2 летапісаў 15 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Дух Божы быў на Азарыі, сыне Адэда.
 
І Дух Божы зышоў на Азару Одэдзёнка.

І выйшаў ён перад аблічча Асы, і сказаў яму: «Паслухайце мяне, Аса і ўвесь Юда і Бэн’ямін. ГОСПАД з вамі, калі вы будзеце з Ім; і калі будзеце шукаць Яго, Ён дасьць вам знайсьці Сябе; калі ж вы пакінеце Яго, Ён пакіне вас.
 
І вышаў ён наўпярэймы Асе, і сказаў яму: «Паслухайце мяне Аса а ўвесь Юда а Венямін: СПАДАР із вамі, як вы зь ім; і калі будзеце шукаць Яго, знойдзеце Яго; калі ж пакінеце Яго, Ён пакіне вас.

І шмат дзён Ізраіль быў бяз Бога праўдзівага, і без сьвятара-вучыцеля, і без Закону.
 
І шмат дзён Ізраель быў без праўдзівага Бога, і без сьвятара-вучыцеля, і бяз Права;

І зьвярнуліся яны ў прыгнёце сваім да ГОСПАДА, Бога Ізраіля, і шукалі Яго, і Ён даў ім знайсьці Сябе.
 
Але як яны ў немарасьці сваёй навярнуліся да СПАДАРА, Бога Ізраелявага, і шукалі Яго, і Ён даўся ім знайсьці.

А ў тыя часы не было супакою ані таму, хто выйшаў, ані таму, хто прыйшоў, бо вялікая трывога была ў-ва ўсіх жыхароў зямлі.
 
І тых часоў ня было супакою таму, хто вышаў, ані таму хто ўвыйшоў; бо вялікая замятня была ў вусіх жыхараў земляў.

І ваяваў народ супраць народу, і горад супраць гораду, таму што Бог бянтэжыў іх усякімі бядотамі.
 
І народ губіў народ, і места — места, бо СПАДАР парушаў іх усімі немарасьцьмі.

Але вы будзеце моцныя, і няхай ня слабнуць рукі вашыя, бо ёсьць нагарода за ўчынкі вашыя».
 
Але вы будзьце моцныя, і хай ня слабнуць рукі вашыя, бо Ён надгарода за ўчынкі вашыя».

І калі Аса пачуў словы гэтыя і прароцтва [сына] Абэда, прарока, ён умацаваўся і выкінуў брыдоту з усёй зямлі Юды, і з Бэн’яміна, і з гарадоў, якія ён здабыў на гары Эфраіма, і аднавіў ахвярнік ГОСПАДА, які перад прысенкам ГОСПАДА.
 
І як Аса пачуў гэтыя словы а прароцтвы Одэдзёнка прарокі, ён асьмеліўся й выкінуў агідныя балваны з усяе зямлі Юдзінае а зь Веняміновае а зь местаў, што ён заваяваў на гары Яхрэмавай, і аднавіў аброчнік СПАДАРОЎ, каторы перад сеньмі СПАДАРОВЫМІ.

І сабраў ён усяго Юду і Бэн’яміна, і тых, што жылі з імі з Эфраіма, з Манасы і з Сымона, бо мноства іх перайшло з Ізраіля, калі яны ўбачылі, што ГОСПАД, Бог ягоны, з ім.
 
І зьбер усяго Юду а Веняміна а чужнікоў ізь імі зь Яхрэма а Манаса а із Сымона, бо множасьць іх перайшло з Ізраеля, як яны абачылі, што СПАДАР, Бог ягоны, зь ім.

І сабраліся яны ў Ерусаліме ў трэці месяц пятнаццатага году валадараньня Асы.
 
І зьберліся да Ерузаліму трэйцяга месяца, пятнанцатага году дзяржавы Асы;

І ахвяравалі яны ГОСПАДУ ў той дзень са здабычы, якую прывялі, з валоў — сямсот і з авечак — сем тысячаў,
 
І абраклі таго дня СПАДАРУ із здабытку, каторы прывялі, з буйнога статку сямсот і з драбнога сем тысячаў;

і ўвайшлі ў запавет, каб шукаць ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, усім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй.
 
І ўвыйшлі ў змову, каб шукаць СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, з усяго сэрца свайго і з усяе душы свае.

І кожны, хто ня будзе шукаць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, мае памерці, ад малога аж да вялікага і ад мужчыны аж да жанчыны.
 
А кажны, хто ня будзе шукаць СПАДАРА, Бога Ізраелявага, мае памерці, ад малога аж да вялікага і ад мужчыны аж да жонкі.

І прысягалі яны ГОСПАДУ голасам вялікім з гуканьнем, з гукам] трубаў і [гукам] рагоў.
 
І прысягалі СПАДАРУ голасна, і з гуканьням, і з трубамі, і з рагамі.

І радаваўся ўвесь Юда з прысягі гэтай, бо яны прысягалі ўсім сэрцам сваім, і ўсім жаданьнем сваім шукалі Яго, і Ён даў ім знайсьці Сябе. І даў ім ГОСПАД супакой навокал.
 
І цешыліся ўсі Юдэі з гэтае прысягі, бо прысягалі з усяго сэрца свайго, і з усім жаданьням шукалі Яго, і Ён даўся ім знайсьці. І даў ім СПАДАР супакой навокал.

І нават Мааху, маці Асы, валадар пазбавіў годнасьці валадарскай за тое, што яна зрабіла ідала Астарты. І пасек Аса ідала, і патоўк, і спаліў каля ручая Кедрон.
 
І Мааху, маці сваю, кароль спабыў годнасьці караліцы за тое, што яна зрабіла агіду ў гаю. І пасек Аса балвана, і патоўк, і спаліў ля цур’я Кідрону.

Але ўзгоркі не былі зьнішчаныя ў Ізраілі, аднак сэрца Асы было цалкам [з Госпадам] усе дні ягоныя.
 
Хоць узвышшы ня былі аддалены ў Ізраелю, але сэрца Асіна было дасканальнае ўсі дні яго.

І прынёс ён у Дом Божы рэчы пасьвячоныя бацькі свайго і рэчы пасьвячоныя свае — срэбра і золата, і посуд.
 
І прынёс ён да дому СПАДАРОВАГА пасьвячэньні айца свайго і свае пасьвячэньні — срэбра а золата а судзьдзё.

І не было вайны да трыццаць пятага году валадараньня Асы.
 
І ня было вайны да трыццаць пятага году дзяржавы Асы.