Абакума 2 разьдзел
Кніга прарока Абакума
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
На варту маю стаў я і, стоячы на вежы, назіраў, каб даведацца, што скажа Ён ува мне, і што мне адказаць па скарзе маёй?
На варце сваёй я стаяў, і станаўлюся на вежы, і буду назіраць, што Ён скажа імне, і што Ён адкажа на жалабу маю.
І адказваў мне Гасподзь і сказаў: запішы ўяву і накрэсьлі ясна на скрыжалях, каб чытач лёгка мог прачытаць,
І адказаў імне СПАДАР, і сказаў: «Запішы відзень і зрабі выразьліва на дошчачках, каб чытар лёгка мог прачытаць;
бо ўява стасуецца яшчэ з пэўным часам і гаворыць пра канец і не ашукае; і хоць бы і замарудзіла, чакай яе, бо мусова збудзецца, не адменіцца.
Бо відзень належа яшчэ да прызначанага часу, і будзе гукаць праз канец, і не зманіць; хоць яна адвалачэцца, жджы яе, бо яна канечне станецца, ня спозьніцца.
Вось, душа пагардлівая не супакоіцца, а праведны сваёю вераю жывы будзе.
Вось, гордая, ня шчырая душа ягоная ў ім, але справядлівы вераю сваёю будзе жыць.
Пагардлівы чалавек, як віно, якое бродзіць, не супакойваецца, так што пашырае душу сваю як пекла, і як сьмерць ён ненасытны, і зьбірае да сябе ўсе народы і захопвае сабе ўсе плямёны.
І вось, як ізрадлівае віно, горды муж ня стыкаецца дома, ён расшырае, як шэоль, душу сваю, і ён, як сьмерць, не насыціцца, але зьбірае да сябе ўсі народы і загартае ўсі люды да сябе.
Але ці ня ўсе яны будуць вымаўляць пра яго прыпавесьць і пакеплівую песьню: «гора таму, хто бязь меры ўзбагачае сябе не сваім, — ці надоўга? — абцяжвае сябе закалотамі!»
Ці ня ўсі гэтыя складаюць прыпавесьць празь яго і ўпічную загадку празь яго, кажучы: "Бяда таму, хто памнажае не сваім, — пакуль? — і таму, хто цяжарыць сябе закладам".
Ці не паўстануць раптоўна тыя, якія будуць турзаць цябе, і ці не падымуцца супроць цябе рабаўнікі, — і ты дастанешся ім на рабаваньне?
Ці не паўстануць зьнецікі тыя, што ўкусяць цябе, і ці не прачхнуцца тыя, што парушаць будуць цябе, і ты станеш здабыткам ім?
Як што ты абабраў многія народы, дык і цябе абяруць усе астатнія народы за праліваньне крыві чалавечай, за спусташэньне краіны, горада і ўсіх жыхароў яго.
За тое, што ты аглабаў шмат якія народы, аглабаюць цябе ўсі засталыя люды за кроў людзкую і ўсілства зямлі, месту і ўсім, хто жывець у ім.
Гора таму, хто прагне няправедных набыткаў дому свайму, каб зладзіць гняздо сваё на вышыні і тым убясьпечыць сябе ад рукі няшчасьця!
Бяда таму, хто прыдбаець благія прыдбаньні дому свайму, каб зьвіць гняздо сабе на вышыні, каб магчы вывальніцца ад сілы ліха.
Няславу прыдумаў ты твайму дому, вынішчаючы многія народы, і зграшыў супроць душы тваёй.
Ты ўчыніў сорам дому свайму выразаньням шмат якіх людаў і ізграшыў супроці душы свае;
Камяні з муроў залямантуюць і драўляныя кроквы будуць адказваць ім:
Бо камень загалосе з муру, і балька зь дзерва адкажа яму:
«гора будаўніку горада на крыві і дойліду крэпасьці на няпраўдзе!»
Бяда таму, хто будуе места крывёю і мацуе места бяспраўям.
Вось, ці не ад Госпада Саваофа тое, што народы працуюць дзеля агню і плямёны мучаць сябе дарэмна?
Вось, ці не ад СПАДАРА войскаў ё, што людзі будуць гарапашнічаць дзеля цяпла, і люды будуць тамавацца дарма?
Бо зямля напоўніцца спазнаньнем славы Госпада, як воды напаўняюць мора.
Бо зямля напоўніцца знацьцём славы СПАДАРОВАЕ, як воды пакрываюць мора.
Гора табе, хто падае блізкаму твайму пітво з дамешкам злосьці тваёй і робіш яго п’яным, каб бачыць сарамату ягоную!
Бяда таму, хто даець піць прыяцелю свайму, налівае гнеў свой, каб упіўся, і каб ты глядзеў на голасьць ягоную.
Ты насыціўся сорамам замест славы; пі ж і ты і паказвай сарамату, — павернецца і да цябе чара правіцы Гасподняй і пасарамленьне на славу тваю.
Ты напоўніўся сорамам замест славы; пі таксама ты, і адкрыецца сорам твой; павернецца да цябе чара правіцы СПАДАРОВАЕ і сорамнае на славу тваю;
Бо зладзейства тваё на Ліване абрушыцца на цябе за вынішчэньне запалоханых жывёл, за праліцьцё крыві чалавечай, за спусташэньне краіны, горада і ўсіх жыхароў яго.
Бо ліхадзейства Лібану пакрые цябе, і спустошаньне жывёлы зломе цябе за кроў людзкую і за ліхадзейства зямлі, месту і ўсім, што жывуць у ім.
Якая карысьць ад балвана, зробленага мастаком, гэтага літага ілжэнастаўніка, хоць дойлід, робячы нямых куміраў, пакладаецца на свой твор?
Што за карысьць із выразанага, каторага майстра выразаў, з выліванага й вучыцеля маны, чаго спадзяецца ад яго дзельнік работы свае, робячы немыя балваны?
Гора таму, хто кажа дрэву: устань! і нямому каменю: прачніся! Ці навучыць ён чаму-небудзь? Вось, ён абкладзены золатам і срэбрам; але дыханьня ў ім няма.
Бяда таму, хто кажа дзерву: "Прачхніся" і "Ўстань" каменю немаму. Ці ён навуча? Вось, ён абложаны золатам а срэбрам, але ніякага духу няма ў ім.
А Гасподзь — у сьвятым храме сваім: хай маўчыць уся зямля перад абліччам Яго!
СПАДАР — у сьвятым палацу Сваім: Змоўкні перад Ім, уся зямля!»