2 летапісаў 18 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І было ў Ёсафата многа багацьця і славы; і парадніўся ён з Ахавам.
 
Такім чынам, Язафат быў багатым і вельмі слаўным, і зрадніўся ён з Ахабам.

І пайшоў празь некалькі гадоў да Ахава ў Самарыю; і закалоў дзеля яго Ахаў мноства быдла дробнага і буйнога, і дзеля людзей, якія былі зь ім, і схіляў яго ісьці на Рамот Галаадскі.
 
І па некалькіх гадах накіраваўся да Ахаба ў Самарыю, і да прыбыцця яго Ахаб забіў многа авечак і валоў, яму і народу, які прыбываў разам з ім; і ўгаварыў яго, каб ён пайшоў з ім супраць Рамота ў Галаадзе.

І казаў Ахаў, цар Ізраільскі, Ёсафату, цару Юдэйскаму: ці пойдзеш са мною ў Рамот Галаадскі? Той сказаў Яму: як ты, так і я, як твой народ, так і мой народ: іду з табою на вайну!
 
І Ахаб, цар Ізраэля, сказаў Язафату, цару Юдэі: «Хадзі са мною ў Рамот у Галаадзе». Той адказаў яму: «Я так, як і ты; народ мой, як і твой народ, і разам з табою будзем ваяваць».

І сказаў Ёсафат цару Ізраільскаму: спытайся сёньня, што скажа Гасподзь.
 
І сказаў Язафат цару Ізраэля: «Парайся, прашу, пры сённяшніх справах, што кажа Госпад».

І сабраў цар Ізраільскі прарокаў чатырыста чалавек і сказаў ім: ці ісьці нам на Рамот Галаадскі вайною, ці ўстрымацца? Яны сказалі: ідзі і Бог перадасьць яго ў рукі цара.
 
Тады цар Ізраэля сабраў чатырыста чалавек прарокаў і спытаўся ў іх: «Ці ісці нам на Рамот у Галаадзе вайной, ці павінны мы ўстрымацца?» А яму: «Ідзі, — кажуць, — і аддасць іх Бог у рукі цара».

І сказаў Ёсафат: ці няма тут яшчэ прарока Гасподняга? Спытаемся і ў яго.
 
І адазваўся Язафат: «Ці няма тут яшчэ іншага прарока Госпадава, каб ад яго таксама даведацца?»

І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ёсьць яшчэ адзін чалавек, празь якога можна спытацца ў Госпада; але я ня люблю яго, бо ён не прарочыць пра мяне добрага, а пастаянна прарочыць благое; гэта Міхей сын Емвлая. І сказаў Ёсафат: не кажы так, цару.
 
Тады сказаў цар Ізраэля Язафату: «Яшчэ ёсць адзін чалавек, у якога маглі б мы спытацца пра волю Госпадаву; але я яго зненавідзеў, бо ён увесь час прарочыць для мяне не дабро, а ліха: гэта Міхей, сын Емлі». І сказаў Язафат: «Не гавары, цар, гэтак».

І паклікаў цар Ізраільскі аднаго еўнуха і сказаў: схадзі хутчэй па Міхея, сына Емвлая.
 
Дык пазваў цар Ізраэля аднаго з еўнухаў і сказаў яму: «Пакліч як найхутчэй Міхея, сына Емлі».

А цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, сядзелі кожны на сваім троне, апранутыя ў царскую вопратку; сядзелі на плошчы каля брамы Самарыі, і ўсе прарокі прарочылі перад імі.
 
Затым цар Ізраэля і цар Юдэі Язафат абодва селі на пасады свае, апранутыя ў шаты царскія; сядзелі ж на плошчы каля Самарыйскай брамы, і ўсе прарокі прарочылі перад абліччам іх.

І зрабіў сабе Сэдэкія, сын Хэнааны, жалезныя рогі і сказаў: так кажа Гасподзь: імі забадаеш Сірыйцаў да вынішчэньня іх.
 
Сэдэцыя ж, сын Ханааны, зрабіў сабе жалезныя рогі і казаў: «Гэта кажа Госпад: “Імі будзеш турбаваць Сірыю аж да знішчэння яе”».

І ўсе прарокі прарочылі тое самае, кажучы: ідзі на Рамот Галаадскі; будзе посьпех табе, і аддасьць яго Гасподзь у руку цара.
 
