2 летапісаў 6 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Тады сказаў Салямон: «ГОСПАД сказаў, што Ён жыве ў імгле.
Тады сказаў Салямон: «СПАДАР сказаў, што Ён зыча жыць у цемрадзі;
А я пабудаваў Дом на пражываньне Табе і месца знаходжаньня Твайго на вякі».
І я пастанавіў дом перабываньня Табе і месца на быцьцё Твае на векі».
І павярнуў валадар аблічча сваё, і дабраславіў усю царкву Ізраіля, а ўся царква стаяла.
І кароль павярнуўся відам сваім, і дабраславіў цэлую грамаду Ізраялян, — а ўся грамада Ізраялян стаяла, —
І ён сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які гаварыў вуснамі Сваімі Давіду, бацьку майму, і выканаў [гэта] рукамі Сваімі, кажучы:
І ён сказаў: «Дабраславёны СПАДАР, Бог Ізраеляў, Каторы, што казаў вуснамі Сваімі Давіду, айцу майму, тое выпаўніў рукамі Сваімі, кажучы:
“Ад дня, у які Я вывеў народ Мой з зямлі Эгіпецкай, Я ня выбраў гораду з усіх каленаў Ізраіля, каб пабудаваць дом, у якім было б імя Маё, і ня выбраў чалавека, які быў бы начальнікам народу Майго, Ізраіля,
"Адгэнуль як Я вывеў люд Свой ізь зямлі Ягіпецкае, Я не абраў места ў ні водным із плямёнаў Ізраелявых на пастанаўленьне дому, у каторым перабывала б імя Мае, і не абраў чалавека, каторы быў бы гаспадаром люду Майго Ізраеля;
але Я выбраў Ерусалім, каб там было імя Маё, і выбраў Давіда, каб ён быў над народам Маім, Ізраілем”.
Але абраў Ерузалім, каб там перабывала імя Мае, і абраў Давіда, каб ён быў над людам Майм Ізраелям".
І было на сэрцы ў Давіда, бацькі майго, пабудаваць Дом для ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
І было на сэрцу ў Давіда, айца майго, пастанавіць дом імені СПАДАРА, Бога Ізраелявага.
І ГОСПАД сказаў Давіду, бацьку майму: “Тое, што было на сэрцы тваім, каб пабудаваць Дом для імя Майго, добра ты зрабіў, што гэта ў сэрцы тваім.
Але СПАДАР сказаў Давіду, айцу майму: "У цябе ё на сэрцу пастанавіць дом Імені Майму; добра, што гэта ў цябе на сэрцу.
Толькі ты не пабудуеш Дом, але сын твой, які выйдзе са сьцёгнаў тваіх, ён пабудуе Дом для імя Майго”.
Ня ты, адылі, пастановіш дом, а сын твой, каторы выйдзе ізь сьцёгнаў тваіх, — ён пастанове дом імені Майму".
І споўніў ГОСПАД слова Сваё, якое прамовіў, і я стаў на месца Давіда, бацькі майго, і сеў на пасадзе Ізраіля, як сказаў ГОСПАД, і пабудаваў Дом для імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
І споўніў СПАДАР слова Свае, каторае сказаў: я ўступіў на месца Давіда, айца свайго, і сеў на пасадзе Ізраелявым, як сказаў СПАДАР, і пастанавіў дом імені СПАДАРА, Бога Ізраелявага.
І я паставіў там Каўчэг, у якім запавет ГОСПАДА, які заключыў Ён з сынамі Ізраіля».
І я пастанавіў там скрыню, у каторай змова СПАДАРА, учыненая Ім із сынамі Ізраелявымі».
І стаў ён перад ахвярнікам ГОСПАДА насупраць усёй царквы Ізраіля, і выцягнуў рукі свае,
І стаў ля аброчніка СПАДАРОВАГА сьпераду ўсяе грамады Ізраялян, і прасьцяг далоні свае, —
бо Салямон зрабіў амбону мядзяную і паставіў яе сярод панадворку; даўжыня ейная пяць локцяў, і шырыня ейная пяць локцяў, і вышыня ейная тры локці. І ён стаў на ёй, і ўпаў на калені свае насупраць усёй царквы, і выцягнуў рукі свае да неба,
Бо Салямон зрабіў мядзяную амбону, удаўжкі пяць локцяў і ўшыркі пяць локцяў, а ўвышкі тры локці, і пастанавіў яе сярод панадворку; і стаў на ёй, і ўкляк сьпераду ўсяго збору Ізраелявага, і прасьцяг далоні свае да неба, —
і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля! Няма Бога, падобнага да Цябе, ані ў небе, ані на зямлі. Ты захоўваеш запавет і міласэрнасьць да слугаў Тваіх, якія ходзяць перад абліччам Тваім усім сэрцам сваім.
