2 летапісаў 35 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Осія ж святкаваў у Ерузаліме Пасху Госпаду; бо чатырнаццатага дня першага месяца ахвяравалі ягня пасхальнае.
 
І спраўляў Ёся ў Ерузаліме пасху СПАДАРУ, і зарэзалі пасху чатырнанцатага дня першага месяца.

І паставіў ён святароў у іх абавязках, і падбадзёрыў іх да службы ў доме Госпадавым.
 
І прызначыў ён сьвятароў на іх урады, і захоціў іх служыць у доме СПАДАРОВЫМ.

Таксама левітам, якія навучалі ўвесь Ізраэль і былі пасвячоны Госпаду, сказаў: «Пастаўце святы каўчэг у святыні, якую пабудаваў Саламон, сын Давіда, цар Ізраэля; не будзеце ўжо больш насіць яго на плячах. Цяпер будзеце служыць Госпаду, Богу вашаму, і Яго народу Ізраэлю.
 
І сказаў Левітам, наўчыцелям усіх Ізраялян, пасьвячаным СПАДАРУ: «Пастанавіце сьвятую скрыню ў доме, каторы збудаваў Салямон Давідзёнак, кароль Ізраельскі; няма цяжару на плячох вашых; служыце цяпер СПАДАРУ, Богу свайму, а люду Ягонаму Ізраелю.

І падрыхтуйцеся па родах вашых і па чэргах вашых, як напісаў Давід, цар Ізраэля, і прадпісаў Саламон, сын яго;
 
І прыгатуйцеся па дамох айцоў сваіх, па радоўках сваіх, подле пісаньня Давіда, караля Ізраельскага, і подле пісаньня Салямона, сына ягонага;

і служыце ў святым месцы групамі родаў братоў вашых, сыноў народа, — у кожнай групе частка левіцкага роду.
 
І стойце ў сьвятыні, подле разьдзелу радзімаў айцоўскіх, братоў сваіх, сыноў люду, і радоўкі радзімаў Левітаў.

Дык забіце пасхальнае ягня, і асвяціцеся, і прыгатуйце яго для братоў вашых, каб споўніць слова, якое загадаў Госпад праз Майсея».
 
І зарэжча пасху, і пасьвяціцеся, і прыгатуйце яе братом сваім, чынячы подле слова СПАДАРОВАГА Масеям».

Прытым Осія даў кожнай супольнасці, якая там знаходзілася, дзеля Пасхі, ягнят і казлоў са статкаў: трыццаць тысяч, і валоў — тры тысячы — усё з маёмасці цара.
 
І дараваў Ёся сыноў люду, усіх, што былі там, з драбнога статку баранчыкамі а казянятмі, усе на аброк пасхальны, лікам трыццаць тысячаў, і тры тысячы валоў. Гэта з маемасьці каралёвае.

Таксама яго кіраўнікі ахвяравалі добраахвотна, як народу, так і святарам, і левітам. Затым Хэлькія, і Захарыя і Ягіэль — кіраўнікі святыні Госпада — ахвяравалі святарам, каб справіць Пасху, супольна дзве тысячы шэсцьсот ягнят ды трыста валоў.
 
І князі ягоныя давалі ахвотна люду, сьвятаром а Левітам; Гілка а Захара а Егіель, начэльнікі ў доме Божым, далі сьвятаром на пасхальныя аброкі дзьве тысячы шасьцьсот драбнога статку і трыста валоў;

Хананія ж, Сямэй, таксама і Натанаэль, браты яго, таксама Гасабія, і Егіэль, і Ёзабад — кіраўнікі левітаў, падаравалі іншым левітам на святкаванне Пасхі пяць тысяч ягнят ды пяцьсот валоў.
 
Таксама Хонаня а Шэмая а Нефанэль, браты ягоныя, а Гашава а Еель а Ёзавад, начэльнікі Левітаў, абдаравалі Левітаў на пасхальныя аброкі пяцьма тысячмі драбнога статку й валамі пяцьсот.

І было прыгатавана служэнне: і святары сталі на сваім месцы, левіты таксама сталі па чэргах па загадзе цара.
 
Гэтак наснуджана было служэньне. І сталі сьвятарове на стані свае, і Левітаве радоўкамі сваімі, з расказаньня каралеўскага.

І забілі пасхальнае ягня; і святары рукою сваёй пакрапілі крывёй, і левіты здзіралі шкуру з ахвяр,
 
І зарэзалі пасху. І крапілі сьвятарове з рук сваіх, а Левітаве бялілі.

і падзялялі ахвяру, каб даць групам, утвораным паводле родаў народа і ўскласці ў ахвяру Госпаду, як напісана ў кнізе Майсея. З валамі таксама зрабілі падобна.
 
І зьнялі ўсепаленьні, каб маглі раздаць подле падзелаў дамоў айцоўскіх у сыноў люду, абракаць СПАДАРУ, як напісана ў кнізе Масеявай. І гэтак із буйным статкам.

І спяклі пасхальнае ягня над агнём, як загадана было законам; мірныя ж ахвяры зварылі ў катлах, і ў каструлях, і ў гаршках ды спешна раздалі ўсяму народу.
 
І сьпяклі пасху на цяпле, подле пастанову; а пасьвячэньні варылі ў казанох, гаршкох а рондлях, і борзда раздалі ўсяму люду;

А сабе і святарам пазней прыгатавалі; бо ахвяраваннем цэласпаленняў і тлушчу святары былі заняты аж да ночы; таму левіты і сабе, і святарам, сынам Аарона, падрыхтавалі Пасху найпазней.
 
