2 летапісаў 24 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Сем гадоў было Ёашу, калі ён пачаў валадарыць, і сорак гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Цыбэя з Бээр-Шэвы.
Сем год было Ёашу, як загаспадарстваваў, і сорак год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці яго Цыва, зь Веер-Шэвы.
І рабіў Ёаш слушнае ў вачах ГОСПАДА ўсе дні Егаяды сьвятара.
І рабіў Ёаш справядлівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ усі дні Егояды сьвятара.
І ўзяў [Егаяда] для яго дзьве жонкі, і ён меў сыноў і дочак.
І ўзяў яму Егояда дзьве жонкі, і ён меў сыноў а дачкі.
І сталася пасьля гэтага, было ў сэрцы Ёаша аднавіць Дом ГОСПАДА.
І просьле гэтага прышло ў сэрца Ёашу аднавіць дом СПАДАРОЎ;
І сабраў ён сьвятароў і лявітаў, і сказаў ім: «Ідзіце ў гарады Юды, і зьбірайце з усяго Ізраіля срэбра на направу Дому Бога вашага год у год, і пасьпяшайцеся ў справе гэтай». Але не сьпяшаліся лявіты.
І зьбер ён сьвятароў а Левітаў, і сказаў ім: «Выйдзіце да местаў Юдэі, і зьбірайце з усіх Ізраялян срэбра на паправу дому Бога вашага год у год, і пабарзьдзіце ў гэтай справе». Але Левіты не барзьдзілі.
І паклікаў валадар Егаяду, галаву [сьвятароў], і сказаў яму: «Чаму ты не вымагаў ад лявітаў, каб яны прыносілі з Юды і з Ерусаліму дары, [як загадаў] Майсей, слуга ГОСПАДА, і царква Ізраіля для Намёту Сьведчаньня?»
І пагукаў кароль Егояду начэльніка, і сказаў яму: «Чаму ты не вымагаў ад Левітаў зносіць ізь Юдэі а зь Ерузаліму дані подле расказаньня Масея, слугі СПАДАРОВАГА, і грамады Ізраелявае да вітальні сьветчаньня?»
Бо сыны Аталіі, гэтай бязбожніцы, уварваліся ў Дом ГОСПАДА і ўсе пасьвячоныя рэчы Дому ГОСПАДА аддалі Баалам.
Бо сыны Афаліны, гэтае бязбожнае жонкі, зламілі дом СПАДАРОЎ і ўсі пасьвячоныя рэчы дому СПАДАРОВАГА далі Ваалам.
І сказаў валадар, і зрабілі адну скрыню, і паставілі яе ў браме Дому ГОСПАДА звонку.
І сказаў кароль, і зрабілі адну скарбонку, і пастанавілі яе вонках брамы дому СПАДАРОВАГА.
І абвясьцілі ў Юдзе і ў Ерусаліме, каб прыносілі ГОСПАДУ дары, [як загадаў] Майсей, слуга Божы, Ізраілю ў пустыні.
І зрабілі агалашэньне ў Юдэі а ў Ерузаліме, каб прыносілі СПАДАРУ складку подле загады Масея, слугі Божага, Ізраелю на пустыні.
І радаваліся ўсе князі і ўвесь народ, і прыносілі, і кідалі ў скрыню, аж пакуль напоўнілі.
І радаваліся ўсі князі а ўвесь люд, і прыносілі, і кідалі да скарбонкі, пакуль напоўнілі.
І было ў той час, што прыносілі скрыню рукамі лявітаў да ўраду валадарскага, і калі бачылі, што шмат срэбра, тады прыходзіў пісар валадарскі і прадстаўнік сьвятара найвышэйшага, і высыпалі са скрыні, і бралі яе, і адносілі яе зноў на месца сваё. Гэтак яны рабілі дзень пры дні, і сабралі шмат срэбра.
І было, што таго часу прыносілі скарбонку рукамі Левітаў да каралеўскага ўраду, і як бачылі, што шмат грошы, то прыходзіў пісар каралеўскі й ураднік найвышшага сьвятара, і выпаражнялі скарбонку, і бралі яе, і адносілі яе ўзноў на яе места. Гэтак яны рабілі дзень пры дню, і зьберлі срэбра множасьць.
І давалі яго валадар і Егаяда тым, якія рабілі працу абслугоўваньня Дому ГОСПАДА, і наймалі каменяроў і цесьляроў, каб аднаўляць Дом ГОСПАДА, а таксама майстроў жалеза і медзі, каб мацаваць Дом ГОСПАДА.
І кароль, і Егояда аддавалі яго тым, што рабілі работу службы дому СПАДАРОВАГА, і наймалі камачосаў а цесьляў аднаўляць дом СПАДАРОЎ, а таксама майстроў зялеза а медзі мацаваць дом СПАДАРОЎ.
І рабілі працаўнікі, і хутка ішла праца ў руках іхніх, і паставілі Дом ГОСПАДА на месцы ягоным, і ўмацавалі яго.
І рабілі работнікі, і спорная была работа ў руках іхных, і аднавілі дом СПАДАРОЎ на яго месцу, і ўмацавалі яго.
І калі скончылі, прынесьлі рэшту срэбра перад аблічча валадара і Егаяды, і зрабілі начыньне для Дому ГОСПАДА, начыньне для служэньня і цэласпаленьня, і келіхі, і начыньне залатое і срэбнае. І прыносілі цэласпаленьні ў Доме ГОСПАДА заўсёды ў-ва ўсе дні Егаяды.
