2 летапісаў 10 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І пайшоў Рэхабаам у Сыхем, бо ў Сыхем зыйшоўся ўвесь Ізраіль, каб паставіць яго за валадара.
 
Рабаам выбраўся ў Сіхэм, бо там сабраўся ўвесь Ізраэль, каб абраць яго царом.

І сталася, што пачуў пра гэта Ерабаам, сын Навата, а ён быў у Эгіпце, куды ўцёк ад аблічча валадара Салямона, і вярнуўся Ерабаам з Эгіпту.
 
Калі пра гэта пачуў Ерабаам, сын Набата, які прабываў у Егіпце, — бо туды ўцёк ад цара Саламона, — адразу ж вярнуўся з Егіпта;

І паслалі, і паклікалі яго; і прыйшоў Ерабаам і ўвесь Ізраіль, і прамовілі да Рэхабаама, кажучы:
 
паклікалі яго, і ён прыбыў з усім Ізраэлем, ды сказалі яны Рабааму:

«Бацька твой зрабіў цяжкім ярмо нашае, а ты зрабі лягчэйшымі цяжкія работы бацькі свайго і ярмо ягонае цяжкае, якое ён узлажыў на нас, і мы будзем служыць табе».
 
«Твой бацька наклаў на нас вельмі цяжкае ярмо; ты палегчы тое, што прыказаў бацька твой, які наклаў на нас цяжкую няволю, ды трошкі паменшы цяжар, і будзем табе служыць».

І ён сказаў ім: «Яшчэ тры дні і зноў вернецеся да мяне». І адыйшоў народ.
 
Ён сказаў: «Праз тры дні вярніцеся да мяне». І калі народ адышоў,

І радзіўся валадар Рэхабаам са старшынямі [народу], якія стаялі перад абліччам Салямона, бацькі ягонага, за жыцьця ягонага, кажучы: «Якім словам вы парадзіце адказаць народу гэтаму?»
 
цар Рабаам зрабіў нараду са старэйшынамі, якія былі дарадчыкамі бацькі яго Саламона, калі той яшчэ жыў, пытаючыся: «Якую дасце параду, каб адказаць народу?»

І яны прамовілі да яго, кажучы: «Калі ты будзеш добры для народу гэтага, і будзеш зычлівым да іх, і прамовіш да іх словы добрыя, яны будуць для цябе слугамі ўсе дні».
 
Тыя сказалі яму: «Калі падабацца будзеш гэтаму народу і змякчаць іх спагаднымі словамі, то будуць табе служыць увесь час».

Але ён адкінуў раду старшыняў, якую яны радзілі яму, і радзіўся ў юнакоў, якія расьлі разам з ім, стоячы перад абліччам ягоным,
 
Але ён пакінуў параду старэйшын і пачаў раіцца з юнакамі, якія выраслі разам з ім і былі ў яго атачэнні.

і сказаў ім: «Што вы парадзіце, [якое] слова сказаць народу гэтаму, які прамовіў да мяне, кажучы: “Зрабі лягчэйшым ярмо, якое налажыў на нас бацька твой”?»
 
І сказаў ён ім: «Што вам здаецца або што маем адказаць народу гэтаму, які сказаў мне: “Палегчы ярмо, якое ўсклаў на нас бацька твой”»?

І сказалі яму юнакі, якія расьлі разам з ім, кажучы: «Гэтак адкажы народу, які прамовіў да цябе, кажучы: “Бацька твой зрабіў цяжкім ярмо нашае, а ты дай палёгку нам”, гэтак адкажы ім: “Мезенец мой таўсьцейшы за сьцёгны бацькі майго.
 
І юнакі, якія гадаваліся з ім, адказалі і сказалі: «Так скажаш народу, які казаў табе: “Бацька твой абклаў нас ярмом, ты палегчы”, — і так будзеш казаць ім: “Мой мезены палец грубейшы, чым сцёгны майго бацькі;

І цяпер, бацька мой налажыў на вас ярмо цяжкае, а я павялічу ярмо вашае; бацька мой караў вас пугамі, а я [буду караць] скарпіёнамі”».
 
бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я накладу большы цяжар; бацька мой біў вас бізунамі, а я буду вас біць скарпіёнамі”».

І прыйшоў Ерабаам і ўвесь народ да Рэхабаама на трэці дзень, як гаварыў валадар, кажучы: «Вярніцеся да мяне на трэці дзень».
 
Такім чынам, трэцяга дня прыбыў Ерабаам ды ўвесь народ да Рабаама, як загадаў ім цар, кажучы: «Вярніцеся да мяне трэцяга дня».

І валадар адказаў ім сувора, і адкінуў валадар Рэхабаам раду старшыняў [народу],
 
Ды адказаў цар ім грозна, пакінуўшы параду старэйшын;

і прамовіў да іх паводле рады юнакоў, кажучы: «Бацька мой зрабіў цяжкім ярмо вашае, а я дадам да яго; бацька мой караў вас пугамі, а я [буду караць] скарпіёнамі».
 
і сказаў ім па волі юнакоў: «Бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я яшчэ цяжэйшае ўскладу. Бацька мой біў вас бізунамі, а я буду біць вас скарпіёнамі».

І не паслухаў валадар народу, бо гэта было спрычынена Богам, каб ГОСПАД споўніў слова Сваё, якое прамовіў праз Ахію з Шыло да Ерабаама, сына Навата.
 
І не паслухаў ён просьбы народа. Бо было воляй Божай, каб споўнілася слова Яго, якое сказаў праз руку Ахіі Сіланіта да Ерабаама, сына Набата.

І ўвесь Ізраіль убачыў, што валадар яго ня слухае, і адказаў народ валадару, кажучы: «Якая нашая частка ў Давідзе? Няма нам спадчыны з сынам Есэя! Па намётах сваіх, Ізраіль! Цяпер глядзі на дом свой, Давідзе!» І разыйшоўся ўвесь Ізраіль у намёты свае.
 
А ўвесь Ізраэль, бачачы, што цар не захацеў іх слухаць, сказаў яму: «Не маем мы нічога супольнага з Давідам, ані спадчыны з сынам Ясэя! Вяртайся ў свае палаткі, Ізраэлю! А ты, Давідзе, глядзі свой дом!» І вярнуўся Ізраэль у свае палаткі.

І сыны Ізраіля жылі ў гарадах Юды, і валадарыў над імі Рэхабаам.
 
А Рабаам цараваў толькі над тымі ізраэльцамі, якія пражывалі ў гарадах Юдэі.

І паслаў валадар Рэхабаам Гадарама, які [быў наглядчыкам] над данінаю, але сыны Ізраіля закідалі яго камянямі, і ён памёр. І валадар Рэхабаам пасьпяшаўся сесьці ў калясьніцу, каб уцячы ў Ерусалім.
 
І калі цар Рабаам паслаў Адарама, які быў пастаўлены над нявольнікамі, дык сыны Ізраэля ўкаменавалі яго і ён памёр. Затым цар Рабаам паспешна сеў у калясніцу ды ўцёк у Ерузалім.

І адыйшоў Ізраіль ад дому Давіда аж па сёньняшні дзень.
 
І Ізраэль адлучыўся ад дому Давіда аж па сённяшні дзень.