Ды ўсе прарокі падобна прарочылі, і казалі: «Ідзі ў Рамот Галаадскі, і пашчаслівіцца. Аддасць іх Бог у рукі цара».

Пасланец, які пайшоў паклікаць Міхея, казаў яму: вось, прарокі аднагалосна прадказваюць добрае цару; хай бы і тваё слова было такое самае, як кожнага зь іх: скажы і ты добрае.
 
Пасланец жа, які пайшоў клікаць Міхея, сказаў яму: «Вось, прароцтвы ўсіх прарокаў у адзін голас дабро цару прадказваюць; дык прашу цябе, каб і слова тваё ад іх не рознілася, і прарочы шчаслівае».

І сказаў Міхей: жывы Гасподзь, — што скажа мне Бог мой, тое вымаўлю.
 
Міхей яму адказаў: «Хай жыве Госпад, бо што скажа Бог мой, тое я гавару».

І прыйшоў ён да цара, і сказаў яму цар: Міхей, ці ісьці нам вайною на Рамот Галаадскі, ці ўстрымацца? І сказаў той: ідзеце, будзе вам посьпех, і яны аддадзены будуць у рукі вашыя.
 
Такім чынам, прыбыў да цара. Цар пытаецца ў яго: «Міхей, маем мы ісці ў Рамот у Галаадзе ваяваць, ці ўстрымацца?» Ён адказаў яму: «Ідзіце, і хай вам шчаслівіцца, каб ворагі трапілі ў вашы рукі».

І сказаў яму цар: колькі разоў мне заклінаць цябе, каб ты не гаварыў мне нічога, акрамя праўды, у імя Гасподняе?
 
І сказаў цар: «Колькі разоў маю цябе заклінаць, каб ты не казаў мне нічога другога, толькі праўду ў імя Госпада».

Тады Міхей сказаў: я бачыў усіх сыноў Ізраіля, расьсеяных па горах, як авечак, у якіх няма пастуха, — і сказаў Гасподзь: няма ў іх начальніка, хай вернуцца кожны ў дом свой зь мірам.
 
Тады сказаў ён: «Бачыў я ўвесь Ізраэль расцярушаны па гарах, як авечкі без пастуха. І сказаў Госпад: “Не маюць яны гаспадара; хай вяртаецца кожны ў дом свой у супакоі!”»

І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату, ці не казаў я табе, што ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое?
 
І сказаў цар Ізраэля Язафату: «Ці не казаў я табе, што ён не праракуе мне нічога добрага, але тое, што благое?»

І сказаў Міхей: дык выслухайце слова Гасподняе: я бачыў Госпада, Які сядзеў на троне Сваім, і ўсё войска нябеснае стаяла праваруч і леваруч ад Яго.
 
А таму Міхей сказаў: «Слухайце слова Госпадава. Убачыў я Госпада, Які сядзіць на сваім пасадзе, ды ўсё нябеснае войска, якое абкружае Яго з правага і з левага боку;

І сказаў Гасподзь: хто звабіў бы Ахава, цара Ізраільскага, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім? І адзін казаў так, другі казаў інакш.
 
і спытаў Госпад: “Хто падмане цара Ізраэля Ахаба, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім?” І калі адзін казаў так, а другі інакш,

І выступіў адзін дух, і сказаў прад абліччам Госпада і сказаў: я зваблю яго. І сказаў яму Гасподзь: чым?
 
тады выступіў адзін дух, і стаў перад Госпадам, і сказаў: “Я падману яго”. Спытаўся ў яго Госпад: “Чым яго падманеш?”

Той сказаў: я выйду і буду духам падману ў вуснах усіх прарокаў ягоных. І сказаў Ён: ты звабіш яго, і пасьпееш; ідзі і зрабі так.
 
А ён адказаў: “Пайду і стану духам ілжывым у вуснах усіх яго прарокаў”. І сказаў Госпад: “Падманеш і пераможаш. Ідзі і так зрабі”.

І цяпер, вось папусьціў Гасподзь духа падману ўвайсьці ў вусны гэтых прарокаў тваіх, але Гасподзь сказаў пра цябе нядобрае.
 
Дык цяпер знай, што Госпад даў духа хлусні ў вусны ўсіх тваіх прарокаў ды Госпад прадказаў табе няшчасце».

