2 летапісаў 34 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Восем гадоў было Ёсіі, калі ён пачаў валадарыць, і трыццаць адзін год ён валадарыў у Ерусаліме.
 
Восьмі год было Ёсі, як ён загаспадарстваваў, і трыццаць адзін год гаспадарстваваў у Ерузаліме.

І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў шляхамі Давіда, бацькі свайго, і не адхіляўся ані ўправа, ані ўлева.
 
І рабіў ён справядлівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ, і хадзіў дарогамі Давіда, айца свайго, і не адхінуўся ані направа, ані налева.

А ў восьмым годзе валадараньня свайго, а ён быў яшчэ юнак, ён пачаў шукаць Бога Давіда, бацькі свайго, а ў дванаццатым годзе пачаў ачышчаць Юду і Ерусалім ад узвышшаў, і ад Астартаў, і ад ідалаў, і ад [ідалаў] літых.
 
І восьмага году дзяржавы свае, — а ён быў яшчэ малец, — ён пачаў шукаць Бога Давіда, айца свайго, а двананцатага году пачаў пратаць Юдэю а Ерузалім ад узвышшаў а гаёў і выразаных а выліваных абразоў.

І разбурылі перад ім ахвярнікі Баалаў; і выявы сонца, якія былі па-над імі, ён парэзаў; і Астартаў, і ідалаў рэзьбленых і ідалаў літых ён скрышыў і сьцёр на пыл, і расьцярушыў на абліччы магілаў тых, якія складалі ім ахвяры;
 
І разбурылі перад ім аброчнікі Ваалаў, і сонечныя стаўпы, што былі на вышыні над імі, ён парэзаў; і гаі, і выразаныя а выліваныя балваны ён разьбіў а зьмяжджуліў а расьцярушыў на грабох тых, што ім абракалі;

і косткі сьвятароў Баалаў ён спаліў на ахвярніках іхніх, і ачысьціў Юду і Ерусалім.
 
І косьці сьвятароў ён спаліў на аброчніках іхных, і выпратаў Юдэю а Ерузалім.

І ў гарадах Манасы, Эфраіма і Сымона аж да Нэфталі, і ў спустошаных ваколіцах іхніх
 
І ў местах Манасавых а Яхрэмавых а Сымонавых, аж да плямені Наффалімовага, і ў спустошаных аколіцах іхных

ён разьбіў ахвярнікі і Астартаў, і ідалаў рэзьбленых стоўк і сьцёр на пыл, і пасек усе выявы сонца ў-ва ўсёй зямлі Ізраіля; і вярнуўся ў Ерусалім.
 
Разламіў аброчнікі а гаі, і выразаныя балваны зьмяжджуліў, і пасек усі сонечныя стаўпы па ўсёй зямлі Ізраельскай; і ён зьвярнуўся да Ерузаліму.

А ў васямнаццатым годзе валадараньня свайго, пасьля ачышчэньня зямлі і Дому [Божага], ён паслаў Шафана, сына Ацаліі, і Маасэю, начальніка гораду, і Ёаха, сына Ёахаза, канцлера, каб направіць Дом ГОСПАДА, Бога свайго.
 
Асьмінанцатага году дзяржавы свае, па выпратаньню зямлі а дому, ён паслаў Шафана Ацалёнка а Маасэю гараднічага а Ёага Ёагазёнка пісара, паправіць дом СПАДАРА, Бога свайго.

І прыйшлі яны да Хількіі, вялікага сьвятара, і аддалі срэбра, прынесенае ў Дом Божы, якое лявіты, што вартуюць парогі, сабралі з рук Манасы і Эфраіма і ўсёй рэшты Ізраіля, і ад усяго Юды і Бэн’яміна, і ад жыхароў Ерусаліму,
 
І прышлі яны да Гілкі, найвышшага сьвятара, і аддалі срэбра, прынесенае да дому Божага, каторае Левітаве, на старожы ля парогу стаячыя, зьберлі з рук Манаса а Яхрэма а ўсіх засталых Ізраялян, і ад усёга Юды а Веняміна, і ад жыхараў Ерузаліму;

і аддалі яго ў рукі тых, што рабілі працу, прызначаную для Дому ГОСПАДА, а тыя далі яго працаўнікам, якія рабілі ў Доме ГОСПАДА, каб направіць і ўмацаваць Дом [Божы].
 
І аддалі ў рукі майстром-нагляднікам над домам СПАДАРОВЫМ, а гэтыя далі іх работнікам, што рабілі ў доме СПАДАРОВЫМ, каб паправіць а ўмацавадь дом.

І яны далі цесьлярам і будаўнікам на купляньне чэсаных камянёў і дрэва на кроквы і бэлькі, якія панішчылі валадары Юды.
 
І яны далі цесьлям а будаўніком, купляць часаныя камяні а дзерва на вязі а на балькі дамоў, каторыя каралёве Юдэйскія папсавалі.

