2 летапісаў 20 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Пасля гэтых падзей сабраліся сыны Мааба ды сыны Амона і з імі мааніты супраць Язафата, каб ваяваць з ім.
І сталася просьле гэтага: прышлі сынове Моава а сынове Амона, і зь імі з Маонян, ваяваць ізь Ясапатам.
І прыйшлі пасланцы, і сказалі Язафату, паведамляючы: «Выступіла вялікае мноства супраць цябе з тых мясцовасцей, што за морам знаходзяцца, з Эдома, ды вось яны ў Асасон-Тамары, гэта значыць у Эн-Гадзі».
І прышлі, і наказалі Ясапату, кажучы: «Ідзець на цябе вялікая множасьць з-за мора, ад Арама і во яны ў Гацацон-Тамары, каторая Енґеды».
Язафат жа, праняты страхам, усяго сябе звярнуў запытацца ў Госпада ды аб’явіў усёй Юдэі пост.
І зьлякаўся Ясапат, і зьвярнуў відзеньне свае сачыць СПАДАРА, і абясьціў пост па ўсёй Юдэі.
Дык сабралася ўся Юдэя маліцца да Госпада; але і з усіх яе гарадоў прыбылі ўмольваць Яго.
І зьберліся Юдэі шукаць СПАДАРА, нават з усіх местаў Юдзіных прышлі яны шукаць СПАДАРА.
І калі стаў Язафат пасярод супольнасці Юдэі і Ерузаліма ў доме Госпада перад новым прысенкам,
І стаў Ясапат у грамадзе Юдэяў а Ерузалімлян у Доме СПАДАРОВЫМ, перад новым панадворкам,
то маліўся: «Госпадзе, Божа бацькоў нашых, Ты Бог у небе і валадарыш над усімі царствамі паганскімі; у руцэ Тваёй моц і магутнасць, і ніхто не можа Табе супрацівіцца.
І сказаў: «СПАДАРУ, Божа айцоў нашых! Ці ня Ты Бог на нябёсах? І ты пануеш над усімі каралеўствамі паган, і ў Тваёй руццэ сіла а моц, так што ніхто ня можа спрацівіцца Табе!
Ці не Ты, Божа наш, выгнаў жыхароў гэтай зямлі перад народам Тваім, Ізраэлем, і даў яе навек нашчадкам Абрагама, сябра Твайго?
Ці ня Ты, Божа наш, выгнаў жыхараў зямлі гэтае перад відам люду Свайго, Ізраеля, і аддаў яе насеньню Абрагамоваму, прыяцеля Свайго, на век?
І абжыліся на гэтай зямлі ды пабудавалі на ёй святыню імю Твайму, кажучы:
І яны асяліліся на ёй, і пастанавілі Табе на ёй сьвятыню ў імя Твае, кажучы:
“Калі нападуць на нас беды, меч суда, пошасць і голад, станем перад гэтым домам перад абліччам Тваім, бо імя Тваё ў гэтым доме, ды будзем прызываць Цябе ў бедах нашых, і Ты выслухаеш і збавіш нас”.
"Калі прыйдзе на нас бяда: меч, суд а ліпучка а галадоў, мы станем перад домам гэтым і ў прытомнасьці Тваёй, бо імя Твае ў доме гэтым, і загукаем да Цябе ў немарасьці сваёй, і Ты пачуеш а ўратуеш!"
Такім чынам, цяпер, вось, сыны Амона, і Мааба, і жыхары гары Сэір, праз зямлю якіх Ты не дазволіў прайсці Ізраэлю, калі вярталіся яны з Егіпта, так што абмінулі іх і не забілі іх,
І цяпер, вось, сынове Амонавы а Моаўляне а гара Сэір, каторай Ты не дазволіў Ізраелю перайсьці, як яны йшлі ізь зямлі Ягіпецкае, і яны абмінулі іх, і ня зьнішчылі іх,
наадварот, стараюцца і дзейнічаюць, каб нас выкінуць з уладання Твайго, якое Ты нам даручыў.
Вось, яны плацяць нам, што прышлі выгнаць нас ізь дзяржавы, каторую Ты даў нам на спадак.
Божа наш, дык Ты не асудзіш іх? Мы бо не маем такой сілы, каб маглі мы супрацівіцца такому мноству, якое нахлынула на нас; але паколькі мы не ведаем, што маем рабіць, то вочы нашы звяртаюцца да Цябе».
Божа наш! ці ня будзеш судзіць іх? бо няма ў нас сілы супроці множасьці гэтае вялікае, што прышла на нас, і мы ня ведаем, што рабіць, але да Цябе вочы нашы!»
Кожны ж юдэй стаяў перад абліччам Госпада са сваімі малюткамі, і з жонкамі ды са сваімі дзецьмі.
І ўсі Юдэі стаялі перад відам СПАДАРОВЫМ, і дзецяняткі іхныя, жонкі іхныя а сынове іхныя.
