2 летапісаў 16 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

У трыццаць шостым годзе валадараньня Асы пайшоў Бааша, валадар Ізраіля, супраць Юды, і пачаў будаваць Раму, каб не дазволіць выходзіць ад Асы, валадара Юды, ані прыходзіць.
 
А на трыццаць шосты год царавання Асы напаў Бааса, цар Ізраэля, на Юдэю; і мурам акружыў Раму, каб ніхто не мог вольна выйсці і ўвайсці з царства Асы.

І вынес Аса срэбра і золата са скарбніцы Дому ГОСПАДА і дому валадара, і паслаў да Бэн-Гадада, валадара Сірыі, які жыў у Дамаску, кажучы:
 
Дык узяў тады Аса срэбра і золата са скарбаў дома Госпадавага і з палаца царскага ды паслаў Бэнададу, цару Сірыі, які жыў у Дамаску, кажучы:

«Запавет [ёсьць] паміж мною і табою, паміж бацькам маім і бацькам тваім. Вось, я пасылаю табе срэбра і золата. Пайдзі, паруш запавет твой з Баашам, валадаром Ізраілю, і ён адступіцца ад мяне».
 
«Трывае дамова між мною і табою, і між маім бацькам і тваім бацькам; дзеля таго паслаў табе срэбра і золата, каб ты, разарваўшы дамову, якую маеш з Баасам, царом Ізраэля, прымусіў яго ад мяне адступіцца».

І паслухаў Бэн-Гадад валадара Асу, і паслаў начальнікаў войска, якія ў яго, супраць гарадоў Ізраіля, і яны зруйнавалі Іён, Дан, Абэль-Маім і ўсе сьвірны [запасаў] у гарадах Нэфталі.
 
Бэнадад паслухаў цара Асу і паслаў кіраўнікоў войскаў сваіх у гарады Ізраэля; напалі яны на Агіён, і Дан, і Абэл-Маім і на ўсе склады гарадоў Нэфталі.

І сталася, калі пачуў [пра гэта] Бааша, ён пакінуў будаваць Раму і спыніў працу сваю.
 
Калі пра гэта пачуў Бааса, перастаў адбудоўваць Раму ды спыніў сваю работу.

І валадар Аса сабраў усяго Юду, і яны вынесьлі камяні з Рамы і дрэвы ейныя, якія ўжываў Бааша на будоўлю, і ён пабудаваў з іх Гіву і Міцпу.
 
Затым цар Аса сабраў усю Юду, і забралі яны з Рамы камяні і дрэвы, якімі карыстаўся пры будаўніцтве Бааса, ды з іх пабудавалі Габу і Міцпу.

У той час прыйшоў Ханані, відушчы, да Асы, валадара Юды, і сказаў яму: «За тое, што ты абапіраўся на валадара Сірыі, а не абапіраўся на ГОСПАДА, Бога твайго, войска валадара Сірыі ўцякло з рукі тваёй.
 
У той час прыйшоў Ханані Прадракальнік да Асы, цара Юдэі, ды сказаў яму: «Таму што ты меў надзею на цара Сірыі, а не на Госпада, Бога твайго, таму выйдзе з-пад рукі тваёй войска цара Сірыі.

Ці не былі Кушане і Лібійцы войскам вялікім з калясьніцамі і вершнікамі вельмі шматлікімі? Але калі ты абапёрся на ГОСПАДА, Ён аддаў іх у руку тваю.
 
Ці ж этыёпцы і лібійцы не былі вялікай сілай дзеля калясніц, і коннікаў, і вялікай колькасці? Іх, — бо ты верыў Госпаду, — аддаў Ён у рукі твае!

Бо ГОСПАД вачыма Сваімі абыходзіць усю зямлю, каб умацоўваць тых, чыё сэрца цалкам з Ім. Дрэнна ты зрабіў. Бо цяпер будуць у цябе войны».
 
Вочы бо Госпадавы сочаць за ўсёю зямлёю, і даюць мужнасць тым, хто шчырым сэрцам верыць у Яго. Дык неразумна паступаў ты ў гэтым, бо ад цяперашняга часу пачнуцца войны супраць цябе».

І зазлаваўся Аса на відушчага, і кінуў яго ў вязьніцу, бо ён быў загневаны на яго з гэтай прычыны. І ўціскаў Аса [некаторых] з народу ў гэты час.
 
І, разгневаўшыся на Прадракальніка, Аса загадаў яго ўкінуць у вязніцу, бо надта быў дзеля гэтага ўзлаваны; і ў той час мучыў Аса і другіх з народа.

І вось дзеяньні Асы, першыя і апошнія, і вось, яны запісаныя ў Кнізе валадароў Юды і Ізраілю.
 
А першыя і апошнія дзеянні Асы запісаны былі ў кнізе цароў Юдэі і Ізраэля.

І захварэў Аса на ногі ў трыццаць дзявятым годзе валадараньня свайго, і хвароба ягоная была цяжкая, але нават у хваробе сваёй ён шукаў ня ГОСПАДА, але лекараў.
 
Таксама захварэў Аса вельмі цяжкай хваробай ног на трыццаць дзевятым годзе свайго царавання; але і ў хваробе сваёй не шукаў Госпада, але больш спадзяваўся на майстэрства лекараў.

І супачыў Аса з бацькамі сваімі, і памёр у сорак першым годзе валадараньня свайго.
 
І супачыў Аса са сваімі бацькамі, і памёр на сорак першым годзе свайго валадарання.

І пахавалі яго ў магіле ягонай, якую ён выкапаў сабе ў горадзе Давіда; і палажылі яго на ложку, які быў напоўнены пахошчамі і рознымі масьцямі, прыгатаванымі работай мяшальніка масьцяў, і спалілі іх для яго агнём вельмі вялікім.
 
І пахавалі яго ў яго труне, якую прыгатаваў сабе ў горадзе Давіда; і паклалі яго на ложку, поўным духмянасцей і розных намашчэнняў, што былі прыгатаваны майстэрствам гандляроў мазямі, і спалілі іх пры пахаванні вялікае мноства.