2 летапісаў 25 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Дваццаць пяць гадоў было Амазіі, калі ён пачаў валадарыць, і дваццаць дзевяць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Егааддан з Ерусаліму.
 
Дваццаць пяць гадоў меў Амазія, калі стаў царом, і дваццаць дзевяць гадоў цараваў у Ерузаліме. Імя маці яго Ёадэн з Ерузаліма.

І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, але ня шчырым сэрцам.
 
І рабіў ён справядлівае перад абліччам Госпада, але не са шчырым сэрцам.

І сталася, калі ўмацавалася за ім валадарства, ён пазабіваў слугаў сваіх, якія забілі валадара, бацьку ягонага.
 
І, калі ён убачыў, што ўмацаваў сваю ўладу, то забіў паміж паслугачоў сваіх тых, якія забілі бацьку яго, цара,

Але сыноў іхніх не пазабіваў, бо напісана ў Законе, у кнізе Майсея, якому загадаў ГОСПАД, кажучы: «Не памруць бацькі за сыноў, і сыны не памруць за бацькоў, але кожны за грэх свой мае памерці».
 
але не забіў іх сыноў згодна з тым, што напісана ў кнізе закону Майсея, дзе загадаў Госпад, кажучы: «Хай не будуць забітыя бацькі за сыноў, ані сыны за сваіх бацькоў, але кожны памрэ за свой грэх».

І сабраў Амазія Юду, і паставіў іх паводле дамоў бацькоў, паводле начальнікаў над тысячамі і паводле начальнікаў над сотнямі ў-ва ўсім Юдзе і Бэн’яміне; і палічыў іх ад веку дваццаці гадоў і вышэй, і знайшоў іх трыста тысячаў чалавек выбраных, якія выходзяць на вайну і трымаюць дзіду і шчыт.
 
Такім чынам, сабраў Амазія жыхароў Юдэі, і паставіў іх па родах тысячнікамі і сотнікамі для ўсёй Юдэі ды Бэньяміна. І далей палічыў ён усіх ад дваццаці гадоў і вышэй, і выявіў трыста тысяч юнакоў, здатных да бою і трымаючых дзіду і шчыт.

І наняў ён у Ізраілі сто тысячаў ваяроў мужных за сто талентаў срэбра.
 
Прытым наняў з Ізраэля сто тысяч баявых ваяроў за сто талентаў срэбра.

І чалавек Божы прыйшоў да яго, кажучы: «Валадару, няхай не ідзе з табою войска Ізраіля, бо няма ГОСПАДА з Ізраілем, з усімі сынамі Эфраіма.
 
А прыйшоў да яго чалавек Божы і кажа: «О цар, хай не ідзе з табой войска Ізраэля; бо Госпад не з Ізраэлем ані з ніводным сынам Эфраіма.

Але ты ідзі, рабі, будзь мужны ў бітве, бо можа зрабіць Бог, што ты спатыкнешся перад абліччам ворага, бо ёсьць моц у Бога, каб дапамагчы і каб прывесьці да спатыкненьня».
 
Калі думаеш, што войны абапіраюцца на сілу войска, то Бог дасць ворагам перамогу над табою: у моцы бо Божай і дапамагаць, і да ўцёку змушаць».

І сказаў Амазія чалавеку Божаму: «А што рабіць з сотняй талентаў, якія я аддаў дружынам Ізраіля?» І сказаў чалавек Божы: «ГОСПАД можа даць табе больш за гэта».
 
Ды сказаў Амазія чалавеку Божаму: «Дык што станецца са ста талентамі, якія я выдаў ваярам Ізраэля?» І чалавек Божы адказаў яму: «Госпад мае моц даць табе значна больш за гэта».

І аддзяліў Амазія тыя дружыны, якія прыйшлі да яго з Эфраіма, каб яны ішлі на месца сваё. І вельмі ўзгарэўся гнеў іхні на Юду, і яны вярнуліся на месца сваё, палаючы гневам.
 
