2 летапісаў 30 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Таксама паслаў Эзэкія пасланцоў да ўсяго Ізраэля і Юдэі, і напісаў лісты да Эфраіма і Манасы, каб наведалі дом Госпада ў Ерузаліме і каб святкавалі Пасху на пахвалу Госпаду, Богу Ізраэля.
І паслаў Гэзэка па ўсім Ізраелю а Юдэі, а таксама лісты пісаў да Яхрэма а Манаса, каб прышлі да дому СПАДАРОВАГА, да Ерузаліму спраўляць Пасху СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму;
Калі параіліся цар, і кіраўнікі, і ўся супольнасць у Ерузаліме, рашылі святкаваць Пасху ў другім месяцы.
Бо ўрадзілі кароль а князі ягоныя а ўвесь збор у Ерузаліме, спраўляць Пасху другога месяца;
Бо не здолелі яе святкаваць у сваім часе, таму што святары, якія маглі справіць свята, не асвяціліся, а народ яшчэ не сабраўся ў Ерузаліме.
Бо не маглі справіць яе ўпару, бо недаволі сьвятароў пасьвяцілася, і люд ня зьберся да Ерузаліму.
Такім чынам, спадабалася гэта рашэнне цару ды ўсёй супольнасці,
І ўпадабаў гэта кароль а ўся грамада.
ды рашылі паслаць вестуноў да ўсяго Ізраля ад Бээр-Сэбы аж па Дан, каб прыбылі яны святкаваць Пасху ў гонар Госпада, Бога Ізраэля, у Ерузалім; бо большасць не святкавала яе, як было законам прадпісана.
І пастанавілі агаласіць па ўсім Ізраелю, ад Веер-Шэвы аж да Дану, каб ішлі да Ерузаліму спраўляць Пасху СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму, бо даўно не спраўлялі, як напісана.
І разышліся вестуны з лістамі з рукі цара і яго кіраўнікоў па ўсім Ізраэлі і Юдзе, таму што цар загадаў, абвяшчаючы: «Сыны Ізраэля, навярніцеся да Госпада, Бога Абрагама, і Ізаака, і Ізраэля, каб і Ён вярнуўся да тых, якія ўцалелі, уцякаючы ад рукі цароў асірыйскіх.
І пайшлі ганцы зь лістамі ад караля а ад князёў ягоных па ўсім Ізраелю а Юдэі, і подле расказаньня каралёвага казалі: «Дзеці Ізраеля! навярніцеся да СПАДАРА, Бога Абрагамовага, Ісаковага а Ізраелявага, і Ён навернецца да ўцекачоў, што засталіся ад рукі каралёў Асырскіх.
Не будзьце падобнымі да бацькоў сваіх і братоў, якія адвярнуліся ад Госпада, Бога бацькоў сваіх, і Ён аддаў іх на загубу, як самі бачыце.
І ня будзьце, як айцове вашыя і як браты вашыя, каторыя ізрадзілі СПАДАРА, Бога айцоў сваіх; затым аддаў іх на спустошаньне, як вы бачыце.
Цяпер не заглушайце сэрцаў вашых, як бацькі вашыя. Падайце рукі Госпаду і прыходзьце ў святыню Яго, якую Ён асвяціў навек; служыце Госпаду, Богу вашаму, каб адвярнуўся ад вас гнеў абурэння Яго.
Цяпер не каляньце завыйкі свае, як айцове вашыя, дайце руку СПАДАРУ, і прыходзьце да сьвятыні Ягонае, каторую Ён пасьвяціў на векі; і служыце СПАДАРУ, Богу свайму, і Ён адверне ад вас пал гневу Свайго;
Бо калі вы навернецеся да Госпада, то браты вашы і сыны атрымаюць міласэрнасць перад гаспадарамі сваімі, якія іх павялі ў няволю, ды вернуцца ў гэтую зямлю: бо міласэрны і літасцівы Госпад, Бог ваш, ды не адверне Ён аблічча Свайго ад вас, калі навернецеся да Яго».
Бо калі вы навернецеся да СПАДАРА, тады браты вашыя а дзеці вашыя будуць у ласцы ў тых, што іх забралі ў палон, і зьвернуцца да зямлі гэтае; бо ласкучынюшчы а спагадлівы СПАДАР, Бог ваш, і не адверне відзеньня ад вас, калі вы навернецеся да яго».
Дык вестуны хадзілі з горада ў горад праз зямлю Эфраіма і Манасы аж да Забулона, але насміхаліся з іх і кпілі.
І праходзілі ганцы зь места да места па зямлі Яхрэмавай а Манасавай і аж да Завулонавае; але зь іх сьміяліся а зьдзекаваліся.
Але некаторыя людзі з Асэра, і Манасы, і Забулона ўпакорыліся і прыйшлі ў Ерузалім.
Некатрыя, адылі, з Ашэра, Манаса а Завулона скарыліся й прышлі да Ерузаліму.
Таксама над Юдэяй была рука Госпада, каб даць ім адно сэрца, каб споўнілі загад цара і кіраўнікоў паводле слова Госпадавага.
І над Юдэяю была рука Божая, што даравала іх адным сэрцам, каб паўніць расказаньне каралёва а князёў, подле слова СПАДАРОВАГА.
Такім чынам, у Ерузаліме сабралася многа народу, каб адзначыць у другім месяцы свята праснакоў, ды сабранне было вельмі вялікае.
І зьберліся да Ерузаліму множасьць люду спраўляць сьвята праснакоў, другога месяца, — грамада вельма чысьленая.
