Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Хронікаў 2 2-я Хронікаў 2 разьдзел

1 Саламон жа вырашыў пабудаваць дом імю Госпада і сабе палац.
2 І адлічыў Саламон семдзесят тысяч мужчын насільшчыкаў ды восемдзесят тысяч тых, якія здабывалі камяні ў гарах і тры тысячы шэсцьсот наглядчыкаў за імі.
3 Таксама паслаў Саламон пасланцоў да Гірама, цара Тыра, сказаць: «Як ставіўся ты да Давіда, бацькі майго, і паслаў яму дрэў кедравых, каб ён пабудаваў сабе дом для пражывання ў ім,
4 так стаўся да мяне, каб мог я пабудаваць дом імю Госпада, Бога майго, каб пасвяціць яго на ўспальванне перад Ім пахнучых кадзілаў і ўскладаць безупынна хлябы і цэласпальныя ахвяры раніцай і вечарам, таксама ў шабаты і ў маладзікі дый у святы Госпада, Бога нашага, навечна, як загадана Ізраэлю.
5 Дом бо, які я прагну пабудаваць, вялікі; бо вялікі ёсць Бог наш над усімі багамі.
6 Дык хто зможа быць моцным, каб пабудаваць дастойны дом Яму? Калі неба і нябёсы нябёсаў не могуць Яго ахапіць, хто я такі, каб змог я пабудаваць Яму дом? Але толькі дзеля таго, каб успальваць каджэнне.
7 Дык пашлі мне чалавека вучонага, які ўмее працаваць з золатам і срэбрам, з меддзю і жалезам, пурпурам, пунсовай і гіяцынтавай тканінай, ды які зможа займацца разьбой разам з тымі мастакамі, якіх я маю пры сабе ў Юдэі і Ерузаліме, якіх падрыхтаваў Давід, бацька мой.
8 Але прышлі мне і дрэва кедравага, і ядлоўцавага, і сасновага дрэва з Лібана; бо я ведаю, што паслугачы твае ўмеюць ссякаць дрэва з Лібана, і разам з тваімі паслугачамі будуць і мае паслугачы,
9 каб прыгатаваць мне вельмі шмат дрэў; дом бо мой, які я жадаю зрабіць, будзе вельмі вялікі і цудоўны.
10 Прытым работнікам, якія будуць секчы дрэвы, паслугачам тваім дам я дваццаць тысяч кораў пшаніцы на харчаванне, і столькі ж кораў ячменю, і дваццаць тысяч батаў віна і таксама дваццаць тысяч батаў аліўкавага алею».
11 А Гірам, цар Тыра, адказаў у пісьме, прысланым Саламону: «Паколькі палюбіў Госпад народ Свой, таму даў табе быць царом над ім».
12 І дадаў, кажучы: «Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, Які стварыў неба і зямлю, Які даў Давіду цару сына мудрага, і вучонага, і разумнага, і разважнага, каб пабудаваў ён дом Госпаду ды сабе палац.
13 Дык пасылаю табе чалавека разважнага і самага вопытнага — Гірама, майстра майго,
14 сына адной жанчыны з дачок Дана, бацькам якой быў тырац, — які ўмее працаваць з золатам і срэбрам, меддзю і жалезам, і з камянямі, і з дрэвам, і таксама з пурпурам, і з гіяцынтавай тканінай, і з вісонам і з пунсовай тканінай, і які ўмее выразаць усякую скульптуру і прыдумаць разумна, што ў рабоце патрэбна, каб супрацоўнічаць з тваімі мастакамі і з мастакамі гаспадара майго Давіда, бацькі твайго.
15 Дык пшаніцу, і ячмень, і аліўкавы алей, і віно, якія я паабяцаў, гаспадару мой, пашлі сваім паслугачам.
16 Мы будзем сячы дрэвы на Лібане, колькі табе трэба, і даставім іх морам на плытах у Ёпэ, а тваёй справай будзе даставіць іх у Ерузалім».
17 Дык палічыў Саламон усіх мужчын чужынцаў, якія пражывалі ў зямлі Ізраэля па спіску, які зрабіў бацька яго Давід; і выявілася іх сто пяцьдзесят тры тысячы шэсцьсот.
18 І семдзесят тысяч з іх прызначыў на тое, каб насілі яны цяжары; і восемдзесят тысяч — каб здабывалі камяні ў гарах; а тры тысячы шэсцьсот — на наглядчыкаў за работамі людзей.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Хронікаў, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017