2 летапісаў 30 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І паслаў Эзэкія да ўсяго Ізраіля і Юды, і таксама напісаў лісты да Эфраіма і Манасы, каб яны прыйшлі ў Дом ГОСПАДА ў Ерусалім спраўляць Пасху для ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
 
І паслаў Гэзэка па ўсім Ізраелю а Юдэі, а таксама лісты пісаў да Яхрэма а Манаса, каб прышлі да дому СПАДАРОВАГА, да Ерузаліму спраўляць Пасху СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму;

І радзіліся валадар, і князі ягоныя, і ўся царква ў Ерусаліме, каб спраўляць Пасху ў другі месяц;
 
Бо ўрадзілі кароль а князі ягоныя а ўвесь збор у Ерузаліме, спраўляць Пасху другога месяца;

бо не маглі справіць яе ў час свой, бо сьвятароў не асьвяцілася дастаткова, і народ не сабраўся ў Ерусаліме.
 
Бо не маглі справіць яе ўпару, бо недаволі сьвятароў пасьвяцілася, і люд ня зьберся да Ерузаліму.

І была гэтая рэч слушнай у вачах валадара і ў вачах усёй царквы.
 
І ўпадабаў гэта кароль а ўся грамада.

І яны пастанавілі абвясьціць слова ў-ва ўсім Ізраілі, ад Бээр-Шэвы аж да Дану, каб прыйшлі ў Ерусалім спраўляць Пасху для ГОСПАДА, Бога Ізраіля, бо ня часта спраўлялі [яе так], як напісана.
 
І пастанавілі агаласіць па ўсім Ізраелю, ад Веер-Шэвы аж да Дану, каб ішлі да Ерузаліму спраўляць Пасху СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму, бо даўно не спраўлялі, як напісана.

І пайшлі ганцы з лістамі ад валадара і князёў ягоных па ўсім Ізраілі і Юдзе паводле загаду валадара, кажучы: «Сыны Ізраіля! Вярніцеся да ГОСПАДА, Бога Абрагама, Ісаака і Ізраіля, і Ён павернецца, каб выратаваць тых, якія ў вас засталіся ад рукі валадароў Асірыі.
 
І пайшлі ганцы зь лістамі ад караля а ад князёў ягоных па ўсім Ізраелю а Юдэі, і подле расказаньня каралёвага казалі: «Дзеці Ізраеля! навярніцеся да СПАДАРА, Бога Абрагамовага, Ісаковага а Ізраелявага, і Ён навернецца да ўцекачоў, што засталіся ад рукі каралёў Асырскіх.

І ня будзьце, як бацькі вашыя і як браты вашыя, якія былі няверныя ГОСПАДУ, Богу бацькоў сваіх; і Ён аддаў іх на спусташэньне, як вы бачыце.
 
І ня будзьце, як айцове вашыя і як браты вашыя, каторыя ізрадзілі СПАДАРА, Бога айцоў сваіх; затым аддаў іх на спустошаньне, як вы бачыце.

Цяпер не рабіце цьвёрдымі каркі вашыя, як бацькі вашыя, дайце руку ГОСПАДУ, і прыходзьце ў сьвятыню Ягоную, якую Ён асьвяціў на вякі; і служыце ГОСПАДУ, Богу вашаму, і Ён адверне ад вас полымя гневу Свайго.
 
Цяпер не каляньце завыйкі свае, як айцове вашыя, дайце руку СПАДАРУ, і прыходзьце да сьвятыні Ягонае, каторую Ён пасьвяціў на векі; і служыце СПАДАРУ, Богу свайму, і Ён адверне ад вас пал гневу Свайго;

Бо калі вы вернецеся да ГОСПАДА, тады браты вашыя і дзеці вашыя [знойдуць] ласку перад абліччам тых, якія забралі іх у палон, і вернуцца ў зямлю гэтую; бо літасьцівы і спагадлівы ГОСПАД, Бог ваш, і Ён не адверне аблічча ад вас, калі вы навернецеся да Яго».
 
Бо калі вы навернецеся да СПАДАРА, тады браты вашыя а дзеці вашыя будуць у ласцы ў тых, што іх забралі ў палон, і зьвернуцца да зямлі гэтае; бо ласкучынюшчы а спагадлівы СПАДАР, Бог ваш, і не адверне відзеньня ад вас, калі вы навернецеся да яго».

І праходзілі ганцы з горада ў горад па зямлі Эфраіма і Манасы і аж да Завулёна; і былі [тыя, якія] сьмяяліся і зьдзекваліся з іх.
 
І праходзілі ганцы зь места да места па зямлі Яхрэмавай а Манасавай і аж да Завулонавае; але зь іх сьміяліся а зьдзекаваліся.

Толькі некаторыя з Асэра, Манасы і Завулёна ўпакорыліся і прыйшлі ў Ерусалім.
 
Некатрыя, адылі, з Ашэра, Манаса а Завулона скарыліся й прышлі да Ерузаліму.

Таксама ў Юдзе была рука Божая, што дала ім адно сэрца, каб выканаць загад валадара і князёў, паводле слова ГОСПАДА.
 
І над Юдэяю была рука Божая, што даравала іх адным сэрцам, каб паўніць расказаньне каралёва а князёў, подле слова СПАДАРОВАГА.

І сабралася ў Ерусаліме мноства народу спраўляць Сьвята Праснакоў у другі месяц, царква вельмі шматлікая.
 
І зьберліся да Ерузаліму множасьць люду спраўляць сьвята праснакоў, другога месяца, — грамада вельма чысьленая.