І яны, узяўшыся, разбурылі ахвярнікі, якія былі ў Ерузаліме, а таксама, перавярнуўшы ўсе кадзільніцы, укінулі іх у ручай Цэдрон.
І ўсталі, і ськінулі аброчнікі, што былі ў Ерузаліме, і ўсі месцы кадзеньня ськінулі й кінулі ў цурэй Кідрон.
І забілі пасхальнае ягня чатырнаццатага дня другога месяца; а пасаромленыя святары і левіты асвяціліся і прынеслі цэласпаленні ў дом Госпада.
І зарэзалі пасху чатырнанцатага дня другога месяца. Сьвятарове а Левітаве засароміліся, і пасьвяціліся, і прынесьлі ўсепаленьні да дому СПАДАРОВАГА.
І сталі ў сваім парадку па распараджэнні і законе Майсея, чалавека Божага; святары ж вылівалі кроў, якую бралі з рук левітаў,
І стаялі на сваім месцу подле звычаю свайго, подле Права Масея, чалавека Божага. Сьвятарове крапілі крывёй з рук Левітаў.
так як многа было ў сабранні такіх, што не асвяціліся; таму што ўсім, хто быў нячыстым, левіты забівалі пасхальныя ахвяры для асвячэння іх Госпаду.
З тае прычыны, што ў грамадзе шмат было такіх, каторыя не пасьвяціўшыся, то Левітаве рэзалі пасхі за кажнага нячыстага, на тое, каб пасьвяціць СПАДАРУ;
Вельмі бо вялікая частка народу з Эфраіма, і Манасы, і Ісахара, і Забулона не ачысціліся; і з’елі пасхальнае ягня не так, як было прадпісана. Ды маліўся за іх Эзэкія, кажучы: «Госпадзе, у дабраце Сваёй
Бо множасьць ізь люду, шмат зь Яхрэму а Манаса, Іссасхару а Завулону ня была ачысьціўшыся; елі яны, адылі, Пасху, хоць ня подле пісаньня. Але Гэзэка памаліўся за іх, кажучы: «Добры СПАДАР залашчыцца да тых,
прабач усім, хто накіраваў сэрца сваё, каб шукаць Госпада, Бога сваіх бацькоў, хоць без ачышчэння свяцілішча».
Хто прыгатаваў сэрца свае шукаць Бога, СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, хоць і ня подле ачышчэньня сьвятога».
Госпад выслухаў Эзэкію і прабачыў народу.
І пачуў СПАДАР Гэзэку, і дараваў люду.
А сыны Ізраэля, якія знаходзіліся ў Ерузаліме, святкавалі ўрачыстасць праснакоў з вялікай радасцю сем дзён, славілі Госпада штодзень і левіты, і святары на музычных інструментах, якія прыемна гучалі.
І спраўлялі сынове Ізраелявы, што былі ў Ерузаліме, сьвята праснакоў сем дзён, зь вялікай весялосьцяй; дзень пры дню Левітаве а сьвятарове выхвалялі СПАДАРА на галасьлівых снадзях выхваляць СПАДАРА.
І прамовіў Эзэкія да сэрца ўсіх левітаў, якія мелі добрае ўяўленне аб Госпадзе; і закончылі сямідзённую ўрачыстасць, складаючы мірныя ахвяры ды славячы Госпада, Бога сваіх бацькоў.
І гукаў Гэзэка па сэрцу ўсім Левітам, што навучалі добрага знацьця СПАДАРА. І елі пераз усе сьвята сем дзён, абракаючы супакойныя аброкі й вызнаючы СПАДАРА, Бога айцоў сваіх.
І спадабалася ўсёй супольнасці святкаваць яшчэ сем дзён, бо адзначалі з вялікай радасцю.
І зрадзіўся ўвесь збор спраўляць другія сем дзён, і спраўлялі сем дзён ізь весялосьцяй;
Бо цар Юдэі Эзэкія выдзеліў для супольнасці тысячу валоў і сем тысяч авечак, а кіраўнікі далі народу тысячу валоў і дзесяць тысяч авечак; такім чынам, святароў асвяцілася вялікае мноства.
Бо Гэзэка, кароль Юдэйскі, даў грамадзе тысяча цялят-бычкоў і сем тысячаў авец, і князі далі грамадзе тысяча цялят-бычкоў і дзесяць тысяч авец; і вялікі лік сьвятароў пасьвяціўся.
І ўся супольнасць Юдэі, — як святары і левіты, так і ўсе ўдзельнікі, якія прыбылі з Ізраэля, таксама і чужынцы, што прыйшлі з зямлі Ізраэля або жылі ў Юдэі, — была перапоўнена радасцю.
І весялілася ўся грамада Юдэйская ізь сьвятарамі а Левітамі, і ўся грамада, каторыя прышлі з Ізраелю, і чужаземцы, што вышлі ізь зямлі Ізраельскае і жылі ў Юдэі.
І ў Ерузаліме запанавала незвычайная радасць, якой не было ў гэтым горадзе ад дней Саламона, сына Давідавага, цара Ізраэля.
Дык была вялікая радасьць у Ерузаліме, бо ад часу Салямона Давідзёнка, караля Ізраельскага, ня бывала падобнага ў Ерузаліме.
Паўсталі ж святары левіцкага роду і дабраславілі народ; і кліч іх быў пачуты ды іх маленне дайшло да святога Яго жытла — у неба.
І ўсталі сьвятарове, Левітаве, і дабраславілі люд; і голас іхны быў пачуты, і ўзышла малітва іхная да сьвятое сялібы Ягонае, Да нябёс.