2 летапісаў 16 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
На трыццаць шостым годзе валадараньня Асы пайшоў Вааса, цар Ізраільскі, на Юдэю і пачаў будаваць Раму; каб не дазволіць нікому ні сыходзіць ад Асы, цара Юдэйскага, ні прыходзіць да яго.
А на трыццаць шосты год царавання Асы напаў Бааса, цар Ізраэля, на Юдэю; і мурам акружыў Раму, каб ніхто не мог вольна выйсці і ўвайсці з царства Асы.
І вынес Аса срэбра і золата са скарбніц дома Гасподняга і дома царскага і паслаў да Ванадада, цара Сірыйскага, які жыў у Дамаску, кажучы:
Дык узяў тады Аса срэбра і золата са скарбаў дома Госпадавага і з палаца царскага ды паслаў Бэнададу, цару Сірыі, які жыў у Дамаску, кажучы:
хай будзе саюз паміж мною і табою, як быў паміж бацькам маім і бацькам тваім: вось я пасылаю табе срэбра і золата: ідзі парві спрымірэнства тваё з Ваасам, царом Ізраільскім; каб ён адступіўся ад мяне.
«Трывае дамова між мною і табою, і між маім бацькам і тваім бацькам; дзеля таго паслаў табе срэбра і золата, каб ты, разарваўшы дамову, якую маеш з Баасам, царом Ізраэля, прымусіў яго ад мяне адступіцца».
І паслухаўся Ванадад цара Асы і паслаў ваеначальнікаў, якія былі ў яго, супроць гарадоў Ізраільскіх, і яны спустошылі Іён і Дан і Авэлмаім і ўсе запасы ў гарадах Нэфталімавых.
Бэнадад паслухаў цара Асу і паслаў кіраўнікоў войскаў сваіх у гарады Ізраэля; напалі яны на Агіён, і Дан, і Абэл-Маім і на ўсе склады гарадоў Нэфталі.
І калі дачуўся пра гэта Вааса, дык перастаў будаваць Раму і спыніў працу сваю.
Калі пра гэта пачуў Бааса, перастаў адбудоўваць Раму ды спыніў сваю работу.
А Аса цар сабраў усіх Юдэяў, і яны вывезьлі з Рамы камяні і дрэва, якое ўжываў Вааса на будаўніцтве, — і пабудаваў зь іх Гэву і Міцфу.
Затым цар Аса сабраў усю Юду, і забралі яны з Рамы камяні і дрэвы, якімі карыстаўся пры будаўніцтве Бааса, ды з іх пабудавалі Габу і Міцпу.
У той час прыйшоў Ананій празорлівец да Асы, цара Юдэйскага, і сказаў яму: як што ты паспадзяваўся на цара Сірыйскага і не спадзяваўся на Госпада Бога твайго, таму і ўратавалася войска цара Сірыйскага ад рукі тваёй.
У той час прыйшоў Ханані Прадракальнік да Асы, цара Юдэі, ды сказаў яму: «Таму што ты меў надзею на цара Сірыі, а не на Госпада, Бога твайго, таму выйдзе з-пад рукі тваёй войска цара Сірыі.
І ці ня былі Эфіопы і Лівійцы зь сілаю большаю і з калясьніцамі і коньнікамі вельмі шматлікімі? Але як ты спадзяваўся на Госпада, дык Ён аддаў іх у рукі твае,
Ці ж этыёпцы і лібійцы не былі вялікай сілай дзеля калясніц, і коннікаў, і вялікай колькасці? Іх, — бо ты верыў Госпаду, — аддаў Ён у рукі твае!
бо вочы Госпада азіраюць усю зямлю, каб падтрымаць тых, чыё сэрца цалкам аддадзена Яму. Безразважліва ты ўчыніў цяпер. За тое ад сёньня будуць у цябе войны.
Вочы бо Госпадавы сочаць за ўсёю зямлёю, і даюць мужнасць тым, хто шчырым сэрцам верыць у Яго. Дык неразумна паступаў ты ў гэтым, бо ад цяперашняга часу пачнуцца войны супраць цябе».
І разгневаўся Аса на празорліўца і ўвязьніў яго ў цямніцу, бо праз гэта быў раздражнёны на яго; уціскаў Аса і некаторых з народу ў той час.
І, разгневаўшыся на Прадракальніка, Аса загадаў яго ўкінуць у вязніцу, бо надта быў дзеля гэтага ўзлаваны; і ў той час мучыў Аса і другіх з народа.
І вось дзеі Асы, першыя і апошнія, апісаны ў кнізе цароў Юдэйскіх і Ізраільскіх.
А першыя і апошнія дзеянні Асы запісаны былі ў кнізе цароў Юдэі і Ізраэля.
І зрабіўся Аса хворы нагамі на трыццаць дзявятым годзе валадараньня свайго, і хвароба ягоная паднялася да верхніх частак цела; але ён у хваробе сваёй шукаў ня Госпада, а лекараў.
Таксама захварэў Аса вельмі цяжкай хваробай ног на трыццаць дзевятым годзе свайго царавання; але і ў хваробе сваёй не шукаў Госпада, але больш спадзяваўся на майстэрства лекараў.
І спачыў Аса з бацькамі сваімі і памёр на сорак першым годзе валадараньня свайго.
І супачыў Аса са сваімі бацькамі, і памёр на сорак першым годзе свайго валадарання.
І пахавалі яго ў магільніцы, якую ён уладзіў сабе ў горадзе Давідавым; і паклалі яго на ложы, якое напоўнілі пахошчамі і рознымі штучнымі масьцямі і спалілі іх для яго вялікае мноства.
І пахавалі яго ў яго труне, якую прыгатаваў сабе ў горадзе Давіда; і паклалі яго на ложку, поўным духмянасцей і розных намашчэнняў, што былі прыгатаваны майстэрствам гандляроў мазямі, і спалілі іх пры пахаванні вялікае мноства.