Такім чынам, Амазія раздзяліў войска, што прыйшло да яго з Эфраіма, каб вярнуліся ў свае мясціны; а яны, надта ўзлаваўшыся на Юдэю, вярнуліся ў сваю краіну.

А Амазія ўмацаваўся, і павёў народ свой, і пайшоў у даліну Салёную, і пабіў сыноў Сэіру дзесяць тысячаў.
 
Потым Амазія ўпэўнена вывеў войска сваё, і павёў у Саляны лог і пабіў там дзесяць тысяч сыноў Сэіра.

І дзесяць тысячаў жывых узялі ў палон сыны Юды; і прывялі іх на вяршыню скалы, і скінулі іх з вяршыні скалы, і ўсе яны разьбіліся.
 
І іншых дзесяць тысяч ваяроў сыны Юды ўзялі ў палон, і прывялі да абрыву якойсьці скалы, і спіхнулі іх з вяршыні ў бездань, так што ўсе пазабіваліся.

А людзі з дружынаў, якіх Амазія вярнуў, каб яны не ішлі з ім на вайну, рассыпаліся па гарадах Юды, ад Самарыі аж да Бэт-Харону; і забілі там тры тысячы [чалавек], і нарабавалі здабычу вялікую.
 
А тое войска, якое Амазія адправіў, каб не ішло з ім на вайну, рассыпалася па гарадах Юдэі ад Самарыі аж па Бэтарон, ды, забіўшы тры тысячы ваяроў, узялі яны вялікую здабычу.

І сталася, калі Амазія вярнуўся, пабіўшы Эдомцаў, ён прынёс багоў сыноў Сэіру, і паставіў іх у сябе як багоў, і перад імі пакланіўся, і для іх кадзіў.
 
Амазія ж, пабіўшы ідумейцаў, прынёс багоў сыноў Сэіра ды паставіў іх у сябе багамі, і пакланяўся перад імі, і ўспальваў ім.

І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА на Амазію, і Ён паслаў да яго прарока, і той сказаў яму: «Дзеля чаго ты шукаеш багоў народу, якія ня выбавілі народу свайго ад рукі тваёй?»
 
З гэтае прычыны разгневаўся Госпад на Амазію ды паслаў да яго прарока, каб сказаў яму: «Чаму пакланяешся багам, якія не абаранілі свайго народа ад тваёй рукі?»

І сталася, калі ён прамаўляў, [валадар] сказаў: «Ці я паставіў цябе дарадцам валадара? Перастань, навошта я маю забіць цябе?» І перастаў прарок, і сказаў: «Я ведаю, што Бог пастанавіў загубіць цябе, бо ты зрабіў гэта і не паслухаў рады маёй».
 
І калі ён гэта яму казаў, той адказаў яму: «Ці ж мы зрабілі цябе дарадчыкам цара? Перастань! Каб не забіў я цябе!» І перастаў прарок, сказаўшы: «Але я ведаю, што рашыў Бог забіць цябе, бо ты зрабіў такое і не паслухаў маёй парады».

І радзіўся Амазія, валадар Юды, і паслаў да Ёаша, сына Егаахаза, сына Егу, валадара Ізраіля, кажучы: «Выходзь, паглядзім абліччы [адзін аднаго]».
 
Такім чынам, Амазія, цар Юдэі, параіўшыся, паслаў да Ёаса, сына Ёахаза, сына Егу, цара Ізраэля, сказаць: «Прыйдзі, пабачымся!»

І паслаў Ёаш, валадар Ізраілю, да Амазіі, валадара Юды, кажучы: «Цёрн, які на Лібане, паслаў да кедра, які на Лібане, кажучы: “Аддай дачку тваю за жонку сыну майму”. Але праходзіў зьвер палявы, які на Лібане, і патаптаў цёрн гэты.
 