І сказаў: «СПАДАРУ, Божа Ізраеляў! Няма Бога, падобнага да Цябе, ані на нябёсах, ані на зямлі; Ты дзяржыш змову а ласку да слугаў Сваіх, перад табою ходзячых усім сэрцам сваім;
Ты споўніў слузе Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што Ты сказаў яму; што сказаў Ты вуснамі Тваімі, тое ў дзень гэты споўніў рукою Тваёй.
Ты споўніў слузе Свайму Давіду, айцу майму, што Ты казаў яму; што сказаў Ты вуснамі Сваімі, тое ў дзень гэты споўніў рукою Сваёю.
І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, споўні слузе Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што Ты сказаў яму, кажучы: “Ня будзе забраны ў цябе муж перад абліччам Маім, які сядзіць на пасадзе Ізраіля, калі толькі сыны твае будуць захоўваць шляхі свае, каб хадзіць паводле закону Майго так, як ты хадзіў перад абліччам Маім”.
І цяпер, СПАДАРУ, Божа Ізраеляў! споўні слузе Свайму Давіду, айцу майму, тое, што Ты сказаў яму, кажучы: "Ня будзе адцяты муж ад віду Майго, седзячы на пасадзе Ізраелявым, калі толькі сынове твае будуць глядзець дарогаў сваіх, каб хадзіць подле права Майго так, як ты хадзіў перад Імною".
І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, няхай будзе зьдзейсьнена слова Тваё, якое Ты сказаў слузе Твайму Давіду.
Дык цяпер, СПАДАРУ, Божа Ізраеляў! хай будзе здойсьнена слова Твае, каторае Ты казаў слузе Свайму Давіду.
Бо, сапраўды, ці Бог будзе жыць з чалавекам на зямлі? Калі неба і нябёсы нябёсаў ня могуць агарнуць Цябе, тым менш [можа] Дом гэты, які я пабудаваў.
Запраўды, ці Богу жыць ізь людзьмі на зямлі? калі неба а нябёсы нябёс ня тоўпяць Цябе, тым меней дом гэты, каторы я пастанавіў;
Але ўзглянь на малітву слугі Твайго і на маленьне ягонае, ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Пачуй кліканьне і малітву, якімі слуга Твой моліцца перад абліччам Тваім.
Але глянь на малітву слугі Свайго і на просьбу яго, СПАДАРУ, Божа мой! пачуй гуканьне а малітву, катораю слуга Твой моліцца перад Табою.
Няхай будуць вочы Твае адчыненыя на Дом гэты ўдзень і ўначы, на месца, пра якое Ты сказаў, што імя Тваё пакладзеш там, каб чуць малітву, якою слуга Твой будзе маліцца на месцы гэтым.
Хай будуць вочы Твае адчыненыя на дом гэты ўдзень і ночы, на месца, ідзе Ты абяцаў палажыць імя Свае, каб чуць малітву, катораю слуга Твой будзе маліцца на месцу гэтым.
І Ты пачуй маленьні слугі Твайго і народу Твайго Ізраіля, якімі яны будуць маліцца на месцы гэтым, пачуй з месца знаходжаньня Твайго, з нябёсаў, пачуй і прабач!
Пачуй маленьні слугі Свайго і люду Свайго Ізраеля, якімі яны будуць маліцца на месцу гэтым, пачуй зь месца перабываньня Свайго, зь нябёс, пачуй і даруй!
Калі саграшыць чалавек супраць бліжняга свайго, і будуць вымагаць ад яго прысягі, каб ён прысягнуў, і будзе адбывацца прысяга перад ахвярнікам Тваім у Доме гэтым,
Як хто ізгрэша супроці прыяцеля свайго, і будуць вымагаць ад яго прысягі, каб ён прысягнуў, і будзе адбывацца прысяга перад аброчнікам Тваім у доме гэтым:
Ты пачуй з неба, і зрабі, і судзі слугаў Тваіх, зьвяртаючы бязбожнаму, каб прыйшоў шлях ягоны на галаву ягоную, і апраўдваючы праведнага, даючы яму паводле праведнасьці ягонай.
Ты пачуй зь неба, і ўчыні, і рассудзі слугаў Сваіх, зьвярні нягоднаму, адплачуючы дарогу ягоную на ягонай собскай галаве, аправуючы справядлівага, даючы яму подле справядлівасьці ягонае.
Калі народ Твой Ізраіль будзе пабіты перад абліччам ворага, бо ён саграшыў перад Табою, і яны навернуцца, і будуць славіць імя Тваё, і будуць маліцца, і будуць прасіць перад абліччам Тваім у Доме гэтым,
Як люд Твой Ізраель будзе пераможаны непрыяцелям сваім за тое, што ізграшыў перад Табою, і яны навернуцца, і вызнаюць імя Твае, і будуць прасіць а маліцца перад Табою ў доме гэтым:
Ты пачуй з неба, і прабач грэх народу Твайго Ізраіля, і вярні іх у зямлю, якую Ты даў ім і бацькам іхнім.
