2 летапісаў 2 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І сказаў Салямон пабудаваць Дом для імя ГОСПАДА і дом для валадарства свайго.
І наважыў Салямон пастанавіць дом імені СПАДАРОВАМУ і дом каралеўству свайму.
І прызначыў Салямон семдзясят тысячаў чалавек насіць цяжары, і восемдзясят тысячаў каменяроў у гарах, і тры тысячы шэсьцьсот наглядчыкаў над імі.
І адлічыў Салямон семдзясят тысячаў чалавекаў насіць цяжары, і асьмідзясят тысячаў сячы ў горах, і тры тысячы шасьцьсот наглядаць над імі.
І паслаў Салямон да Хурама, валадара Тыру, кажучы: «Як ты дапамагаў Давіду, бацьку майму, і пасылаў яму кедры, каб ён пабудаваў дом, каб жыць у ім, так зрабі і мне.
І паслаў Салямон да Гурама, караля Тырскага, кажучы: «Як ты абходзіўся з Давідам, айцом маім, і пасылаў яму кедры, станавіць яму дом жыць у ім, так зрабі й імне.
Вось, я будую Дом для імя ГОСПАДА, Бога майго, каб сьвяціць Яго і кадзіць перад абліччам Ягоным пахкае кадзіла, і каб заўсёды [былі там] хлябы пакладныя і цэласпаленьні раніцаю і ўвечары, у суботы і ў маладзік, і ва ўрачыстасьці ГОСПАДА, Бога нашага. Гэта на вякі ў Ізраілі.
Дык вось, я станаўлю дом імені СПАДАРА, Бога свайго, пасьвячаць Яму, кадзіць перад ім пахнючае кадзіла, і да кажначаснага хлеба Выкладу, і да ўсепаленьняў нараніцы і ўвечары ў сыботы, і на маладзіку, і на ўрочыстасьці СПАДАРА, Бога нашага. Гэта на векі Ізраелю.
І Дом гэты, які я будую, вялікі, бо вялікі Бог наш, [большы] за ўсіх багоў.
І дом, што я станаўлю, вялікі, бо вялікі Бог наш над усімі багамі.
І ці стане ў каго сілы пабудаваць Дом для Яго, бо неба і нябёсы нябёсаў не зьмяшчаюць Яго? І хто я, каб мог пабудаваць Дом для Яго? Хіба толькі [магу] кадзіць перад абліччам Ягоным.
І ці стане ў каго сілы пастананіць Яму дом, калі неба а нябёсы нябёс ня тоўпяць Яго? І хто я, каб мог пастанавіць Яму дом? Хіба да кадзеньня перад відзеньням Ягоным?
І цяпер прышлі мне чалавека мудрага, каб працаваць з золатам і срэбрам, з медзьдзю, жалезам, пурпурам, кармазынам і блакітам, які ўмее выразаць рэзьбы, [каб працаваць] з мудрымі людзьмі, якія ў мяне ў Юдзе і ў Ерусаліме, якіх падрыхтаваў Давід, бацька мой.
Дык цяпер прышлі імне чалавека мудрага рабіць із золата а із срэбра а ізь медзі а ізь зялеза а з пурпуры а із шкарлату а ізь сіні, і каторы ўмеў бы выразаць рэзьбы з мудрымі людзьмі, што ў мяне ў Юдэі а ў Ерузаліме, каторых прыгатаваў Давід, айцец мой.
І пашлі мне дрэва кедровае, кіпарысавае і сандалавае з Лібану, бо я ведаю, што слугі твае ўмеюць сячы дрэвы ў Лібане. І вось, слугі мае [будуць] са слугамі тваімі,
І пашлі імне кедравыя дзервы, кіпрысавыя дзервы і альґумім ізь Лібану, бо я ведаю, што слугі твае ўмеюць сячы дзервы ў Лібане. І вось, слугі мае з тваімі слугамі,
каб падрыхтаваць мне шмат дрэва, бо Дом, які я будую, [будзе] вялікі і цудоўны.
Каб імне прыгатавалі множасьць дзерва, бо дом, што я станаўлю, вялікі а чудосны.