А ён паслаў вестуна сказаць: «Церн на Лібане пераслаў кедру на Лібане такую просьбу: “Дай дачку сваю за жонку майму сыну”. І вось, дзікія звяры, што былі на Лібане, прабеглі і патапталі церн.

Ты сказаў: “Вось, я пабіў Эдом”, і ўзьнялося сэрца тваё, каб ганарыцца. Цяпер сядзі ў доме тваім. Навошта табе выклікаць ліха, бо ўпадзеш ты, і Юда з табою».
 
Ты сказаў: “Пабіў эдомцаў!” І таму падымаецца сэрца тваё ў пыхлівасць. Сядзі ў сваім доме! Нашто выклікаеш бяду на сябе, каб упаў і ты, і Юдэя з табою?»

І не паслухаў Амазія, бо ад Бога [было] гэта, каб аддаць іх у рукі [Ёаша] за тое, што яны шукалі багоў Эдому.
 
Але Амазія не пажадаў выслухаць, таму што воляй Госпада было, каб быў ён аддадзены ў рукі ворагаў дзеля культу шанавання багоў Эдома.

І выйшаў Ёаш, валадар Ізраіля, і яны ўбачылі абліччы [адзін аднаго], ён і Амазія, валадар Юды, у Бэт-Шэмэшы, які ў Юдзе.
 
Такім чынам, выступіў Ёас, цар Ізраэля, і ўбачыліся сам на сам ён і Амазія, цар Юдэі, у Бэтсамэсе юдэйскім.

І быў пабіты Юда перад абліччам Ізраіля, і ўцяклі кожны ў намёт свой.
 
І Юдэя была разбіта ізраэльцамі і ўцякла ў свае палаткі.

І Амазію, валадара Юды, сына Ёаша, сына Егаахаза, схапіў Ёаш, валадар Ізраіля, у Бэт-Шэмэшы, і прывёў яго ў Ерусалім, і зрабіў вылом у муры Ерусаліму ад брамы Эфраіму аж да брамы Вуглавой на чатырыста локцяў.
 
Амазію ж, цара Юдэі, сына Ёаса, сына Ёахаза, схапіў у Бэтсамэсе Ёас, цар Ізраэля, ды завёў яго ў Ерузалім, і разваліў мур яго ад брамы Эфраіма аж да брамы Вуглавой на чатырыста локцяў.

І ўзяў ён усё золата і срэбра, і ўсе начыньні, якія былі ў Доме Божым у Абэд-Эдома, і скарбы дому валадара, і закладнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.
 
Забраў таксама ўсё золата і срэбра, і ўсе пасудзіны, што знайшоў у святыні Божай і ў Абэдэдома ды ў скарбоўнях палаца царскага, а таксама палонных адвёў у Самарыю.

І жыў Амазія, сын Ёаша, валадар Юды, пасьля сьмерці Ёаша, сына Егаахаза, валадара Ізраіля, пятнаццаць гадоў.
 
А Амазія, сын Ёаса, цар Юдэі, жыў яшчэ пятнаццаць гадоў па смерці Ёаса, сына Ёахаза, цара Ізраэля.

А іншыя справы Амазіі, першыя і апошнія, запісаныя ў Кнізе валадароў Юды і Ізраіля.
 
А астатнія дзеянні Амазіі, ад першых да апошніх, запісаны ў Кнізе Цароў Юдэі і Ізраэля.

І пасьля таго часу, калі Амазія адыйшоў ад ГОСПАДА, зрабілі супраць яго змову ў Ерусаліме, і ён уцёк у Ляхіш. І паслалі за ім у Ляхіш, і забілі яго там.
 
Ад часу, калі Амазія адвярнуўся ад Госпада, зрабілі змову супраць яго ў Ерузаліме; і калі ён уцёк у Лахіс, паслалі за ім у Лахіс і там забілі яго.

І прывезьлі яго коньмі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Юды.
 
І перавезлі яго коньмі, і пахавалі з бацькамі яго ў горадзе Давіда.