Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Хронікаў 35 2-я Хронікаў 35 разьдзел

1 Осія ж святкаваў у Ерузаліме Пасху Госпаду; бо чатырнаццатага дня першага месяца ахвяравалі ягня пасхальнае.
2 І паставіў ён святароў у іх абавязках, і падбадзёрыў іх да службы ў доме Госпадавым.
3 Таксама левітам, якія навучалі ўвесь Ізраэль і былі пасвячоны Госпаду, сказаў: «Пастаўце святы каўчэг у святыні, якую пабудаваў Саламон, сын Давіда, цар Ізраэля; не будзеце ўжо больш насіць яго на плячах. Цяпер будзеце служыць Госпаду, Богу вашаму, і Яго народу Ізраэлю.
4 І падрыхтуйцеся па родах вашых і па чэргах вашых, як напісаў Давід, цар Ізраэля, і прадпісаў Саламон, сын яго;
5 і служыце ў святым месцы групамі родаў братоў вашых, сыноў народа, — у кожнай групе частка левіцкага роду.
6 Дык забіце пасхальнае ягня, і асвяціцеся, і прыгатуйце яго для братоў вашых, каб споўніць слова, якое загадаў Госпад праз Майсея».
7 Прытым Осія даў кожнай супольнасці, якая там знаходзілася, дзеля Пасхі, ягнят і казлоў са статкаў: трыццаць тысяч, і валоў — тры тысячы — усё з маёмасці цара.
8 Таксама яго кіраўнікі ахвяравалі добраахвотна, як народу, так і святарам, і левітам. Затым Хэлькія, і Захарыя і Ягіэль — кіраўнікі святыні Госпада — ахвяравалі святарам, каб справіць Пасху, супольна дзве тысячы шэсцьсот ягнят ды трыста валоў.
9 Хананія ж, Сямэй, таксама і Натанаэль, браты яго, таксама Гасабія, і Егіэль, і Ёзабад — кіраўнікі левітаў, падаравалі іншым левітам на святкаванне Пасхі пяць тысяч ягнят ды пяцьсот валоў.
10 І было прыгатавана служэнне: і святары сталі на сваім месцы, левіты таксама сталі па чэргах па загадзе цара.
11 І забілі пасхальнае ягня; і святары рукою сваёй пакрапілі крывёй, і левіты здзіралі шкуру з ахвяр,
12 і падзялялі ахвяру, каб даць групам, утвораным паводле родаў народа і ўскласці ў ахвяру Госпаду, як напісана ў кнізе Майсея. З валамі таксама зрабілі падобна.
13 І спяклі пасхальнае ягня над агнём, як загадана было законам; мірныя ж ахвяры зварылі ў катлах, і ў каструлях, і ў гаршках ды спешна раздалі ўсяму народу.
14 А сабе і святарам пазней прыгатавалі; бо ахвяраваннем цэласпаленняў і тлушчу святары былі заняты аж да ночы; таму левіты і сабе, і святарам, сынам Аарона, падрыхтавалі Пасху найпазней.
15 Прытым спевакі, сыны Асафа, стаялі на сваім месцы па загадзе Давіда, і Асафа, і Гемана, і Ідытуна — прарокаў цара; прыдзверныя ж пры кожнай браме вартавалі, так што ні на хвілінку не адрываліся ад паслугі, бо браты іх, левіты, прыгатавалі ім ежу.
16 Так што ў той дзень уся служба Госпаду была прыгатавана па абрадзе, каб святкавалі Пасху ды складалі цэласпаленні на ахвярніку Госпада па загадзе цара Осіі.
17 Дык сыны Ізраэля, якія там знаходзіліся, святкавалі Пасху ў той час і ўрачыстасць праснакоў сем дзён.
18 Не было нічога, падобнага да гэтага, у Ізраэлі ад часоў прарока Самуэля ды ніводзін з цароў Ізраэля не святкаваў так Пасхі, як Осія са святарамі, з левітамі, і ўсёй Юдэяй і Ізраэлем, які знаходзіўся там, ды з жыхарамі Ерузаліма.
19 У васемнаццаты год царавання Осіі гэтак Пасха была адсвяткавана.
20 У той час, як Осія аднавіў святыню Нэкао, цар Егіпта, пайшоў ваяваць пад Каркаміс каля Эўфрата. І насустрач яму выйшаў Осія.
21 Тады ён паслаў да яго вестуноў сказаць яму: «Што мне і табе, цар Юдэі? Не супраць цябе сёння выступаю, але супраць іншага дому ваюю, на які ісці паспешна загадаў мне Бог. Не выступай супраць Бога, Які са мной, каб не забіў Ён цябе».
22 Але Осія не захацеў вярнуцца, але смела рашыў з ім ваяваць ды не згадзіўся са словамі Нэкао, якія былі з вуснаў Божых; выступіў жа ў бой на раўніне Магеда.
23 Там, паранены лучнікамі, сказаў сваім паслугачам: «Выведзіце мяне з бою, бо я цяжка паранены».
24 Яны выцягнулі яго з калясніцы ў іншую калясніцу і завезлі ў Ерузалім; і памёр ён, і быў пахаваны ў грабніцы бацькоў яго; і ўся Юдэя і Ерузалім плакалі па ім.
25 Ярэмія ўчыніў галашэнне па Осіі. Усе спевакі і спявачкі аж па сённяшні дзень учыняюць галашэнні па Осіі, і як бы закон утрымаўся ў Ізраэлі: вось, падаецца ў галашэннях.
26 Астатнія дзеянні Осіі ды яго міласэрнасць, згодна з тым, што напісана ў законе Госпада,
27 таксама яго дзеянні, першыя і апошнія, запісаны ў кнізе Цароў Ізраэля і Юдэі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Хронікаў, 35 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017