынішчэньня іх.
І зрабіў сабе Сэдэка Хенаанёнак зялезныя рогі, і сказаў: «Гэтак кажа СПАДАР: "Гэтымі будзеш басьці Арамлян, пакуль іх ня выгубіш"».
І ўсе прарокі прарочылі тое самае, кажучы: ідзі на Рамот Галаадскі; будзе посьпех табе, і аддасьць яго Гасподзь у руку цара.
І ўсі прарокі праракалі гэтак, кажучы: «Узыйдзі на Рамоф Ґілеадзкі: будзе дасьпех табе, і аддасьць СПАДАР у руку каралю».
Пасланец, які пайшоў паклікаць Міхея, казаў яму: вось, прарокі аднагалосна прадказваюць добрае цару; хай бы і тваё слова было такое самае, як кожнага зь іх: скажы і ты добрае.
Пасланец, што пайшоў гукнуць Міхея, гукаў яму, кажучы: «Вось, словы прарокаў добрыя каралю ў вадзін голас; дык хай твае слова, калі ласка, будзе, як кажнага зь іх, і ты гукай добрае».
І сказаў Міхей: жывы Гасподзь, — што скажа мне Бог мой, тое вымаўлю.
І сказаў Міхей: «Жыў СПАДАР: што скажа імне Бог, тое я буду казаць».
І прыйшоў ён да цара, і сказаў яму цар: Міхей, ці ісьці нам вайною на Рамот Галаадскі, ці ўстрымацца? І сказаў той: ідзеце, будзе вам посьпех, і яны аддадзены будуць у рукі вашыя.
І прышоў ён да караля, і сказаў яму кароль: «Міхею, ці йсьці нам ваяваць на Рамоф Ґілеадзкі, ці ўзьдзержыцца?» І сказаў тый: «Узыйдзіце, будзе вам дасьпех, і яны адданы будуць у рукі вашы».
І сказаў яму цар: колькі разоў мне заклінаць цябе, каб ты не гаварыў мне нічога, акрамя праўды, у імя Гасподняе?
І сказаў яму кароль: «Колькі разоў я буду прысягаю абавязаваць цябе, каб ты нічагусенькі не казаў імне, апрача праўды ў імя СПАДАРОВА?»
Тады Міхей сказаў: я бачыў усіх сыноў Ізраіля, расьсеяных па горах, як авечак, у якіх няма пастуха, — і сказаў Гасподзь: няма ў іх начальніка, хай вернуцца кожны ў дом свой зь мірам.
Тады сказаў: «Я бачыў усіх сыноў Ізраеля, рассыпаных па горах, як авечкі, у каторых няма пастыра. І сказаў СПАДАР: "Няма ў іх спадароў, хай зьвернуцца кажны да дому свайго ў супакою"».
І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату, ці не казаў я табе, што ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое?
І сказаў кароль Ізраельскі Ясапату: «Ці не казаў я табе, што ён не праракае празь мяне добрага, але толькі благое?»
І сказаў Міхей: дык выслухайце слова Гасподняе: я бачыў Госпада, Які сядзеў на троне Сваім, і ўсё войска нябеснае стаяла праваруч і леваруч ад Яго.
І сказаў: «Дык слухайце слова СПАДАРОВА: я бачыў СПАДАРА, на пасадзе Сваім седзячага, і ўсе войска нябёснае стаяла па правай і па левай руццэ Яго.
І сказаў Гасподзь: хто звабіў бы Ахава, цара Ізраільскага, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім? І адзін казаў так, другі казаў інакш.
І сказаў СПАДАР: "Хто прынадзіў бы Агава, караля Ізраельскага, каб ён узышоў і загінуў у Рамофе Ґілеадзкім?" І адзін гукаў гэтак, другі гукаў гэнак.
І выступіў адзін дух, і сказаў прад абліччам Госпада і сказаў: я зваблю яго. І сказаў яму Гасподзь: чым?
І выступіў адзін дух, і стаў перад відам СПАДАРА, і сказаў: "Я прынаджу". І сказаў яму СПАДАР: "Чым?"
Той сказаў: я выйду і буду духам падману ў вуснах усіх прарокаў ягоных. І сказаў Ён: ты звабіш яго, і пасьпееш; ідзі і зрабі так.
Тый сказаў: "Я выйду й буду духам маны ў вуснах усіх прарокаў ягоных". І сказаў Ён: "Ты прынадзіш яго, і ты ўзумееш; ідзі й зрабі гэтак".
