2 летапісаў 21 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

А супачыў Язафат са сваімі бацькамі ды пахаваны быў з імі ў горадзе Давіда; і царом стаў па ім сын яго Ярам.
 
І супачыў Ясапат із айцамі сваімі, і пахаваны з айцамі сваімі ў месьце Давідавым. І загаспадарстваваў Егорам, сын ягоны, замест яго.

Ён меў братоў, сыноў Язафата: Азарыю, і Ягіэля, і Захарыю, і Азарыю, і Міхаэля, і Сафацію; усе яны былі сынамі Язафата, цара Ізраэля.
 
І ў яго браты, сыны Ясапатавы: Азара а Егіель а Захара а Азара а Міхайла а Шэфата; усі гэтыя сыны Ясапатавы, караля Ізраельскага.

І пакінуў ім бацька іх многа дароў срэбра, і золата, і каштоўныя рэчы разам з вельмі ўмацаванымі гарадамі ў Юдэі; царства ж перадаў Яраму, таму што ён быў першародны.
 
І даў ім айцец іхны вялікія дары срэбрам а золатам а дарагімі рэчмі, разам із умацаванымі местамі ў Юдэі; каралеўства ж аддаў Егораму, бо ён пяршак.

Такім чынам, Ярам узяў уладу над царствам бацькі свайго; і, калі ўмацаваўся, забіў усіх братоў сваіх мечам, ды некаторых князёў Ізраэля.
 
І ўступіў Егорам на каралеўстава айца свайго, і ўмацаваўся, і забіў усіх братоў сваіх мячом, а таксама з князёў Ізраелявых.

Меў Ярам трыццаць два гады, калі стаў царом, і восем гадоў цараваў у Ерузаліме.
 
Трыццаць два гады было Егораму, як загаспадарстваваў, і восьмі год гаспадарстваваў у Ерузаліме.

І пайшоў дарогаю цароў Ізраэля так, як рабіў дом Ахаба; дачка ж Ахаба была яго жонкаю. І нарабіў ён ліха перад абліччам Госпада.
 
І хадзіў ён дарогаю каралёў Ізраельскіх, як рабіў дом Агаваў, бо дачка Агавава была жонкаю ягонай, і рабіу ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ.

Аднак не хацеў Госпад нішчыць дом Давіда дзеля прымірэння, якое заключыў з ім, ды таму, што абяцаў даць яму і сынам яго светач на ўвесь час.
 
Не хацеў, адылі, СПАДАР выгубіць дому Давідавага дзеля змовы, каторую ўчыніў із Давідам, і затым што абяцаў даць сьветач яму а сыном ягоным на ўсі часы.

У тыя дні ўзбунтаваўся Эдом, каб не быць падпарадкаваным Юдэі, і паставіў сабе цара.
 
За дзён ягоных вышаў Едом з-пад рукі Юды, і ўстанавілі над сабою караля.

І калі выправіўся Ярам з кіраўнікамі сваімі ды з усімі калясніцамі, што былі з імі, ноччу падняўся і паразіў эдомцаў, якія яго акружалі, а таксама ўсіх кіраўнікоў калясніц іх.
 
Тады пайшоў Егорам із князьмі сваімі, і ўсі цялежкі ягоныя зь ім, і ўстаў ночы, і разьбіў Едомлян, каторыя акружылі яго, і вайводцаў цялежак.

Аднак эдомцы ўзбунтаваліся, каб не быць пад уладай Юдэі, аж па гэты дзень. У той час і Лебна адышла, каб не быць пад яго рукой; пакінуў бо Госпада, Бога бацькоў сваіх.
 
Вышаў, адылі, Едом з-пад рукі Юды дагэтуль. Таго-ж часу вышла й Ліўна з-пад рукі ягонае, бо ён пакінуў СПАДАРА, Бога айцоў сваіх.

Акрамя таго, ён пабудаваў узгоркі на гарах Юдэі і дазволіў распуснічаць жыхарам Ерузаліма ды горшыў Юдэю.
 