А ў супольнасці з’явіўся Дух Госпадаў ды супачыў на Яхазіэлі, сыне Захарыі, сына Банаі, сына Егіэля, сына Матаніі, левіце з сыноў Асафа,
Тады на Ягазеля, сына Захарынага, сына Венаінага, сына Ееля Матфанёнка, Левіта із сыноў Асафовых, зышоў Дух СПАДАРОЎ сярод грамады,
і ён сказаў: «Слухайце, уся Юдэя дый усе, хто пражывае ў Ерузаліме, ды ты, цар Язафаце, гэта кажа Госпад вам: “Не бойцеся ды не палохайцеся гэтага вялікага мноства; бо не вы будзеце ваяваць, але Бог”.
І сказаў ён: «Слухайце, усі Юдэі а жыхары Ерузаліму а каролю Ясапаце! Гэтак кажа СПАДАР вам: "Ня бойцеся ані лякайцеся множасьці гэтае вялікае, бо ня ваша вайна, а Божая.
Заўтра выступіце супраць іх; яны бо ўзойдуць на ўзгорак з назваю Сіс, і знойдзеце іх у канцы даліны, што насупраць пустыні Еруэль.
Заўтра зыйдзіце супроці іх; вось, яны ўзыходзяць на схон Цыцу, а вы знойдзеце іх на канцу даліны, перад пустынёю Еруелям.
Гэта не вы маеце ваяваць; а толькі смела станьце і ўбачыце дапамогу Госпада для вас, о Юдэя і Ерузалім! Не бойцеся і не палохайцеся: заўтра выйдзеце супраць іх, і Госпад будзе з вамі».
Ня вам біцца гэты раз; вы станьце, стойце й глядзіце на выбаўленьне СПАДАРОВА вам, Юда а Ерузаліме!" Ня бойцеся а не лякайцеся. Заўтра выйдзіце наўпярэймы ім, і СПАДАР будзе з вамі».
Такім чынам, Язафат упаў на калені тварам сваім да зямлі, дый усе жыхары Юдэі і Ерузаліма ўпалі перад Госпадам і пакланіліся Яму.
І пакланіўся Ясапат відам да зямлі, і ўся Юдэя а жыхары Ерузаліму палі перад СПАДАРОМ, каб пакланіцца СПАДАРУ.
Затым левіты спаміж сыноў Кагата, гэта значыць, спаміж сыноў Корэ, падняліся і пачалі славіць Госпада, Бога Ізраэля, моцным голасам аж пад неба.
І ўсталі Левіты із сыноў Когафовых а із сыноў Корыных — хваліць СПАДАРА, Бога Ізраелявага, голасам вельмі вялікім а ўзьнятым.
І калі раніцай падняліся, пайшлі ў пустыню Тэкуа; і Язафат, стоячы пасярод іх, сказаў: «Слухайце мяне, жыхары Юдэі і Ерузаліма! Майце веру ў Госпада, Бога вашага, і застанецеся; верце прарокам Яго — і ўсё будзе добра ў вас».
І ўсталі яны рана нараніцы, і выступілі ў бок пустыні Фекойскае; і, як яны выступілі, стаў Ясапат і сказаў: «Паслухайце мяне Юдэі а жыхары Ерузаліму! Верце ў СПАДАРА, Бога свайго, і будзеце непахісныя, верце прарокам Ягоным, і пашчасьце вам»
І зрабіў нараду з народам, і паставіў спевакоў Госпада, каб у святочных шатах славілі Яго і каб ішлі наперадзе войска ды гучным голасам спявалі: «Слаўце Госпада, бо міласэрнасць Яго вечная».
І, як ён парадзіўся зь людам, ён пастанавіў пяюноў СПАДАРУ, выхваляць харашыню сьвятасьці, каб вышлі перад узброенымі й казалі: «Выхваляйце СПАДАРА, бо на векі міласэрдзе Ягонае!»
І калі яны пачалі спяваць гімны пахвалы, Госпад учыніў нязгоду паміж сынамі Амона, і Мааба, і жыхарамі гары Сэір, якія выйшлі ваяваць супраць Юдэі, ды былі яны пабітыя.
І ў тую часіну, як яны пачалі пяяць а выхваляць, СПАДАР зьвярнуў засаду супроці сыноў Амонавых, Моававых і гары Сэіру, каторыя вышлі супроці Юды, і яны былі паражаны.
І сыны Амона і Мааба пайшлі тады супраць жыхароў гары Сэір, каб забіць іх і знішчыць; і калі гэтага дамагліся, сталі ваяваць таксама паміж сабою ды забіваць адзін аднаго.
І паўсталі сынове Амонавы а Моаўляне на жыхараў гары Сэіру, каб разбураць а нішчыць; а як скончылі із жыхарамі Сэіру, тады пачалі нішчыць адны адных.
Затым юдэі, калі прыбылі на ўзвышша, з якога віднелася пустыня, воддаль убачылі ўсю ваколіцу, якая была заслана шматлікімі трупамі, убачылі, што не засталося нікога, хто б здолеў пазбегнуць смерці.