А потым прыгатавалі сабе а сьвятаром, бо сьвятарове, сынове Ааронавы, былі занятыя абраканьням усепаленьня а тукаў аж да ночы; затым і гатавалі Левітаве сабе а сьвятаром, сыном Ааронавым, пасьлей.

Прытым спевакі, сыны Асафа, стаялі на сваім месцы па загадзе Давіда, і Асафа, і Гемана, і Ідытуна — прарокаў цара; прыдзверныя ж пры кожнай браме вартавалі, так што ні на хвілінку не адрываліся ад паслугі, бо браты іх, левіты, прыгатавалі ім ежу.
 
І пяюны, сынове Асафовы, былі на станях сваіх, подле расказаньня Давіда а Асафа а Гэмана а Ідыфуна, відзеньніка каралеўскага, і брамнікі ў кажнай браме: ня было чаго адыходзіць ім ад службы свае, бо браты іхныя, Левітаве, прыгатавалі ім.

Так што ў той дзень уся служба Госпаду была прыгатавана па абрадзе, каб святкавалі Пасху ды складалі цэласпаленні на ахвярніку Госпада па загадзе цара Осіі.
 
Гэтак наснуджана была ўся служба СПАДАРУ таго дня, каб паўніць пасху й абрачы ўсепаленьні на аброчніку СПАДАРОВЫМ, з расказаньня караля Ёсі.

Дык сыны Ізраэля, якія там знаходзіліся, святкавалі Пасху ў той час і ўрачыстасць праснакоў сем дзён.
 
І спраўлялі сынове Ізраелявы, што былі там, пасху таго часу і сьвята праснакоў сем дзён.

Не было нічога, падобнага да гэтага, у Ізраэлі ад часоў прарока Самуэля ды ніводзін з цароў Ізраэля не святкаваў так Пасхі, як Осія са святарамі, з левітамі, і ўсёй Юдэяй і Ізраэлем, які знаходзіўся там, ды з жыхарамі Ерузаліма.
 
І ня была спраўляна такая пасха ў Ізраеля ад дзён Самуйлы прарокі; і з усіх каралёў Ізраелявых ні водзін не спраўляў такое пасхі, якую справіў Ёся а сьвятарове а Левітаве а ўсі Юдэі а Ізраяляне, што там былі, а жыхары Ерузаліму.

У васемнаццаты год царавання Осіі гэтак Пасха была адсвяткавана.
 
Асьмінанцатага году дзяржавы Ёсі была гэтая пасха.

У той час, як Осія аднавіў святыню Нэкао, цар Егіпта, пайшоў ваяваць пад Каркаміс каля Эўфрата. І насустрач яму выйшаў Осія.
 
Па ўсім тым, як прыгатаваў Ёся дом, узышоў Нехо, кароль Ягіпецкі, ваяваць супроці Кархемішу ля Еўфрату; і Ёся вышаў наўпярэймы яму.

Тады ён паслаў да яго вестуноў сказаць яму: «Што мне і табе, цар Юдэі? Не супраць цябе сёння выступаю, але супраць іншага дому ваюю, на які ісці паспешна загадаў мне Бог. Не выступай супраць Бога, Які са мной, каб не забіў Ён цябе».
 
І паслаў да яго паслоў сказаць: «Што імне й табе, каролю Юдэйскі? Не на цябе цяпер іду я, але на дом вайны свае, бо Бог расказаў імне барзьдзіць; адчапіся, бо Бог із імною, каб Ён ня зьнішчыў цябе».

Але Осія не захацеў вярнуцца, але смела рашыў з ім ваяваць ды не згадзіўся са словамі Нэкао, якія былі з вуснаў Божых; выступіў жа ў бой на раўніне Магеда.
 
Але Ёся не адвярнуў відзеньня свайго ад яго, але зьмяніўся, каб ваяваць ізь ім, і не паслухаў слоў Неха ад вуснаў Божых, і пайшоў на бітву ў даліну Меґіддо.

Там, паранены лучнікамі, сказаў сваім паслугачам: «Выведзіце мяне з бою, бо я цяжка паранены».
 
І выстралілі стралцы ў караля Ёсю; і сказаў кароль слугам сваім: «Вывядзіце мяне, бо я цяжка ранены».

Яны выцягнулі яго з калясніцы ў іншую калясніцу і завезлі ў Ерузалім; і памёр ён, і быў пахаваны ў грабніцы бацькоў яго; і ўся Юдэя і Ерузалім плакалі па ім.
 
І зьвялі яго слугі ягоныя зь цялежак, і пасадзілі яго ў накшыя цялежкі, што былі ў яго, і адвезьлі яго да Ерузаліму, і памер ён, і пахаваны ў грабох айцоў сваіх. І ўся Юдэя а Ерузалім плакалі па Ёсю.

Ярэмія ўчыніў галашэнне па Осіі. Усе спевакі і спявачкі аж па сённяшні дзень учыняюць галашэнні па Осіі, і як бы закон утрымаўся ў Ізраэлі: вось, падаецца ў галашэннях.
 
Плакаў па Ёсю й Ярэма; і ўсі пяюны а пяюльлі гукалі празь Ёсю ў сваіх галашэньнях дагэтуль, і ўвялі іх у звычай у Ізраелю; і, вось, яны ўпісаны ў галашэньні.

Астатнія дзеянні Осіі ды яго міласэрнасць, згодна з тым, што напісана ў законе Госпада,
 
Засталыя справы Ёсіны, і дабрадзействы ягоныя, згодныя з напісаным у Законе СПАДАРОВЫМ,

таксама яго дзеянні, першыя і апошнія, запісаны ў кнізе Цароў Ізраэля і Юдэі.
 
І справы ягоныя, першыя й апошнія, апісаны ў кнізе каралёў Ізраельскіх а Юдэйскіх.