І людзі гэтыя рабілі працу сумленна; і былі прызначаныя над імі Яхат і Абадыя, лявіты з сыноў Мэрары, і Захарыя і Мэшулам з сыноў Кегата. І ўсе лявіты гэтыя зналіся на музычных інструмэнтах.
 
Людзі гэтыя рабілі работу пасьціва; а за нагляднікаў над імі прызначаны Ягаф а Овада, Левіты зь Мерарычаў, Захара ж а Мешулам із Когафічаў кіраваць, — кажны ж Левіт знаўся на музыцкіх снадзях.

І былі яны над тымі, якія носяць цяжары, і кіраўнікамі над тымі, якія рабілі працу пры ўсякім служэньні. І з лявітаў [былі] і пісары, і наглядчыкі, і прыдзьвернікі.
 
А над нашэньнікамі цяжараў, і нагляднікамі над робячымі работу, і над усякім служэньням былі зь Левітаў пісары а ўраднікі а брамнікі.

І калі яны вымалі срэбра, прынесенае ў Дом ГОСПАДА, Хількія, сьвятар, знайшоў кнігу Закону ГОСПАДА, [дадзеную] праз рукі Майсея.
 
І як яны вымалі срэбра, прынесенае да дому СПАДАРОВАГА, Гілка, сьвятар, знайшоў кнігу Закону СПАДАРОВАГА, даную Масеям.

І адказаў Хількія, і сказаў Шафану, пісару: «Я знайшоў кнігу Закону ў Доме ГОСПАДА». І Хількія аддаў кнігу Шафану.
 
І Гілка адказаў, і сказаў Шафану, пісару: «Я знайшоў кнігу Закону ў доме СПАДАРОВЫМ». І Гілка падаў кнігу Шафану.

І прынёс Шафан кнігу валадару, і прынёс валадару слова, кажучы: «Усё, што даручана ў рукі слугаў тваіх, яны робяць»;
 
І прынёс Шафан кнігу каралю, ды прынёс каралю ведамку, кажучы: «Усе, што паручана слугам тваім, яны робяць»;

І насыпалі срэбра, якое было знойдзенае ў Доме ГОСПАДА, і далі яго ў рукі кіраўнікоў [працы] і ў рукі тых, што робяць працу.
 
І высыпалі срэбра, знойдзенае ў доме СПАДАРОВЫМ, і аддалі яго ў рукі нагляднікаў а ў рукі робячым работу.

І паведаміў Шафан пісар валадару, кажучы: «Кнігу даў мне Хількія сьвятар». І чытаў яе Шафан перад абліччам валадара.
 
Тады Шафан, пісар, азнайміў каралю: «Кнігу даў імне Гілка сьвятар». І чытаў яе Шафан перад каралём.

І сталася, калі пачуў валадар словы Закону, ён разьдзёр шаты свае.
 
Як пачуў кароль словы Закону, то разьдзер адзецьці свае.

І загадаў валадар Хількіі, і Ахікаму, сыну Шафана, і Абдону, сыну Міхі, і Шафану пісару, і Асаі, слузе валадара, кажучы:
 
І расказаў кароль Гілку а Агікаму Шафанёнку а Аўдону Міхеёнку а Шафану, пісару, а Асаі, слузе каралеўскаму, кажучы:

«Ідзіце, спытайцеся ў ГОСПАДА пра мяне і пра тых, што засталіся ў Ізраілі і ў Юдзе, адносна словаў знойдзенай Кнігі гэтай. Бо вялікі гнеў ГОСПАДА, які выліты на нас за тое, што не захоўвалі бацькі нашыя слова ГОСПАДА, каб выконваць усё, што напісана ў Кнізе гэтай».
 
«Пайдзіце, даведайцеся ў СПАДАРА празь мяне а праз засталых у Ізраелю а ў Юдэі што да словаў знойдзенае кнігі гэтае; бо вялікі гнеў СПАДАРОЎ выліты на нас за тое, што не дзяржалі айцове нашы слова СПАДАРОВАГА, каб рабіць подле ўсёга, напісанага ў кнізе гэтай».

І пайшоў Хількія і тыя, якіх [паслаў] валадар, да Хульды прарочыцы, жонкі Шальлюма, сына Хасры, вартаўніка шатаў, — а яна жыла ў новай частцы Ерусаліму, — і гаварылі з ёю пра гэта.
 
І пайшоў Гілка й тыя, што ад караля, да Гульды прарокі, жонкі Шалумовае, сына Токафа Гасранка, вартаўніка адзецьцяў, — а жыла яна ў другой часьці Ерузаліму, — і гукалі зь ёю праз гэта.

І яна сказала ім: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Скажыце чалавеку, які паслаў вас да мяне:
 
І адказала яна ім: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Скажыце таму чалавеку, каторы паслаў вас да мяне:

“Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я навяду ліха на месца гэтае і на жыхароў ягоных, усе праклёны, напісаныя ў Кнізе, якую чыталі перад абліччам валадара Юды.
 
