Абакума 2 разьдзел

Кніга прарока Абакума
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

На варце маёй я стану, і ўзыйду на вежу, і буду выглядаць, каб убачыць, што Ён прамовіць да мяне і што Ён адкажа на скаргу маю.
 
На варце сваёй я стаяў, і станаўлюся на вежы, і буду назіраць, што Ён скажа імне, і што Ён адкажа на жалабу маю.

І адказаў мне ГОСПАД, і сказаў: «Запішы відзеж і патлумач на табліцах, каб чытач лёгка мог [зразумець] гэта.
 
І адказаў імне СПАДАР, і сказаў: «Запішы відзень і зрабі выразьліва на дошчачках, каб чытар лёгка мог прачытаць;

Бо відзеж [датычыць] вызначанага часу, і датычыць канца, і не падмане; хоць ён марудзіць, чакай на яго, бо ён, прыходзячы, прыйдзе, ня спозьніцца.
 
Бо відзень належа яшчэ да прызначанага часу, і будзе гукаць праз канец, і не зманіць; хоць яна адвалачэцца, жджы яе, бо яна канечне станецца, ня спозьніцца.

Вось, у ганарыстага няшчырая душа ягоная ў ім, а праведны з веры сваёй жыць будзе.
 
Вось, гордая, ня шчырая душа ягоная ў ім, але справядлівы вераю сваёю будзе жыць.

І, як віно здрадлівае, чалавек пыхлівы, і ён ня мае супакою, ён разьзяўляе, як апраметную, душу сваю, і ён, як сьмерць, не насыціцца, але зьбірае да сябе ўсе народы і зграмаджвае да сябе ўсе плямёны».
 
І вось, як ізрадлівае віно, горды муж ня стыкаецца дома, ён расшырае, як шэоль, душу сваю, і ён, як сьмерць, не насыціцца, але зьбірае да сябе ўсі народы і загартае ўсі люды да сябе.

Ці ж усе яны не складуць прыповесьць пра яго і кплівую загадку пра яго, і скажуць: “Гора таму, хто памнажае [багацьце], якое не ягонае. Як доўга [гэта будзе]? [Гора] таму, хто абцяжарвае сябе ўзятым у заклад!”
 
Ці ня ўсі гэтыя складаюць прыпавесьць празь яго і ўпічную загадку празь яго, кажучы: "Бяда таму, хто памнажае не сваім, — пакуль? — і таму, хто цяжарыць сябе закладам".

Хіба не паўстануць зьнянацку тыя, якія ўкусяць цябе, і хіба не прачнуцца тыя, якія будуць трэсьці цябе, і ты станешся здабычай для іх?
 
Ці не паўстануць зьнецікі тыя, што ўкусяць цябе, і ці не прачхнуцца тыя, што парушаць будуць цябе, і ты станеш здабыткам ім?

За тое, што ты рабаваў шмат народаў, абрабуюць цябе ўсе пазасталыя плямёны за кроў людзкую і за гвалт над зямлёю, над горадам і над усімі, хто жыве ў ім.
 
За тое, што ты аглабаў шмат якія народы, аглабаюць цябе ўсі засталыя люды за кроў людзкую і ўсілства зямлі, месту і ўсім, хто жывець у ім.

Гора таму, хто здабывае прыбытак бязбожны для дому свайго, каб зьвіць на вышыні гняздо сваё, каб захаваць сябе ад рукі ліхога.
 
Бяда таму, хто прыдбаець благія прыдбаньні дому свайму, каб зьвіць гняздо сабе на вышыні, каб магчы вывальніцца ад сілы ліха.

Ты ўчыніў ганьбу для дому свайго, бо выразаў шмат народаў, і саграшыў супраць душы сваёй,
 
Ты ўчыніў сорам дому свайму выразаньням шмат якіх людаў і ізграшыў супроці душы свае;

бо камень з муру закрычыць, і бэлька драўляная адкажа яму.
 
Бо камень загалосе з муру, і балька зь дзерва адкажа яму:

Гора таму, хто будуе горад на крыві і засноўвае горад умацаваны на беззаконьні.
 
Бяда таму, хто будуе места крывёю і мацуе места бяспраўям.

Ці ж гэта не ад ГОСПАДА Магуцьцяў, што плямёны цяжка працуюць для агню, і людзі стамляюцца марна?
 
Вось, ці не ад СПАДАРА войскаў ё, што людзі будуць гарапашнічаць дзеля цяпла, і люды будуць тамавацца дарма?

Бо зямля напоўніцца веданьнем славы ГОСПАДА, як воды напаўняюць мора.
 
Бо зямля напоўніцца знацьцём славы СПАДАРОВАЕ, як воды пакрываюць мора.

Гора таму, хто дае піць бліжняму свайму, наліваючы ў келіх, каб той упіўся, каб глядзець на голасьць ягоную.
 
Бяда таму, хто даець піць прыяцелю свайму, налівае гнеў свой, каб упіўся, і каб ты глядзеў на голасьць ягоную.

Ты напоўніўся ганьбаю замест славы; напіся таксама ты і пакажы неабрэзанасьць тваю. Зьвернецца да цябе келіх правіцы ГОСПАДА, і ганьба — на славу тваю,
 
Ты напоўніўся сорамам замест славы; пі таксама ты, і адкрыецца сорам твой; павернецца да цябе чара правіцы СПАДАРОВАЕ і сорамнае на славу тваю;

бо гвалт [твой над] Лібанам прыйдзе на цябе, і зьнішчэньне жывёлы спалохае цябе за кроў людзкую і за гвалт над зямлёю, над горадам і над усімі, хто жыве ў ім.
 
Бо ліхадзейства Лібану пакрые цябе, і спустошаньне жывёлы зломе цябе за кроў людзкую і за ліхадзейства зямлі, месту і ўсім, што жывуць у ім.

Якая карысьць ад выявы, якую выразаў майстар, ад [ідала] літага, вучыцеля хлусьні, бо спадзяецца стваральнік ягоны на працу сваю, робячы ідала нямога.
 
Што за карысьць із выразанага, каторага майстра выразаў, з выліванага й вучыцеля маны, чаго спадзяецца ад яго дзельнік работы свае, робячы немыя балваны?

Гора таму, хто кажа дрэву: “Абудзіся”, [хто кажа] камяню, які маўчыць: “Устань!” Ці ён можа навучыць? Вось, ён абкладзены золатам і срэбрам, але ніякага духу няма ў ім.
 
Бяда таму, хто кажа дзерву: "Прачхніся" і "Ўстань" каменю немаму. Ці ён навуча? Вось, ён абложаны золатам а срэбрам, але ніякага духу няма ў ім.

ГОСПАД — у сьвятыні сьвятасьці Сваёй. Няхай маўчыць перад Ім уся зямля!
 
СПАДАР — у сьвятым палацу Сваім: Змоўкні перад Ім, уся зямля!»