2 летапісаў 2 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І сказаў Салямон пабудаваць Дом для імя ГОСПАДА і дом для валадарства свайго.
Саламон жа вырашыў пабудаваць дом імю Госпада і сабе палац.
І прызначыў Салямон семдзясят тысячаў чалавек насіць цяжары, і восемдзясят тысячаў каменяроў у гарах, і тры тысячы шэсьцьсот наглядчыкаў над імі.
І адлічыў Саламон семдзесят тысяч мужчын насільшчыкаў ды восемдзесят тысяч тых, якія здабывалі камяні ў гарах і тры тысячы шэсцьсот наглядчыкаў за імі.
І паслаў Салямон да Хурама, валадара Тыру, кажучы: «Як ты дапамагаў Давіду, бацьку майму, і пасылаў яму кедры, каб ён пабудаваў дом, каб жыць у ім, так зрабі і мне.
Таксама паслаў Саламон пасланцоў да Гірама, цара Тыра, сказаць: «Як ставіўся ты да Давіда, бацькі майго, і паслаў яму дрэў кедравых, каб ён пабудаваў сабе дом для пражывання ў ім,
Вось, я будую Дом для імя ГОСПАДА, Бога майго, каб сьвяціць Яго і кадзіць перад абліччам Ягоным пахкае кадзіла, і каб заўсёды [былі там] хлябы пакладныя і цэласпаленьні раніцаю і ўвечары, у суботы і ў маладзік, і ва ўрачыстасьці ГОСПАДА, Бога нашага. Гэта на вякі ў Ізраілі.
так стаўся да мяне, каб мог я пабудаваць дом імю Госпада, Бога майго, каб пасвяціць яго на ўспальванне перад Ім пахнучых кадзілаў і ўскладаць безупынна хлябы і цэласпальныя ахвяры раніцай і вечарам, таксама ў шабаты і ў маладзікі дый у святы Госпада, Бога нашага, навечна, як загадана Ізраэлю.
І Дом гэты, які я будую, вялікі, бо вялікі Бог наш, [большы] за ўсіх багоў.
Дом бо, які я прагну пабудаваць, вялікі; бо вялікі ёсць Бог наш над усімі багамі.
І ці стане ў каго сілы пабудаваць Дом для Яго, бо неба і нябёсы нябёсаў не зьмяшчаюць Яго? І хто я, каб мог пабудаваць Дом для Яго? Хіба толькі [магу] кадзіць перад абліччам Ягоным.
Дык хто зможа быць моцным, каб пабудаваць дастойны дом Яму? Калі неба і нябёсы нябёсаў не могуць Яго ахапіць, хто я такі, каб змог я пабудаваць Яму дом? Але толькі дзеля таго, каб успальваць каджэнне.
І цяпер прышлі мне чалавека мудрага, каб працаваць з золатам і срэбрам, з медзьдзю, жалезам, пурпурам, кармазынам і блакітам, які ўмее выразаць рэзьбы, [каб працаваць] з мудрымі людзьмі, якія ў мяне ў Юдзе і ў Ерусаліме, якіх падрыхтаваў Давід, бацька мой.
Дык пашлі мне чалавека вучонага, які ўмее працаваць з золатам і срэбрам, з меддзю і жалезам, пурпурам, пунсовай і гіяцынтавай тканінай, ды які зможа займацца разьбой разам з тымі мастакамі, якіх я маю пры сабе ў Юдэі і Ерузаліме, якіх падрыхтаваў Давід, бацька мой.
І пашлі мне дрэва кедровае, кіпарысавае і сандалавае з Лібану, бо я ведаю, што слугі твае ўмеюць сячы дрэвы ў Лібане. І вось, слугі мае [будуць] са слугамі тваімі,
Але прышлі мне і дрэва кедравага, і ядлоўцавага, і сасновага дрэва з Лібана; бо я ведаю, што паслугачы твае ўмеюць ссякаць дрэва з Лібана, і разам з тваімі паслугачамі будуць і мае паслугачы,
каб падрыхтаваць мне шмат дрэва, бо Дом, які я будую, [будзе] вялікі і цудоўны.
каб прыгатаваць мне вельмі шмат дрэў; дом бо мой, які я жадаю зрабіць, будзе вельмі вялікі і цудоўны.