І як Юдэі прышлі аж да назіральнае вежы на пустыні, і глянулі на тую множасьць, і вось — трупы, на зямлі ляжачыя, і няма ўцеклага.
Дык прыйшоў Язафат ды ўвесь народ з ім, каб зняць з мёртвых здабычу, і знайшлі шмат жывёлы, і посуду, а таксама адзення і іншых найкаштоўнейшых рэчаў, і набралі так шмат, што ўсё не маглі панесці, і тры дні выносілі, так бо многа было здабычы.
І прышоў Ясапат а люд ягоны глабаць здабыткі іхныя, і знайшлі ў іх множасьць і маемасьці, і трупоў, і дарагія рэчы, і набралі сабе толькі, што не панесьці. І тры дні яны глабалі здабытак, бо вялікі ён!
А на чацвёрты дзень сабраліся ў Лагчыне Бараха; таму што там дабраславілі Госпада, называюць тое месца Лагчынай Дабраславення па сённяшні дзень.
А чацьвертага дня зьберліся на даліну дабраславенства, бо там яны дабраславілі СПАДАРА. Затым і завуць тое месца даліною дабраславенства дагэтуль.
І ўсе юдэі, ерузалімцы і Язафат перад імі вярнуліся з радасцю вялікай у Ерузалім, таму што Госпад даў ім радасць дзеля іх ворагаў;
І абярнуліся кажны муж Юдэі а Ерузаліму, і Ясапат на чале іх, каб зьвярнуцца да Ерузаліму зь весялосьцяй, бо ўзрадаваў іх СПАДАР над варагамі іхнымі.
і ўвайшлі ў Ерузалім з псалтэрыёнамі, і цытрамі, і трубамі ў дом Госпадаў.
І прышлі да Ерузаліму з псалтырамі а гусьлямі а з трубамі да дому СПАДАРОВАГА.
А калі пачулі, што Госпад ваяваў супраць ворагаў Ізраэля — страх Божы ўпаў на ўсе краіны зямлі.
І быў страх Божы на ўсіх каралеўскіх краёх, як яны пачулі, што СПАДАР ваяваў супроці варагоў Ізраеля.
І жыло ў супакоі царства Язафата, і даў яму Бог Яго навокал супакой.
І было ціха ў каралеўстве Ясапатавым, бо супакоіў яго СПАДАР.
Так Язафат быў царом над Юдэяй. І меў ён трыццаць пяць гадоў, калі стаў царом; а дваццаць пяць гадоў цараваў у Ерузаліме. Імя маці яго Азуба, дачка Сэлаха.
І гаспадарстваваў Ясапат над Юдаю; яму было трыццаць пяць год, як ён пачаў гаспадарстваваць, і гаспадарстваваў дваццаць пяць год у Ерузаліме. А імя маці ягонае Азува Шылгелішка.
І ішоў ён дарогай свайго бацькі Асы ды не збочыў з яе, чынячы тое, што справядліва было перад Госпадам.
І хадзіў ён дарогаю айца свайго Асы, і не адхінаўся ад яе, робячы справядлівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ.
Аднак узгоркі не былі выдалены; дасюль народ не накіраваў свайго сэрца да Бога бацькоў сваіх.
Адно ўзвышшы ня былі аддалены, і яшчэ люд не прыгатаваў сэрцаў сваіх да Бога айцоў сваіх.
А астатнія дзеянні Язафата, першыя і апошнія, запісаны ў словах Егу, сына Ханані, якія ўнесены ў кнігі цароў Ізраэля.
Засталыя справы Ясапатавы першыя й апошнія, вось, яны апісаныя ў кнізе Егу Гананёнка, каторая менавана ў кнізе каралёў Ізраельскіх.
Па гэтым цар Юдэі Язафат завязаў сяброўства з Ахазіем, царом Ізраэля, якога ўчынкі былі надта ліхія,
А просьле тога Ясапат, кароль Юдэйскі, пасябраваў з Агазяю, каралём Ізраельскім, каторы рабіў нягодна.
і ён удзельнічаў з ім у будаванні караблёў, што мелі плысці ў Тарсіс, і флот пабудавалі ў Эцыён-Гебэры.
І ён пасябраваў ізь ім будаваць караблі, плаваць да Таршышу; і яны пабудавалі караблі ў Ецон-Ґеверу.
А праракаваў Эліязэр, сын Додзі з Марэсы, адносна Язафата, кажучы: «Таму, што ты пасябраваў з Ахазіем, Госпад пакараў справы твае». І разбіліся караблі, і не маглі плысці ў Тарсіс.
Тады Елезэр Додавёнак із Марэшы праракаў празь Ясапата, кажучы: «За тое, што ты пасябраваў з Агазяю, СПАДАР разбурыў твае работы». І разьбіліся караблі, і не маглі йсьці да Таршышу.