І як скончылі, яны прынесьлі астачу грошы да караля а Егояды. І зрабілі судзьдзе да дому СПАДАРОВАГА, судзьдзе да службы а да абраканьня, і ложкі, і судзьдзе залатое а срэбнае. І абракалі ўсепаленьні ў доме СПАДАРОВЫМ кажначасна ўсі дні Егояды.
І пастарэў Егаяда, і быў насычаны днямі, і памёр. Ён меў сто трыццаць гадоў, калі памёр.
Але Егояда застараўся, і быў поўны дзён, і памер; сто трыццаць год было яму, як ён памер.
І пахавалі яго ў горадзе Давіда з валадарамі, бо ён рабіў добрае ў Ізраілі для Бога і для Дому Ягонага.
І пахавалі яго ў месьце Давідавым із каралямі, бо ён рабіў добрае ў Ізраелю Богу а дому Ягонаму.
А пасьля сьмерці Егаяды прыйшлі князі Юды, і пакланіліся валадару; тады валадар пачаў слухаць іх.
А, па сьмерці Егояды, прышлі князі Юдэйскія, і пакланіліся каралю; тады кароль пачаў слухаць іх.
І пакінулі яны Дом ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і служылі Астартам і ідалам, і прыйшоў гнеў [Божы] на Юду і на Ерусалім за гэтую правіну іхнюю.
І пакінулі дом СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, і служылі гаём а балваном, — і прышоў гнеў на Юду а Ерузалім за гэты выступ іхны.
І Ён пасылаў да іх прарокаў, каб навярнуць іх да ГОСПАДА, і яны сьведчылі супраць іх, але яны не зважалі.
І Ён пасылаў прарокаў да іх навярнуць іх да СПАДАРА, і яны сьветчылі супроці іх, але яны не зважалі.
І Дух Божы ахінуў Захарыю, сына Егаяды сьвятара, і ён стаў перад народам, і сказаў ім: «Гэта кажа Бог: “Чаму вы парушаеце прыказаньні ГОСПАДА? Ня будзеце мець посьпеху, бо вы пакінулі ГОСПАДА, і Ён пакінуў вас”».
І дух Божы ахінуў Захару, сына Егояды сьвятара, і стаў ён над людам, і сказаў ім: «Чаму вы выступаеце з расказаньня СПАДАРОВАГА? ня будзе вам дасьпеху, бо вы пакінулі СПАДАРА, то Ён пакінуў вас».
І яны змовіліся супраць яго, і закідалі камянямі паводле загаду валадара на панадворку Дому ГОСПАДА.
І яны змовіліся супроці яго, і ўкаменавалі яго, на расказаньне каралёва, на панадворку дому СПАДАРОВАГА.
І не ўзгадаў валадар Ёаш міласэрнасьць, якую Егаяда, бацька ягоны, зрабіў яму, і забіў сына ягонага. І, паміраючы, той сказаў: «Няхай убачыць ГОСПАД і адпомсьціць».
Гэткім парадкам кароль Ёаш ня памятаваў ласкі, каторую Егояда, айцец ягоны, зрабіў яму, але забіў сына ягонага. І, паміраючы, ён сказаў: «СПАДАР бача гэта і спагоне».
І сталася напрыканцы году, выйшла супраць яго войска Сірыйскае, і прыйшлі ў Юду і Ерусалім, і выбілі ўсіх князёў народу спаміж народу, і ўсю здабычу сваю паслалі валадару Дамаску.
І сталася ў канцу году: войска Арамскае ўзышло супроці яго, і прышлі да Юдэі а Ерузаліму, і выгубілі ўсіх князёў люду з памеж люду, і ўвесь здабытак свой паслалі каралю Дамаскаму.
Хоць войска Сірыйскае прыйшло ў малой колькасьці, але ГОСПАД даў сілу вельмі вялікую ў рукі іхнія, бо [Юда] пакінуў ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і яны ўчынілі суды над Ёашам.
Праўда, войска Арамскае прышло ў малой колькасьці, але СПАДАР даў вельма вялікае войска ў рукі іх, бо яны пакінулі СПАДАРА, Бога айцоў сваіх. Гэтак яны зрабілі суды над Ёашом.
І калі адыйшлі ад яго, пакінуўшы яго ў шматлікіх хваробах, слугі ягоныя змовіліся супраць яго за кроў сыноў Егаяды сьвятара, і забілі яго на ложку ягоным, і ён памёр. І пахавалі яго ў горадзе Давіда, але не пахавалі яго ў магіле валадарскай.
І як яны адышлі ад яго, пакінуўшы яго ў шмат хваробах, собскія слугі ягоныя змовіліся супроці яго за кроў сына Егояды сьвятара, і забілі яго на ягоным ложку, і ён памер. І пахавалі яго ў месьце Давідавым, але не пахавалі яго ў грабох каралеўскіх.
А гэта тыя, якія змовіліся супраць яго: Завад, сын Шымэаты Аманянкі, і Егазавад, сын Шымрыт Мааўлянкі.
А гэта змоўнікі супроці яго: Завад, сын Шымеафы Амонянкі, і Егозавад, сын Шымрыфы Моаўлянкі.
А пра сыноў ягоных, і пра мноства цяжараў, [накладзеных] на яго, і пра направу Дому Божага, вось, гэта запісана ў гісторыі Кнігі валадароў. І пачаў валадарыць Амазія, сын ягоны, пасьля яго.
Праз сыноў жа ягоных, і празь велічыню дані на яго, і ўзглядам поду дому Божага, вось, запісана ў зьясьненьню кнігі каралеўскае. І Амася, сын ягоны, загаспадарстваваў замест яго.