І цяпер, вось папусьціў Гасподзь духа падману ўвайсьці ў вусны гэтых прарокаў тваіх, але Гасподзь сказаў пра цябе нядобрае.
Дык цяпер, вось, СПАДАР даў духа маны ў вусны гэтых прарокаў тваіх, але СПАДАР гукаў благое празь цябе».
І падышоў Сэдэкія, сын Хэнааны, і ўдарыў Міхея па шчацэ і сказаў: па якой гэта дарозе адышоў ад мяне Дух Гасподні, каб гаварыць у табе?
І дабліжыўся Сэдэка Хенаанёнак, і выцяў Міхея па шчаццэ, і сказаў: «Якою гэта дарогаю перайшоў ад мяне Дух СПАДАРОЎ, каб гукаць у табе?»
І сказаў Міхей: вось ты ўбачыш гэта ў той дзень, калі будзеш бегаць з пакоя ў пакой, каб схавацца.
І сказаў Міхей: «Вось, ты пабачыш таго дня, як будзеш бегаць із пакою да пакою, каб схавацца».
І сказаў цар Ізраільскі: вазьмеце Міхея і зьвядзеце яго да Амона начальніка горада і да Ёаса, сына цара,
І сказаў кароль Ізраельскі: «Вазьміце Міхея, і завядзіце яго да Амона гараднічага а да Ёаша, сына каралёвага,
і скажэце: так кажа цар: пасадзеце гэтага ў цямніцу і кармеце яго хлебам і вадою мала, пакуль я не вярнуся ў міры.
І скажыце: "Гэтак кажа кароль: ’Пасадзіце гэтага ў вязьніцу і давайце яму есьці хлеб немарасьці й ваду немарасьці, пакуль я зьвярнуся ў супакою’"».
І сказаў Міхей: калі ты вернешся ў міры, дык мне Гасподзь гаворыць празь мяне. І сказаў: слухайце гэта, усе людзі,
І сказаў Міхей: «Калі ты зьвернешся ў супакою, то не СПАДАР гукаў імною». І сказаў: «Слухайце, усі люды!»
і пайшоў цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, да Рамота Галаадскага.
І ўзышоў кароль Ізраельскі а Ясапат, кароль Юдэйскі, да Рамофу Ґілеадзкага.
І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: я пераапрануся і ўступлю ў бітву, а ты надзень сваю царскую вопратку. І пераапрануўся цар Ізраільскі, і ўступілі ў бітву.
І сказаў кароль Ізраельскі Ясапату: «Я пераадзенуся й пайду ў бітву, але ты надзень адзецьці свае». І пераадзеўся кароль Ізраельскі, і ўступілі ў бітву.
І цар Сірыйскі загадаў начальнікам калясьніц, якія былі ў яго, сказаўшы: ня бецеся ні з малым, ні зь вялікім, а толькі з адным царом Ізраільскім.
А кароль Арамскі расказаў князём цялежак сваіх, бытым у яго, сказаўшы: «Ня біцеся ані з малым, ані зь вялікім, толькі з адным каралём Ізраельскім».
І калі ўбачылі Ёсафата начальнікі калясьніц, дык падумалі: гэта цар Ізраільскі, — і акружылі яго, каб біцца зь ім. Але Ёсафат закрычаў, і Гасподзь памог яму, і адвёў іх Бог ад яго.
І як абачылі Ясапата князі цялежак, то сказалі: «Гэта кароль Ізраельскі», — і абступілі яго, каб біцца зь ім. Але Ясапат закрычэў, і СПАДАР памог яму, і адвёў іх Бог ад яго.
І калі ўбачылі начальнікі калясьніц, што гэта ня быў цар Ізраільскі, дык павярнулі ад яго.
І як абачылі князі цялежак, што гэта ня быў кароль Ізраельскі, то павярнуліся ад яго.
Тым часам адзін чалавек выпадкова нацягнуў лук свой, і параніў цара Ізраільскага праз швы латаў. І сказаў ён калясьнічаму: павярні назад, і вязі мяне ад войска, бо я паранены.
Прымеж тога адзін чалавек ненарокам напяў лук і паразіў караля Ізраельскага, памеж панцырнага шва. І сказаў ён возьніку: «Павярні назад і вывязі мяне з табару, бо я захварэў».
Але бітва таго дня ўзмацнілася і цар Ізраільскі стаяў на калясьніцы насупраць Сірыйцаў да вечара і памёр на захадзе сонца.
Але бітва таго дня павялічылася; і кароль Ізраельскі стаяў на цялежках насупроці Арамлян аж да вечара, і памер заходам сонца.