Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Хронікаў 5 2-я Хронікаў 5 разьдзел

1 І так закончана была ўся праца, якую зрабіў Саламон у доме Госпада. Тады ўнёс Саламон усё, што прыракаў Давід, бацька яго: срэбра і золата, дый увесь посуд памясціў у скарбоўнях дома Божага.
2 Затым сазваў старэйшын Ізраэля, і ўсіх кіраўнікоў пакаленняў, і князёў родаў Ізраэля ў Ерузалім, каб перанесці каўчэг прымірэння Госпадава з горада Давіда, якім з’яўляецца Сіён.
3 Дык сабраліся да цара ўсе ізраэльцы ў дзень урачыстага сёмага месяца.
4 І калі прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраэля, тады левіты ўзялі каўчэг
5 і ўнеслі яго ў палатку сустрэчы, ды ўсе прыналежнасці святыя, што былі ў палатцы. Перанеслі іх святары і левіты.
6 Цар жа Саламон ды ўся супольнасць Ізраэля, сабраная пры ім перад каўчэгам, складалі ў ахвяру авечак і валоў без ліку: такое бо было мноства ахвяр.
7 І ўнеслі святары каўчэг прымірэння Госпадавага на яго месца, у Дабір святыні, у святое з святых, пад крылы херубінаў,
8 так што херубіны раскідвалі свае крылы над месцам, у якім размясцілі каўчэг, і накрывалі сам каўчэг і яго жэрдкі зверху.
9 А канцы жэрдак, на якіх неслі каўчэг, — бо былі жэрдкі даволі доўгія, — віднеліся перад Дабірам; а калі хто быў звонку, то бачыць іх не мог. Такім чынам, быў там каўчэг і застаецца ён там па сённяшні дзень.
10 І ў каўчэгу не было нічога іншага, акрамя дзвюх табліц, якія паклаў Майсей у Гарэбе, калі Госпад заключыў запавет з сынамі Ізраэля ў час іх выхаду з Егіпта.
11 Калі ж святары выйшлі з месца святое з святых, — бо ўсе святары, якія знаходзіліся там, былі асвячоныя, нягледзячы на чаргу і парадак службы,
12 і левіты ўсе, што былі спевакамі пад Асафам, і якія былі пад Геманам, і якія былі пад Ідытунам, сыны і браты іх, апранутыя ў вісон, стаялі на ўсход ад ахвярніка, граючы на цымбалах, і псалтэрыёнах, і цытрах, і з імі сто дваццаць святароў, што гралі на трубах, —
13 такім чынам, калі ўсе як адзін і затрубілі, і заспявалі, і зайгралі на цымбалах і іншых музычных інструментах, і высока ўзнялі голас, пачалі яны славіць Госпада аднагалосна і казаць: «Дзякуйма Госпаду, бо Ён добры, бо вечная ёсць міласэрнасць Яго», — запоўніўся воблакам дом Божы,
14 і не змаглі святары там заставацца і спаўняць службу дзеля воблака, бо слава Госпада запоўніла дом Божы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Хронікаў, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017