І падышоў Сэдэкія, сын Хэнааны, і ўдарыў Міхея па шчацэ і сказаў: па якой гэта дарозе адышоў ад мяне Дух Гасподні, каб гаварыць у табе?
 
Тады Сэдэцыя, сын Ханааны, падышоў і ўдарыў па твары Міхея і сказаў: «Якой дарогай прыйшоў Дух Госпадаў ад мяне, каб сказаць табе?»

І сказаў Міхей: вось ты ўбачыш гэта ў той дзень, калі будзеш бегаць з пакоя ў пакой, каб схавацца.
 
І Міхей сказаў: «Ты сам убачыш у той дзень, калі будзеш уваходзіць то ў адзін пакой, то ў іншы, каб схавацца».

І сказаў цар Ізраільскі: вазьмеце Міхея і зьвядзеце яго да Амона начальніка горада і да Ёаса, сына цара,
 
А цар Ізраэля загадаў, кажучы: «Вазьміце Міхея і завядзіце яго да Амона, начальніка горада, і да Ёаса, сына цара,

і скажэце: так кажа цар: пасадзеце гэтага ў цямніцу і кармеце яго хлебам і вадою мала, пакуль я не вярнуся ў міры.
 
і скажыце: “Гэта загадвае цар: “Укіньце яго ў вязніцу і дайце яму крыху хлеба і трошкі вады, пакуль не вярнуся ў супакоі”».

І сказаў Міхей: калі ты вернешся ў міры, дык мне Гасподзь гаворыць празь мяне. І сказаў: слухайце гэта, усе людзі,
 
І Міхей сказаў: «Калі вернешся ў супакоі, не сказаў мне гэтага Госпад». Затым сказаў: «Слухайце ўсе народы!»

і пайшоў цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, да Рамота Галаадскага.
 
Такім чынам, цар Ізраэля і Язафат, цар Юдэі, пайшлі ваяваць у Рамот у Галаадзе.

І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: я пераапрануся і ўступлю ў бітву, а ты надзень сваю царскую вопратку. І пераапрануўся цар Ізраільскі, і ўступілі ў бітву.
 
І звярнуўся цар Ізраэля да Язафата: «Я змяню адзенне і так пайду ваяваць; а ты апраніся ў твае шаты». Затым цар Ізраэля, змяніўшы адзенне, уступіў у бой.

І цар Сірыйскі загадаў начальнікам калясьніц, якія былі ў яго, сказаўшы: ня бецеся ні з малым, ні зь вялікім, а толькі з адным царом Ізраільскім.
 
Цар жа Сірыі загадаў кіраўнікам калясніц сваіх, кажучы: «Не ваюйце ані супраць малага, ані супраць вялікага, адно толькі супраць цара Ізраэля!»

І калі ўбачылі Ёсафата начальнікі калясьніц, дык падумалі: гэта цар Ізраільскі, — і акружылі яго, каб біцца зь ім. Але Ёсафат закрычаў, і Гасподзь памог яму, і адвёў іх Бог ад яго.
 
Дык калі кіраўнікі калясніц убачылі Язафата, сказалі: «Гэта цар Ізраэля!» І акружылі яго, каб з ім ваяваць. Але ён ускрыкнуў да Госпада, і памог Ён яму, і Бог адвярнуў іх ад яго.

І калі ўбачылі начальнікі калясьніц, што гэта ня быў цар Ізраільскі, дык павярнулі ад яго.
 
Бо калі кіраўнікі калясніц убачылі, што ён не цар Ізраэля, яны пакінулі яго.

Тым часам адзін чалавек выпадкова нацягнуў лук свой, і параніў цара Ізраільскага праз швы латаў. І сказаў ён калясьнічаму: павярні назад, і вязі мяне ад войска, бо я паранены.
 
Здарылася, аднак, што адзін з ваяроў выпадкова пусціў стралу і прабіў цара Ізраэля паміж засцежкамі кальчугі. Дык ён сказаў возніку свайму: «Павярні сваю руку і выведзі мяне з бою, бо я паранены».

Але бітва таго дня ўзмацнілася і цар Ізраільскі стаяў на калясьніцы насупраць Сірыйцаў да вечара і памёр на захадзе сонца.
 
І ўскладніўся бой у той дзень; цар жа стаяў у калясніцы сваёй насупраць сірыйцаў да вечара і на захадзе сонца памёр.