Абакума 1 разьдзел

Кніга прарока Абакума
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Цяжар, які бачыў Абакум прарок.
 
Цяжар, каторы відзеў Гавакук прарока.

Як доўга, ГОСПАДЗЕ, я буду галасіць і Ты ня будзеш чуць? Я крычу да Цябе: “Гвалт!”, а Ты не збаўляеш.
 
Пакуль, СПАДАРУ, буду я галасіць, і Ты ня будзеш слухаць, загукаю да Цябе праз ўсілства, і Ты не вывальняеш?

Дзеля чаго Ты паказваеш мне няправасьць і глядзіш на нядолю? Злачынствы і гвалт перада мною, і пачынаецца спрэчка, і ўзьнімаецца сварка.
 
Чаму даеш імне бачыць бяспраўе і на гароту глядзець? бо глабаньне а ўсілства перад імною; і ўзьнімаецца вада а сьпярэчка.

Дзеля гэтага ня дзейнічае Закон, і ніколі ня мае моцы суд. Бязбожнікі абступілі праведніка, і таму суд выходзіць скрыўленым.
 
Ад гэтага перастаець дзеяць Права, і суд не перамагае; бо нягодныя абступілі справядлівага, дык суд выходзе скрыўленым.

«Паглядзіце на народы і прыгледзьцеся, і зьдзіўленьнем зьдзівіцеся, бо Я зраблю справу ў дні вашыя, што не паверыце, калі вам раскажуць [пра яе].
 
«Гляньце на народы й прыгледзьцеся, і зумейцеся дзівуючыся; бо спраўлю справу за дзён вашых, што не паверыце, як раскажуць вам.

Бо, вось, Я ўзьніму Халдэйцаў, народ горкі і хуткі, які праходзіць па прасторы зямлі, каб узяць у спадчыну сялібы не свае.
 
Бо, гля, Я ўзьніму Хальдэяў, народ гаркі а борзды, што пройдзе па ўсёй шырыні зямлі, каб апанаваць селішчы не свае.

Страшны і грозны ён; ад яго самога выходзіць суд ягоны і годнасьць ягоная.
 
Страшныя а жахлівыя яны; суд іхны а годнасьць іхная выйдзе ад іх самых.

Шпарчэйшыя за леапардаў коні ягоныя і небясьпечнейшыя за ваўкоў вечаровых; і расьсеюцца [шырока] вершнікі ягоныя, і вершнікі ягоныя прыйдуць здалёк, палятуць, як арол, які кідаецца на здабычу.
 
І быстрэйшыя за леопарды коні іхныя і айстрэйшыя за вячэрныя ваўкі; і шырака расьцягнуцца коньнікі іхныя, і коньнікі прыйдуць здалеку, палятуць, як арол, што барзьдзіць есьці.

Усе яны прыходзяць [чыніць] гвалт; абліччы іхнія зьвернутыя, як вецер усходні, і яны зьбіраюць палонных як пяску.
 
Усі дзеля ўсілства прыйдуць; кірунак відаў іхных — на ўсход; і зьбіраюць, як пясок, палоненікаў.

І з валадароў яны насьміхаюцца, і князі будуць посьмехам для іх; з усіх замкаў яны сьмяюцца, бо насыпаюць вал, і здабываюць іх.
 
І з каралёў яны сьмяюцца, і князі будуць насьмехам ім; з кажнага моцнага гораду будуць сьміяцца, бо насыпяць вал і возьмуць яго.

Тады зьменіцца дух [ягоны], і ён прыйдзе, і будзе абвінавачаны, бо сіла ягоная — [гэта] бог ягоны».
 
Тады адменіцца дух ягоны, і загардзее, і ізгрэша думаючы, што Сіла ягоная ад бога ягонага».

Ці ня Ты спрадвеку, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, Сьвяты мой? Мы не памром. ГОСПАДЗЕ, Ты паставіў яго на суд. Скала [мая], Ты прызначыў яго дзеля пакараньня.
 
Ці ня Ты спрадвеку, СПАДАРУ, Божа мой? Сьвяты мой? мы не памрэм; СПАДАРУ, Ты прызначыў іх на суд; Моцны! Ты ўмацаваў іх дзеля паправы.

Чыстыя вочы [Твае], каб глядзець на зло, і Ты ня можаш глядзець на нядолю. Чаму Ты глядзіш на адступнікаў, маўчыш, калі бязбожнік глытае таго, хто больш праведны за яго?
 
Чыстыя вочы Твае, каб бачыць ліха, і глядзець на гароту ня можаш; чаму глядзіш Ты на тых, што дзеюць ізрадліва, маўчыш, як нягодныя глытаюць справядліўшых за іх,

І Ты робіш, што людзі — як рыба ў моры, як паўзуны; няма пана над імі.
 
І чыніш людзёў, як рыбу ў мору, як паўзуны, што няма дзяржаўцы над імі?

[Вораг] выцягвае ўсіх іх вудаю, загортвае іх у нерат свой і зьбірае іх у трыгубіцу сваю; з гэтага цешыцца і весяліцца.
 
Выцягнуць усіх іх вудою, загартаюць іх у сець сваю і забіраюць іх у трыгубіцу сваю; з гэтага цешацца а веселяцца.

Дзеля гэтага ён складае ахвяру нерату свайму і кадзіць трыгубіцы сваёй, бо праз іх тлустая частка ягоная і сытая ежа ягоная.
 
За тое абракаюць сеці сваёй і кадзяць трыгубіцы сваёй, бо ад іх сытая дзель іхная і сытая ежа іхная.

Ці ж дзеля гэтага ён закідвае нерат свой і заўсёды забівае народы бяз літасьці?
 
Ці дзеля таго спаражняюць сець сваю і кажнага часу забіваць народы не жалеюць?