2 летапісаў 35 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І справіў Ёсія ў Ерусаліме Пасху для ГОСПАДА, і зарэзалі пасхальнае [ягня] ў чатырнаццаты дзень першага месяца.
І спраўляў Ёся ў Ерузаліме пасху СПАДАРУ, і зарэзалі пасху чатырнанцатага дня першага месяца.
І паставіў ён сьвятароў на пасады іхнія, і падбадзёрваў іх служыць у Доме ГОСПАДА.
І прызначыў ён сьвятароў на іх урады, і захоціў іх служыць у доме СПАДАРОВЫМ.
І ён сказаў лявітам, якія вучылі ўвесь Ізраіль і былі пасьвячоныя для ГОСПАДА: «Пастаўце Каўчэг Сьвяты ў Доме, які пабудаваў Салямон, сын Давіда, валадар Ізраіля. Ня будзе [ён] цяжарам на рамёнах вашых. Цяпер служыце ГОСПАДУ, Богу вашаму, і народу Ягонаму, Ізраілю.
І сказаў Левітам, наўчыцелям усіх Ізраялян, пасьвячаным СПАДАРУ: «Пастанавіце сьвятую скрыню ў доме, каторы збудаваў Салямон Давідзёнак, кароль Ізраельскі; няма цяжару на плячох вашых; служыце цяпер СПАДАРУ, Богу свайму, а люду Ягонаму Ізраелю.
І рыхтуючыся, падрыхтуйцеся па дамах бацькоў сваіх, па чэргах сваіх, паводле напісанага Давідам, валадаром Ізраіля, і паводле напісанага Салямонам, сынам ягоным;
І прыгатуйцеся па дамох айцоў сваіх, па радоўках сваіх, подле пісаньня Давіда, караля Ізраельскага, і подле пісаньня Салямона, сына ягонага;
і стойце ў сьвятыні паводле падзелаў дамоў бацькоў, паводле братоў сваіх, сыноў народу, і падзел гэты паводле дамоў бацькоў лявітаў.
І стойце ў сьвятыні, подле разьдзелу радзімаў айцоўскіх, братоў сваіх, сыноў люду, і радоўкі радзімаў Левітаў.
І зарэжце пасхальнае [ягня], і асьвяціцеся, і прыгатуйце яго для братоў сваіх, робячы [гэта] паводле слова ГОСПАДА, [дадзенага] праз рукі Майсея».
І зарэжча пасху, і пасьвяціцеся, і прыгатуйце яе братом сваім, чынячы подле слова СПАДАРОВАГА Масеям».
І даў Ёсія для сыноў народу, для ўсіх, што былі там, авечак, ягнятаў і маладых козаў, усё на ахвяру пасхальную, лікам трыццаць тысячаў, і тры тысячы валоў. Гэта [ён даў] з маёмасьці валадара.
І дараваў Ёся сыноў люду, усіх, што былі там, з драбнога статку баранчыкамі а казянятмі, усе на аброк пасхальны, лікам трыццаць тысячаў, і тры тысячы валоў. Гэта з маемасьці каралёвае.
І князі ягоныя давалі ахвотна народу, сьвятарам і лявітам. Хількія, Захарыя і Ехіэль, начальнікі ў Доме Божым, далі сьвятарам на ахвяру пасхальную дзьве тысячы шэсьцьсот [авечак] і трыста валоў.
І князі ягоныя давалі ахвотна люду, сьвятаром а Левітам; Гілка а Захара а Егіель, начэльнікі ў доме Божым, далі сьвятаром на пасхальныя аброкі дзьве тысячы шасьцьсот драбнога статку і трыста валоў;
А Хананія, Шэмая і Натанаэль, браты ягоныя, і Хашавія, Еіэль і Ёзавад, начальнікі лявітаў, далі лявітам на ахвяру пасхальную пяць тысячаў [авечак] і пяцьсот валоў.
