Абакума 2 разьдзел

Кніга прарока Абакума
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

На варту маю стаў я і, стоячы на вежы, назіраў, каб даведацца, што скажа Ён ува мне, і што мне адказаць па скарзе маёй?
 
На варце маёй стаяць буду і стану на вежы вартавой, і буду ўглядацца, каб убачыць, што скажа Ён мне і які дасць адказ на скаргу маю.

І адказваў мне Гасподзь і сказаў: запішы ўяву і накрэсьлі ясна на скрыжалях, каб чытач лёгка мог прачытаць,
 
І адказаў мне Госпад гэтымі словамі: «Запішы бачанне і змясці яго на табліцах, каб той, хто чытае, мог яго зразумець.

бо ўява стасуецца яшчэ з пэўным часам і гаворыць пра канец і не ашукае; і хоць бы і замарудзіла, чакай яе, бо мусова збудзецца, не адменіцца.
 
Бо гэтае бачанне на вызначаны час, але здзейсніцца яно ў канцы, не падмане; хоць і замарудзіць, але чакай яго, бо яно споўніцца абавязкова.

Вось, душа пагардлівая не супакоіцца, а праведны сваёю вераю жывы будзе.
 
Вось, кволы, у кім душа нячыстая; а справядлівы з веры сваёй жыць будзе.

Пагардлівы чалавек, як віно, якое бродзіць, не супакойваецца, так што пашырае душу сваю як пекла, і як сьмерць ён ненасытны, і зьбірае да сябе ўсе народы і захопвае сабе ўсе плямёны.
 
І вось, багацці зводзяць чалавека пыхлівага, і не дойдзе ён да канца; ён разяўляе горла сваё, як апраметную, ды, як смерць, ніколі ён не заспакоены: і сцягвае ён да сябе ўсе народы, і ўсіх людзей збірае да сябе.

Але ці ня ўсе яны будуць вымаўляць пра яго прыпавесьць і пакеплівую песьню: «гора таму, хто бязь меры ўзбагачае сябе не сваім, — ці надоўга? — абцяжвае сябе закалотамі!»
 
Ці ж не ўсе яны зробяць з яго прыпавесць і прыказкі, кажучы: “Гора таму, хто чужую маёмасць забірае. Ці доўга гэта будзе? Гора таму, хто абцяжарвае сябе закладамі!”

Ці не паўстануць раптоўна тыя, якія будуць турзаць цябе, і ці не падымуцца супроць цябе рабаўнікі, — і ты дастанешся ім на рабаваньне?
 
Ці ж раптам не паўстануць тыя, якія будуць мардаваць цябе, і ці не абудзяцца твае крыўдзіцелі, і ці ты не станеш іх здабычаю?

Як што ты абабраў многія народы, дык і цябе абяруць усе астатнія народы за праліваньне крыві чалавечай, за спусташэньне краіны, горада і ўсіх жыхароў яго.
 
Бо ты абрабаваў многія народы, абрабуюць і цябе ўсе, хто застаўся з народаў; дзеля крыві людской і прыгнёту краіны, гарадоў і ўсіх іх жыхароў.

Гора таму, хто прагне няправедных набыткаў дому свайму, каб зладзіць гняздо сваё на вышыні і тым убясьпечыць сябе ад рукі няшчасьця!
 
Гора таму, хто збірае набытак несправядлівы на ліха дому свайму, каб зрабіць сабе гняздо на вышыні і засцерагчы сябе ад рукі няшчасця!

Няславу прыдумаў ты твайму дому, вынішчаючы многія народы, і зграшыў супроць душы тваёй.
 
Ты прыняў рашэнне на ганьбу дому свайму, каб забіць многія народы, і зграшыў супраць душы сваёй.

Камяні з муроў залямантуюць і драўляныя кроквы будуць адказваць ім:
 
Бо камень са сцяны будзе крычаць, і перакладзіны з пабудовы паўтараць за ім будуць.

«гора будаўніку горада на крыві і дойліду крэпасьці на няпраўдзе!»
 
Гора таму, хто горад будуе на крыві і горад засноўвае ў злачыннасці.

Вось, ці не ад Госпада Саваофа тое, што народы працуюць дзеля агню і плямёны мучаць сябе дарэмна?
 
Ці ж гэта не ад Госпада Магуццяў тое, што людзі працуюць для агню ды народы мучаюцца дарэмна?

Бо зямля напоўніцца спазнаньнем славы Госпада, як воды напаўняюць мора.
 
Бо зямля перапоўніцца пазнаннем славы Госпада, як воды перапаўняюць мора.

Гора табе, хто падае блізкаму твайму пітво з дамешкам злосьці тваёй і робіш яго п’яным, каб бачыць сарамату ягоную!
 
Гора таму, хто змушае сябра свайго да піцця, даючы атруту сваю і ап’яняючы яго, каб бачыць сорам яго!

Ты насыціўся сорамам замест славы; пі ж і ты і паказвай сарамату, — павернецца і да цябе чара правіцы Гасподняй і пасарамленьне на славу тваю.
 
Ты перапаўняешся ганьбаю дзеля славы; дык напіся сам і пакажы сорам свой! Дасягне і цябе чара правіцы Госпадавай, і ганьба пакрые славу тваю.

Бо зладзейства тваё на Ліване абрушыцца на цябе за вынішчэньне запалоханых жывёл, за праліцьцё крыві чалавечай, за спусташэньне краіны, горада і ўсіх жыхароў яго.
 
Бо спадзе на цябе крыўда Лібана, і рэзанне жывёлы напоўніць цябе страхам дзеля крыві людской і прыгнёту зямлі, гарадоў і ўсіх жыхароў іх.

Якая карысьць ад балвана, зробленага мастаком, гэтага літага ілжэнастаўніка, хоць дойлід, робячы нямых куміраў, пакладаецца на свой твор?
 
Чым дапаможа балван, якога выразаў разбяр, адлітая выява і лжывы прадказальнік? Бо надзею ўскладае на твор свой стваральнік яго, калі робіць нямых багоў.

Гора таму, хто кажа дрэву: устань! і нямому каменю: прачніся! Ці навучыць ён чаму-небудзь? Вось, ён абкладзены золатам і срэбрам; але дыханьня ў ім няма.
 
Гора таму, хто кажа дрэву: “Прабудзіся!”, і “Падыміся!” — нямому каменю! Ці ж ён зможа навучыць? Вось, ён пакрыты золатам і срэбрам, і няма ў нутры яго ніякага духа».

А Гасподзь — у сьвятым храме сваім: хай маўчыць уся зямля перад абліччам Яго!
 
Госпад жа ў Сваёй святыні святой; хай маўчыць перад Ім уся зямля.