І ўсталі, і павалілі ахвярнікі, якія [былі] ў Ерусаліме, і ўсе [ахвярнікі] каджэньня павалілі і кінулі ў ручай Кедрон.
 
І ўсталі, і ськінулі аброчнікі, што былі ў Ерузаліме, і ўсі месцы кадзеньня ськінулі й кінулі ў цурэй Кідрон.

І зарэзалі пасхальнае [ягня] ў чатырнаццаты дзень другога месяца. А сьвятары і лявіты засароміліся, і асьвяціліся, і прынесьлі цэласпаленьні ў Доме ГОСПАДА,
 
І зарэзалі пасху чатырнанцатага дня другога месяца. Сьвятарове а Левітаве засароміліся, і пасьвяціліся, і прынесьлі ўсепаленьні да дому СПАДАРОВАГА.

і сталі на месцах сваіх паводле пастановаў іхніх, паводле Закону Майсея, чалавека Божага. Сьвятары крапілі крывёй, [узяўшы] яе з рук лявітаў.
 
І стаялі на сваім месцу подле звычаю свайго, подле Права Масея, чалавека Божага. Сьвятарове крапілі крывёй з рук Левітаў.

А як у царкве шмат было такіх, якія не асьвяціліся, лявіты рэзалі пасхальных [ягнятаў] за кожнага нячыстага, каб асьвяціць [іх] для ГОСПАДА.
 
З тае прычыны, што ў грамадзе шмат было такіх, каторыя не пасьвяціўшыся, то Левітаве рэзалі пасхі за кажнага нячыстага, на тое, каб пасьвяціць СПАДАРУ;

А таму, што мноства народу, шмат з Эфраіма і Манасы, Ісахара і Завулёна не была ачысьціўшыся, і яны елі Пасху не паводле таго, што напісана, Эзэкія памаліўся за іх, кажучы: «ГОСПАД добры няхай даруе кожнаму,
 
Бо множасьць ізь люду, шмат зь Яхрэму а Манаса, Іссасхару а Завулону ня была ачысьціўшыся; елі яны, адылі, Пасху, хоць ня подле пісаньня. Але Гэзэка памаліўся за іх, кажучы: «Добры СПАДАР залашчыцца да тых,

хто падрыхтаваў сэрца сваё шукаць Бога ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, хоць не [зрабіў] ачышчэньня сьвятога».
 
Хто прыгатаваў сэрца свае шукаць Бога, СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, хоць і ня подле ачышчэньня сьвятога».

І пачуў ГОСПАД Эзэкію, і аздаравіў народ.
 
І пачуў СПАДАР Гэзэку, і дараваў люду.

І сыны Ізраіля, якія былі ў Ерусаліме, спраўлялі Сьвята Праснакоў сем дзён з радасьцю вялікай; і хвалілі ГОСПАДА дзень пры дні лявіты і сьвятары з усёй моцай для [славы] ГОСПАДА.
 
І спраўлялі сынове Ізраелявы, што былі ў Ерузаліме, сьвята праснакоў сем дзён, зь вялікай весялосьцяй; дзень пры дню Левітаве а сьвятарове выхвалялі СПАДАРА на галасьлівых снадзях выхваляць СПАДАРА.

І прамовіў Эзэкія да сэрца ўсіх лявітаў, якія мелі добрае разуменьне ГОСПАДА. І елі ўвесь час [сьвяточны] сем дзён, ахвяруючы ахвяры мірныя і славячы ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх.
 
І гукаў Гэзэка па сэрцу ўсім Левітам, што навучалі добрага знацьця СПАДАРА. І елі пераз усе сьвята сем дзён, абракаючы супакойныя аброкі й вызнаючы СПАДАРА, Бога айцоў сваіх.

І радзілася ўся царква, каб спраўляць [сьвята] наступныя сем дзён, і спраўлялі [сьвята] сем дзён з радасьцю;
 
І зрадзіўся ўвесь збор спраўляць другія сем дзён, і спраўлялі сем дзён ізь весялосьцяй;

бо Эзэкія, валадар Юды, даў для царквы тысячу валоў і сем тысячаў авечак, а князі далі для царквы тысячу валоў і дзесяць тысячаў авечак; і шмат сьвятароў асьвяціліся.
 
Бо Гэзэка, кароль Юдэйскі, даў грамадзе тысяча цялят-бычкоў і сем тысячаў авец, і князі далі грамадзе тысяча цялят-бычкоў і дзесяць тысяч авец; і вялікі лік сьвятароў пасьвяціўся.

І радавалася ўся царква Юды, і сьвятары, і лявіты, і ўся царква, якая прыйшла з Ізраіля, і прыхадні, якія выйшлі з зямлі Ізраіля і жылі ў Юдзе.
 
І весялілася ўся грамада Юдэйская ізь сьвятарамі а Левітамі, і ўся грамада, каторыя прышлі з Ізраелю, і чужаземцы, што вышлі ізь зямлі Ізраельскае і жылі ў Юдэі.

І была радасьць вялікая ў Ерусаліме, бо ад дзён Салямона, сына Давіда, валадара Ізраіля, не было такога ў Ерусаліме.
 
Дык была вялікая радасьць у Ерузаліме, бо ад часу Салямона Давідзёнка, караля Ізраельскага, ня бывала падобнага ў Ерузаліме.

І ўсталі сьвятары і лявіты, і дабраславілі народ, і быў пачуты голас іхні, і ўзыйшла малітва іхняя да Сялібы Ягонай сьвятой у небе.
 
І ўсталі сьвятарове, Левітаве, і дабраславілі люд; і голас іхны быў пачуты, і ўзышла малітва іхная да сьвятое сялібы Ягонае, Да нябёс.