Таксама Хонаня а Шэмая а Нефанэль, браты ягоныя, а Гашава а Еель а Ёзавад, начэльнікі Левітаў, абдаравалі Левітаў на пасхальныя аброкі пяцьма тысячмі драбнога статку й валамі пяцьсот.
І было падрыхтавана служэньне. І сталі сьвятары на месцы свае, і лявіты — чэргамі сваімі, паводле загаду валадара.
Гэтак наснуджана было служэньне. І сталі сьвятарове на стані свае, і Левітаве радоўкамі сваімі, з расказаньня каралеўскага.
І рэзалі пасхальнае [ягня], і крапілі сьвятары крывёю з рук сваіх, а лявіты зьдзіралі [скуры].
І зарэзалі пасху. І крапілі сьвятарове з рук сваіх, а Левітаве бялілі.
І яны адклалі цэласпаленьні, каб даць паводле падзелаў дамоў бацькоў сынам народу ахвяроўваць ГОСПАДУ, як напісана ў Кнізе Майсея. І гэтак сама зрабілі з валамі.
І зьнялі ўсепаленьні, каб маглі раздаць подле падзелаў дамоў айцоўскіх у сыноў люду, абракаць СПАДАРУ, як напісана ў кнізе Масеявай. І гэтак із буйным статкам.
І пяклі пасхальнае [ягня] на агні, паводле пастановы, а ахвяры сьвятыя варылі ў катлах, гаршчках і рондлях, і хутка несьлі ўсім сынам народу.
І сьпяклі пасху на цяпле, подле пастанову; а пасьвячэньні варылі ў казанох, гаршкох а рондлях, і борзда раздалі ўсяму люду;
А потым прыгатавалі сабе і сьвятарам, бо сьвятары, сыны Аарона, былі пры ахвяраваньні цэласпаленьняў і тлушчу аж да ночы, таму гатавалі лявіты сабе і сьвятарам, сынам Аарона.
А потым прыгатавалі сабе а сьвятаром, бо сьвятарове, сынове Ааронавы, былі занятыя абраканьням усепаленьня а тукаў аж да ночы; затым і гатавалі Левітаве сабе а сьвятаром, сыном Ааронавым, пасьлей.
І сьпевакі, сыны Асафа, былі на месцах сваіх паводле загаду Давіда і Асафа, і Гэмана, і Едутуна, відушчага валадара, і прыдзьвернікі [стаялі] ў кожнай браме. Не было патрэбы адыходзіць ім ад служэньня свайго, бо браты іхнія, лявіты, прыгатавалі ім.
І пяюны, сынове Асафовы, былі на станях сваіх, подле расказаньня Давіда а Асафа а Гэмана а Ідыфуна, відзеньніка каралеўскага, і брамнікі ў кажнай браме: ня было чаго адыходзіць ім ад службы свае, бо браты іхныя, Левітаве, прыгатавалі ім.
Гэтак наладжана было ўсё служэньне ГОСПАДУ ў той дзень, каб справіць Пасху і ахвяраваць цэласпаленьні на ахвярніку ГОСПАДА паводле загаду валадара Ёсіі.
Гэтак наснуджана была ўся служба СПАДАРУ таго дня, каб паўніць пасху й абрачы ўсепаленьні на аброчніку СПАДАРОВЫМ, з расказаньня караля Ёсі.
І спраўлялі сыны Ізраіля, што былі [там], Пасху ў той час і Сьвята Праснакоў сем дзён.
І спраўлялі сынове Ізраелявы, што былі там, пасху таго часу і сьвята праснакоў сем дзён.
І не была спраўляна такая Пасха ў Ізраілі ад дзён Самуэля прарока, і з усіх валадароў Ізраіля ніводзін не спраўляў такой Пасхі, якую справіў Ёсія, і сьвятары, і лявіты і ўвесь Юда і Ізраіль, што [там] былі, і жыхары Ерусаліму.