І вось, для дрывасекаў, якія сякуць дрэвы, слугаў тваіх, я даў на ежу дваццаць тысячаў кораў пшаніцы, і дваццаць тысячаў кораў ячменю, і дваццаць тысячаў батаў віна, і дваццаць тысячаў батаў алею».
Прытым работнікам, якія будуць секчы дрэвы, паслугачам тваім дам я дваццаць тысяч кораў пшаніцы на харчаванне, і столькі ж кораў ячменю, і дваццаць тысяч батаў віна і таксама дваццаць тысяч батаў аліўкавага алею».
І сказаў Хурам, валадар Тыру, у лісьце, і паслаў Салямону: «Палюбіў ГОСПАД народ Свой, і паставіў цябе за валадара над ім».
А Гірам, цар Тыра, адказаў у пісьме, прысланым Саламону: «Паколькі палюбіў Госпад народ Свой, таму даў табе быць царом над ім».
І сказаў Хурам: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які ўчыніў неба і зямлю, Які даў Давіду валадару сына мудрага, які мае розум і веданьне, які пабудуе Дом ГОСПАДУ і дом для валадарства свайго.
І дадаў, кажучы: «Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, Які стварыў неба і зямлю, Які даў Давіду цару сына мудрага, і вучонага, і разумнага, і разважнага, каб пабудаваў ён дом Госпаду ды сабе палац.
І цяпер я паслаў чалавека мудрага, які мае веданьне і ўменьні, Хурам-Абію,
Дык пасылаю табе чалавека разважнага і самага вопытнага — Гірама, майстра майго,
сына жанчыны з дачок Дана, і бацькі ягонага, чалавека з Тыру. Ён умее рабіць з золата, срэбра, медзі, жалеза, камяня, дрэва, пурпуру, блакіту, вісону і кармазыну; і выразаць усялякую разьбу, і майстраваць усялякае мастацтва, якое будзе дадзена яму [рабіць] з майстрамі тваімі і майстрамі пана майго Давіда, бацькі твайго.
сына адной жанчыны з дачок Дана, бацькам якой быў тырац, — які ўмее працаваць з золатам і срэбрам, меддзю і жалезам, і з камянямі, і з дрэвам, і таксама з пурпурам, і з гіяцынтавай тканінай, і з вісонам і з пунсовай тканінай, і які ўмее выразаць усякую скульптуру і прыдумаць разумна, што ў рабоце патрэбна, каб супрацоўнічаць з тваімі мастакамі і з мастакамі гаспадара майго Давіда, бацькі твайго.
І цяпер пшаніцу, ячмень, алей і віно, пра якія гаварыў гаспадар мой, пашлі для слугаў тваіх.
Дык пшаніцу, і ячмень, і аліўкавы алей, і віно, якія я паабяцаў, гаспадару мой, пашлі сваім паслугачам.
І мы будзем сячы дрэвы з Лібану, паводле ўсіх патрэбаў тваіх, і прыгонім іх табе плытамі па моры ў Яфу, і ты завязеш іх у Ерусалім».
Мы будзем сячы дрэвы на Лібане, колькі табе трэба, і даставім іх морам на плытах у Ёпэ, а тваёй справай будзе даставіць іх у Ерузалім».
І палічыў Салямон усіх прыхадняў, якія ў зямлі Ізраіля, пасьля сьпісу, якім палічыў іх Давід, бацька ягоны, і знайшлося іх сто пяцьдзясят тры тысячы шэсьцьсот.
Дык палічыў Саламон усіх мужчын чужынцаў, якія пражывалі ў зямлі Ізраэля па спіску, які зрабіў бацька яго Давід; і выявілася іх сто пяцьдзесят тры тысячы шэсцьсот.
І прызначыў ён з іх семдзясят тысячаў для нашэньня цяжараў, і восемдзясят тысячаў каменяроў у гарах, і тры тысячы шэсьцьсот наглядчыкаў над працамі народу гэтага.
І семдзесят тысяч з іх прызначыў на тое, каб насілі яны цяжары; і восемдзесят тысяч — каб здабывалі камяні ў гарах; а тры тысячы шэсцьсот — на наглядчыкаў за работамі людзей.