І вось, для дрывасекаў, якія сякуць дрэвы, слугаў тваіх, я даў на ежу дваццаць тысячаў кораў пшаніцы, і дваццаць тысячаў кораў ячменю, і дваццаць тысячаў батаў віна, і дваццаць тысячаў батаў алею».
І вось, секачом, што сякуць дзервы, я даў дваццаць тысячаў мераў меленае пшонкі, і дваццаць тысячаў мераў ячменю, і дваццаць тысячаў ведраў віна, і дваццаць тысячаў ведраў алівы».
І сказаў Хурам, валадар Тыру, у лісьце, і паслаў Салямону: «Палюбіў ГОСПАД народ Свой, і паставіў цябе за валадара над ім».
І сказаў Гурам, кароль Тырскі, лістам, і паслаў Салямону: «Затым што СПАДАР палюбіў люд Свой, Ён устававіў цябе за караля над ім».
І сказаў Хурам: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які ўчыніў неба і зямлю, Які даў Давіду валадару сына мудрага, які мае розум і веданьне, які пабудуе Дом ГОСПАДУ і дом для валадарства свайго.
І сказаў Гурам: «Дабраславёны СПАДАР, Бог Ізраеляў, Каторы ўчыніў нябёсы й зямлю, Каторы даў Давіду каралю мудрага сына, што мае розум а цямлівасьць, каторы пастанове дом СПАДАРУ і дом свайму каралеўству.
І цяпер я паслаў чалавека мудрага, які мае веданьне і ўменьні, Хурам-Абію,
І цяпер я паслаў чалавека мудрага, цямлівага ад Гурама, айца майго,
сына жанчыны з дачок Дана, і бацькі ягонага, чалавека з Тыру. Ён умее рабіць з золата, срэбра, медзі, жалеза, камяня, дрэва, пурпуру, блакіту, вісону і кармазыну; і выразаць усялякую разьбу, і майстраваць усялякае мастацтва, якое будзе дадзена яму [рабіць] з майстрамі тваімі і майстрамі пана майго Давіда, бацькі твайго.
Сына жонкі з дачок Данавых, — а ягоны айцец чалавек Тырскі, — умелага рабіць із золата а із срэбра а зь медзі а ізь зялеза, з каменя а зь дзерва, з пурпуры, ізь сіні а зь цянюсенькага палатна а із шкарлату; таксама выразаць усялякую разьбу і змайстраваць усялякае майстроўства, што будзе паручана яму з мудрыцамі тваімі і з мудрыцамі спадара майго Давіда, айца твайго.
І цяпер пшаніцу, ячмень, алей і віно, пра якія гаварыў гаспадар мой, пашлі для слугаў тваіх.
І цяпер пшонку а ячмень, аліву а віно, праз каторыя мой спадар гукаў, пашлі слугам сваім.
І мы будзем сячы дрэвы з Лібану, паводле ўсіх патрэбаў тваіх, і прыгонім іх табе плытамі па моры ў Яфу, і ты завязеш іх у Ерусалім».
А мы будзем сячы дзервы зь Лібану, подле ўсіх тваіх патрэбаў, і прыжанем іх табе плытамі па мору да Яфы; а ты ўзьвязеш іх да Ерузаліму».
І палічыў Салямон усіх прыхадняў, якія ў зямлі Ізраіля, пасьля сьпісу, якім палічыў іх Давід, бацька ягоны, і знайшлося іх сто пяцьдзясят тры тысячы шэсьцьсот.
І Салямон палічыў усіх чужаземцаў, што ў зямлі Ізраельскай, просьле палічэньня, каторым палічыў іх Давід айцец ягоны, — і знайшлося іх сто пяцьдзясят тры тысячы шасьцьсот.
І прызначыў ён з іх семдзясят тысячаў для нашэньня цяжараў, і восемдзясят тысячаў каменяроў у гарах, і тры тысячы шэсьцьсот наглядчыкаў над працамі народу гэтага.
І прызначыў ён ізь іх семдзясят тысячаў нашэньнікаў цяжараў, і асьмідзясят тысячаў секачоў у горах, і тры тысячы шасьцьсот прыганятых над работаю люду.