1 Пасля гэтых падзей сабраліся сыны Мааба ды сыны Амона і з імі мааніты супраць Язафата, каб ваяваць з ім.
2 І прыйшлі пасланцы, і сказалі Язафату, паведамляючы: «Выступіла вялікае мноства супраць цябе з тых мясцовасцей, што за морам знаходзяцца, з Эдома, ды вось яны ў Асасон-Тамары, гэта значыць у Эн-Гадзі».
3 Язафат жа, праняты страхам, усяго сябе звярнуў запытацца ў Госпада ды аб’явіў усёй Юдэі пост.
4 Дык сабралася ўся Юдэя маліцца да Госпада; але і з усіх яе гарадоў прыбылі ўмольваць Яго.
5 І калі стаў Язафат пасярод супольнасці Юдэі і Ерузаліма ў доме Госпада перад новым прысенкам,
6 то маліўся: «Госпадзе, Божа бацькоў нашых, Ты Бог у небе і валадарыш над усімі царствамі паганскімі; у руцэ Тваёй моц і магутнасць, і ніхто не можа Табе супрацівіцца.
7 Ці не Ты, Божа наш, выгнаў жыхароў гэтай зямлі перад народам Тваім, Ізраэлем, і даў яе навек нашчадкам Абрагама, сябра Твайго?
8 І абжыліся на гэтай зямлі ды пабудавалі на ёй святыню імю Твайму, кажучы:
9 “Калі нападуць на нас беды, меч суда, пошасць і голад, станем перад гэтым домам перад абліччам Тваім, бо імя Тваё ў гэтым доме, ды будзем прызываць Цябе ў бедах нашых, і Ты выслухаеш і збавіш нас”.
10 Такім чынам, цяпер, вось, сыны Амона, і Мааба, і жыхары гары Сэір, праз зямлю якіх Ты не дазволіў прайсці Ізраэлю, калі вярталіся яны з Егіпта, так што абмінулі іх і не забілі іх,
11 наадварот, стараюцца і дзейнічаюць, каб нас выкінуць з уладання Твайго, якое Ты нам даручыў.
12 Божа наш, дык Ты не асудзіш іх? Мы бо не маем такой сілы, каб маглі мы супрацівіцца такому мноству, якое нахлынула на нас; але паколькі мы не ведаем, што маем рабіць, то вочы нашы звяртаюцца да Цябе».
13 Кожны ж юдэй стаяў перад абліччам Госпада са сваімі малюткамі, і з жонкамі ды са сваімі дзецьмі.
14 А ў супольнасці з’явіўся Дух Госпадаў ды супачыў на Яхазіэлі, сыне Захарыі, сына Банаі, сына Егіэля, сына Матаніі, левіце з сыноў Асафа,
15 і ён сказаў: «Слухайце, уся Юдэя дый усе, хто пражывае ў Ерузаліме, ды ты, цар Язафаце, гэта кажа Госпад вам: “Не бойцеся ды не палохайцеся гэтага вялікага мноства; бо не вы будзеце ваяваць, але Бог”.
16 Заўтра выступіце супраць іх; яны бо ўзойдуць на ўзгорак з назваю Сіс, і знойдзеце іх у канцы даліны, што насупраць пустыні Еруэль.
17 Гэта не вы маеце ваяваць; а толькі смела станьце і ўбачыце дапамогу Госпада для вас, о Юдэя і Ерузалім! Не бойцеся і не палохайцеся: заўтра выйдзеце супраць іх, і Госпад будзе з вамі».
18 Такім чынам, Язафат упаў на калені тварам сваім да зямлі, дый усе жыхары Юдэі і Ерузаліма ўпалі перад Госпадам і пакланіліся Яму.
19 Затым левіты спаміж сыноў Кагата, гэта значыць, спаміж сыноў Корэ, падняліся і пачалі славіць Госпада, Бога Ізраэля, моцным голасам аж пад неба.
20 І калі раніцай падняліся, пайшлі ў пустыню Тэкуа; і Язафат, стоячы пасярод іх, сказаў: «Слухайце мяне, жыхары Юдэі і Ерузаліма! Майце веру ў Госпада, Бога вашага, і застанецеся; верце прарокам Яго — і ўсё будзе добра ў вас».
21 І зрабіў нараду з народам, і паставіў спевакоў Госпада, каб у святочных шатах славілі Яго і каб ішлі наперадзе войска ды гучным голасам спявалі: «Слаўце Госпада, бо міласэрнасць Яго вечная».
22 І калі яны пачалі спяваць гімны пахвалы, Госпад учыніў нязгоду паміж сынамі Амона, і Мааба, і жыхарамі гары Сэір, якія выйшлі ваяваць супраць Юдэі, ды былі яны пабітыя.
23 І сыны Амона і Мааба пайшлі тады супраць жыхароў гары Сэір, каб забіць іх і знішчыць; і калі гэтага дамагліся, сталі ваяваць таксама паміж сабою ды забіваць адзін аднаго.
24 Затым юдэі, калі прыбылі на ўзвышша, з якога віднелася пустыня, воддаль убачылі ўсю ваколіцу, якая была заслана шматлікімі трупамі, убачылі, што не засталося нікога, хто б здолеў пазбегнуць смерці.
25 Дык прыйшоў Язафат ды ўвесь народ з ім, каб зняць з мёртвых здабычу, і знайшлі шмат жывёлы, і посуду, а таксама адзення і іншых найкаштоўнейшых рэчаў, і набралі так шмат, што ўсё не маглі панесці, і тры дні выносілі, так бо многа было здабычы.
26 А на чацвёрты дзень сабраліся ў Лагчыне Бараха; таму што там дабраславілі Госпада, называюць тое месца Лагчынай Дабраславення па сённяшні дзень.
27 І ўсе юдэі, ерузалімцы і Язафат перад імі вярнуліся з радасцю вялікай у Ерузалім, таму што Госпад даў ім радасць дзеля іх ворагаў;
28 і ўвайшлі ў Ерузалім з псалтэрыёнамі, і цытрамі, і трубамі ў дом Госпадаў.
29 А калі пачулі, што Госпад ваяваў супраць ворагаў Ізраэля — страх Божы ўпаў на ўсе краіны зямлі.
30 І жыло ў супакоі царства Язафата, і даў яму Бог Яго навокал супакой.
31 Так Язафат быў царом над Юдэяй. І меў ён трыццаць пяць гадоў, калі стаў царом; а дваццаць пяць гадоў цараваў у Ерузаліме. Імя маці яго Азуба, дачка Сэлаха.
32 І ішоў ён дарогай свайго бацькі Асы ды не збочыў з яе, чынячы тое, што справядліва было перад Госпадам.
33 Аднак узгоркі не былі выдалены; дасюль народ не накіраваў свайго сэрца да Бога бацькоў сваіх.
34 А астатнія дзеянні Язафата, першыя і апошнія, запісаны ў словах Егу, сына Ханані, якія ўнесены ў кнігі цароў Ізраэля.
35 Па гэтым цар Юдэі Язафат завязаў сяброўства з Ахазіем, царом Ізраэля, якога ўчынкі былі надта ліхія,
36 і ён удзельнічаў з ім у будаванні караблёў, што мелі плысці ў Тарсіс, і флот пабудавалі ў Эцыён-Гебэры.
37 А праракаваў Эліязэр, сын Додзі з Марэсы, адносна Язафата, кажучы: «Таму, што ты пасябраваў з Ахазіем, Госпад пакараў справы твае». І разбіліся караблі, і не маглі плысці ў Тарсіс.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другая кніга Хронікаў, 20 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017