Таксама ён узвышшы рабіў на гарах Юдэйскіх, і ўвёў у бязулства жыхараў Ерузаліму, і сіліў Юдэю.

Прынесены быў яму ліст ад прарока Іллі, у якім было напісана: «Гэта кажа Госпад, Бог Давіда, бацькі твайго: “Таму, што ты не пайшоў дарогамі Язафата, бацькі твайго, і дарогамі Асы, цара Юдэі,
 
І прышло пісаньне да яго ад Ільлі прарокі, кажучы: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Давіда, айца твайго: "За тое, што ты не хадзіў дарогамі Ясапата, айца свайго, ані дарогамі Асы, караля Юдэйскага,

але ўзышоў на дарогу цароў Ізраэля і дазволіў распуснічаць Юдэі і жыхарам Ерузаліма, успадкаемліваючы распусту дома Ахаба, і, звыш таго, забіў братоў сваіх, з дому бацькі свайго, лепшых за цябе:
 
А пайшоў дарогаю каралёў Ізраельскіх і ўвёў у бязулства Юдэю а жыхараў Ерузаліму, як уводзіў у бязулства дом Агаваў; дый братоў сваіх, дом айца свайго, каторыя лепшыя за цябе, ты забіў:

вось, Госпад паразіць вялікім горам народ твой, сыноў і жонак тваіх ды ўсю маёмасць тваю;
 
Вось, вытне СПАДАР вялікаю ліпучкаю люд твой а сыноў тваіх а жонкі твае а ўсю маемасьць тваю;

ты ж захварэеш самай ліхой хваробай жывата свайго, пакуль не выйдзе пакрыху ў некалькі дзён нутро тваё”».
 
А ты захварэеш на вялікую хваробу, на хваробу нутра, аж нутр твой будзе вывалевацца з прычыны хваробы дзень пры дню"».

Дык узбудзіў Госпад супраць Ярама дух філістынцаў і арабаў, якія межаваліся з этыёпцамі,
 
І збудзіў СПАДАР на Егорама дух Пілішчан а Арабаў, што блізка Ефіоплян;

і яны ўварваліся ў зямлю Юдэі, і знішчылі яе ды захапілі ўсю маёмасць, што знаходзілася ў палацы цара, а па-за гэтым і сыноў яго, і жонак, і не застаўся яму ніводзін сын, апрача найменшага Ёахаза.
 
І яны ўзышлі на Юдэю, уварваліся ў яе, і захапілі ўсю маемасьць, што была ў доме каралёвым, таксама й сыноў ягоных, і жонкі ягоныя; і не засталося ў яго сына, апрача Егоагаза, найменьшага із сыноў ягоных.

І пасля ўсяго гэтага паразіў яго Госпад невылечнай хваробай жывата.
 
А просьле ўсёга гэтага выцяў СПАДАР нутр ягоны хваробаю невылячальнаю.

І, калі праходзіў дзень за днём і ішоў час, на працягу двух гадоў скончыўся шлях яго; і так ён быў змучаны доўгаю хваробаю, што нават вывергнуў нутро сваё, адначасова пазбавіўся ён хваробы і жыцця. І памёр у хваробе ліхой, і не справіў яму народ яго пахавання па звычаі спалення, як справіў папярэднікам яго.
 
Гэтак было дзень пры дню, а пад канец другога году выпаў нутр ягоны ад хваробы ягонае, і ён памер ад благое хваробы; і люд ягоны не спаліў паленьня яму, як паленьне айцом ягоным.

Калі стаў царом, меў трыццаць два гады, і восем гадоў быў царом у Ерузаліме. І адышоў так, што ніхто аб ім не пашкадаваў; і пахавалі яго ў горадзе Давіда, але не ў царскай грабніцы.
 
Трыццаць два гады было яму, як ён пачаў гаспадарстваваць, і гаспадарстваваў у Ерузаліме восьмі год, і адышоў зьбезахочаны. Пахавалі яго, адылі, у месьце Давідавым, але не ў грабох каралеўскіх.