Гэтак кажа СПАДАР: ’Вось, Я навяду бяду на месца гэта і на жыхараў яго ўсі праклёны, напісаныя ў кнізе, каторую чыталі перад відам караля Юдэйскага.

За тое, што яны пакінулі Мяне і кадзілі іншым багам, каб гнявіць Мяне ўсімі ўчынкамі рук сваіх, гнеў Мой выльецца на месца гэтае і ня згасне”.
 
За тое, што яны пакілулі Мяне і кадзілі багом іншым, каб квяліць Мяне да гневу ўсімі работамі рук сваіх, гнеў Мой выльлецца на гэтае месца і ня згасьне’".

А валадару Юды, які паслаў вас спытацца ГОСПАДА, гэтак скажыце яму: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, пра словы, якія ты чуў.
 
А каралю Юдэйскаму, што паслаў вас даведацца ў СПАДАРА, гэтак вы скажыце яму: "Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў, што да слоў, каторыя ты чуў:

За тое, што зьмякчылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся перад абліччам Бога, калі пачуў словы Ягоныя пра месца гэтае і пра жыхароў ягоных, і ты ўпакорыўся перад абліччам Маім, і разьдзёр шаты свае, і плакаў перад абліччам Маім, Я таксама пачуў [цябе], кажа ГОСПАД.
 
’Затым што зьмякчэла сэрца твае, і ты ўкарыўся перад Богам, як пачуў словы праз гэтае месца а праз жыхараў яго, і ты ўкарыўся перад Імною, і разьдзер адзецьці свае, і плакаў перад Імною, то й Я пачуў, — агалашае СПАДАР. —

Вось, Я далучу цябе да бацькоў тваіх, і ты будзеш далучаны да магілы тваёй у супакоі, і вочы твае ня будуць бачыць усяго ліха, якое Я навяду на месца гэтае і на жыхароў ягоных”». І яны вярнуліся да валадара са словам.
 
Вось, Я забяру цябе да айцоў тваіх, і ты будзеш забраны да гробу свайго ў супакою, ані вочы твае ня будуць бачыць усяе бяды, што Я навяду на месца гэтае а на жыхараў яго’"». І зьвярнуліся да караля з адказам.

І паслаў валадар, і сабраў усіх старшыняў Юды і Ерусаліму.
 
Тады кароль паслаў і зьбер усіх старцоў Юдэі а Ерузаліму.

І ўвайшоў валадар у Дом ГОСПАДА, і ўсе мужы Юды, і жыхары Ерусаліму, і сьвятары, і лявіты, і ўвесь народ, ад вялікага аж да малога; і ён чытаў у вушы іхнія ўсе словы Кнігі Запавету, якая была знойдзена ў Доме ГОСПАДА.
 
І пайшоў кароль да дому СПАДАРОВАГА, і ўсі мужы Юдэі, і жыхары Ерузаліму, і сьвятарове, і Левітаве, і ўвесь люд, ад вялікага аж да малога; і чытаў у вушы ім усі словы кнігі змовы, знойдзенае ў доме СПАДАРОВЫМ.

І стаў валадар на месцы сваім, і заключыў запавет перад абліччам ГОСПАДА, каб хадзіць за ГОСПАДАМ і захоўваць прыказаньні Ягоныя, і сьведчаньні Ягоныя, і пастановы Ягоныя ўсім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй, каб выконваць словы запавету, запісаныя ў Кнізе гэтай.
 
І стаў кароль на стані сваёй, і ўчыніў змову перад СПАДАРОМ, хадзіць за СПАДАРОМ і дзяржаць расказаньні ягоныя а сьветчаньні ягоныя а ўставы ягоныя з усёга сэрца свайго із усяе душы свае, каб паўціць словы змовы, запісаныя ў гэтай кнізе.

І ён схіліў усіх, што знаходзіліся ў Ерусаліме і ў Бэн’яміне, стаяць [у гэтым]. І жыхары Ерусаліму рабілі паводле запавету Бога, Бога бацькоў сваіх.
 
І ён сьхінуў усіх, прытомных у Ерузаліме а ў Веняміне, стаяць за гэта. І жыхары Ерузаліму зрабілі подле змовы СПАДАРА, Бога айцоў сваіх.

І павыкідаў Ёсія ўсе брыдоты з усіх земляў сыноў Ізраіля, і схіліў усіх, што знаходзіліся ў Ізраілі, служыць ГОСПАДУ, Богу іхняму. У-ва ўсе дні ягоныя яны не адступалі ад ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх.
 
І Ёся адкінуў усі агіды з усіх краёў сыноў Ізраелявых, і прысіліў усіх, прытомных у Ізраелю, служыць СПАДАРУ, Богу свайму. Усі дні яго яны не адступалі ад СПАДАРА, Бога айцоў сваіх.