І ня была спраўляна такая пасха ў Ізраеля ад дзён Самуйлы прарокі; і з усіх каралёў Ізраелявых ні водзін не спраўляў такое пасхі, якую справіў Ёся а сьвятарове а Левітаве а ўсі Юдэі а Ізраяляне, што там былі, а жыхары Ерузаліму.
У васямнаццатым годзе валадараньня Ёсіі справілі гэтую Пасху.
Асьмінанцатага году дзяржавы Ёсі была гэтая пасха.
Пасьля ўсяго гэтага, калі падрыхтаваў Ёсія Дом [Божы], прыйшоў Нэхо, валадар Эгіпту, ваяваць супраць Кархемішу каля Эўфрату, і Ёсія выйшаў насустрач яму.
Па ўсім тым, як прыгатаваў Ёся дом, узышоў Нехо, кароль Ягіпецкі, ваяваць супроці Кархемішу ля Еўфрату; і Ёся вышаў наўпярэймы яму.
І той паслаў да яго паслоў, кажучы: «Што мне і табе, валадар Юды? Ня супраць цябе я іду сёньня, але супраць дому, які ваюе са мною, і Бог сказаў мне пасьпяшацца. Адыйдзіся ад Бога, Які са мною, і Ён ня зьнішчыць цябе».
І паслаў да яго паслоў сказаць: «Што імне й табе, каролю Юдэйскі? Не на цябе цяпер іду я, але на дом вайны свае, бо Бог расказаў імне барзьдзіць; адчапіся, бо Бог із імною, каб Ён ня зьнішчыў цябе».
Але Ёсія не адвярнуў аблічча свайго ад яго, бо вырашыў ваяваць з ім, і не паслухаў словаў Нэхо, [якія былі] з вуснаў Божых, і пайшоў на бітву ў даліне Мэгіддо.
Але Ёся не адвярнуў відзеньня свайго ад яго, але зьмяніўся, каб ваяваць ізь ім, і не паслухаў слоў Неха ад вуснаў Божых, і пайшоў на бітву ў даліну Меґіддо.
І стрэлілі лучнікі ў валадара Ёсію, і сказаў валадар слугам сваім: «Выведзіце мяне, бо я цяжка паранены».
І выстралілі стралцы ў караля Ёсю; і сказаў кароль слугам сваім: «Вывядзіце мяне, бо я цяжка ранены».
І зьнялі яго слугі ягоныя з калясьніцы, і пасадзілі яго ў іншы воз, які быў у яго, і завезьлі яго ў Ерусалім. І ён памёр, і быў пахаваны ў магілах бацькоў сваіх, і ўвесь Юда і Ерусалім плакалі па Ёсіі.
І зьвялі яго слугі ягоныя зь цялежак, і пасадзілі яго ў накшыя цялежкі, што былі ў яго, і адвезьлі яго да Ерузаліму, і памер ён, і пахаваны ў грабох айцоў сваіх. І ўся Юдэя а Ерузалім плакалі па Ёсю.
І галасіў Ярэмія па Ёсіі, і ўсе сьпевакі і сьпявачкі апавядаюць пра Ёсію ў галашэньнях сваіх аж да сёньня, і ўвялі іх як звычай у Ізраілі, і вось яны запісаныя ў галашэньнях.
Плакаў па Ёсю й Ярэма; і ўсі пяюны а пяюльлі гукалі празь Ёсю ў сваіх галашэньнях дагэтуль, і ўвялі іх у звычай у Ізраелю; і, вось, яны ўпісаны ў галашэньні.
А іншыя дзеяньні Ёсіі і дабрадзействы ягоныя, згодныя з напісаным у Законе ГОСПАДА,
Засталыя справы Ёсіны, і дабрадзействы ягоныя, згодныя з напісаным у Законе СПАДАРОВЫМ,
і дзеяньні ягоныя, першыя і апошнія, запісаныя ў Кнізе валадароў Ізраіля і Юды.
І справы ягоныя, першыя й апошнія, апісаны ў кнізе каралёў Ізраельскіх а Юдэйскіх.