Ты пачуй зь неба, і даруй грэх люду Свайго Ізраеля, і зьвярні іх да зямлі, каторую Ты даў ім а бацьком іхным.
Калі будзе замкнутае неба і ня будзе дажджу за тое, што яны саграшылі перад Табою, і будуць яны маліцца на месцы гэтым, і будуць славіць імя Тваё, і адвернуцца ад грахоў сваіх, бо Ты пакараў іх,
Як замкнецца неба, і ня будзе дажджу за тое, што яны ізграшылі перад Табою, і будуць маліцца на месцу гэтым, і вызнаюць імя Твае, і адвернуцца ад грэху, бо Ты ўслышыў іх:
Ты пачуй з неба і прабач грэх слугаў тваіх і народу Твайго Ізраіля, навучыўшы іх шляху добраму, па якім яны будуць ісьці, і пашлі дождж на зямлю Тваю, якую Ты даў народу Твайму ў спадчыну.
Ты пачуй зь неба, і даруй грэх слугаў Сваіх і люду Свайго Ізраеля, паказаўшы ім добрую дарогу, па каторай ісьці ім, і пашлі дождж на зямлю Сваю, каторую Ты даў люду Свайму на спадак.
Калі будзе голад на зямлі, або будзе пошасьць, або будзе суша, або іржа, саранча або чэрві, або будуць прыгнятаць яго ворагі ягоныя ў зямлі, дзе брамы ягоныя, [або будзе] якая бяда ці якая хвароба,
Галадоў калі будзе на зямлі, або будзе мор, або будзе вецер палячы, або іржа, шаранча або чэрві, або будуць ціснуць яго непрыяцелі на зямлі ў браме ягонай, якая бяда, якая хвароба:
кожную малітву, кожнае маленьне, якое будзе ад нейкага чалавека альбо ад усяго народу Твайго Ізраіля, калі кожны з іх адчуе бяду сваю і гора сваё, і яны выцягнуць далоні свае да Дому гэтага,
Кажную малітву, кажнае маленьне, якое будзе ад якога-лень чалавека альбо ад усёга люду Твайго Ізраеля, як яны пачуюць кажны бяду сваю а гора свае, і прасьцягнуць далоні свае да дому гэтага,
Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і прабач, і дай кожнаму паводле ўсіх шляхоў ягоных, бо Ты ведаеш сэрца ягонае, бо толькі Ты ў сэрцы Тваім ведаеш сэрцы сыноў чалавечых,
Дык Ты пачуй зь неба — месца перабываньня Свайго, і даруй, і аддай кажнаму подле ўсіх дарогаў ягоных, каторага сэрца ты знаеш, — бо Ты толькі знаеш сэрцы сыноў людзкіх, —
каб яны баяліся Цябе і хадзілі шляхамі Тваімі ўсе дні, у якія жывуць яны на абліччы зямлі, якую Ты даў бацькам нашым.
Каб яны баяліся Цябе й хадзілі дарогамі Тваімі ўсі дні, пакуль жывуць на зямлі, каторую Ты даў бацьком нашым.
І таксама чужынец, які не з народу Твайго Ізраіля, калі ён прыйдзе з зямлі далёкай дзеля імя Твайго вялікага, і рукі Тваёй магутнай, і рамяна Твайго ўзьнятага, і прыйдзе, і будзе маліцца ў Доме гэтым,
І навет чужаземец, што ня зь люду Твайго Ізраеля, калі ён прыйдзе ізь зямлі далёкае дзеля імені Твайго вялікага, і рукі Твае магутнае, і цаўя Твайго выцягненага, і прыйдзе, і будзе маліцца ля дому гэтага:
Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і зрабі ўсё, пра што будзе клікаць да Цябе чужынец, каб пазналі ўсе народы зямлі імя Тваё і каб баяліся Цябе, як народ Твой, Ізраіль, каб ведалі, што імя Тваё заклікаецца над Домам гэтым, які я пабудаваў.
Ты пачуй зь неба, зь месца перабываньня Свайго, і зрабі ўсе, чаго будзе гукаць да Цябе чужаземец, каб пазналі ўсі люды зямлі імя Твае, і каб баяліся Цябе, як люд Твой Ізраель, і ведалі, што Тваім імям завецца дом гэты, каторы пастанавіў я.
Калі выйдзе народ Твой на вайну супраць ворагаў сваіх шляхам, якім Ты пашлеш яго, і будзе маліцца Табе ў накірунку гораду гэтага, які Ты абраў, і Дому, які я пабудаваў для імя Твайго,
Як выйдзе люд Твой на вайну супроці варагоў сваіх дарогаю, катораю Ты пашлеш яго, і будзе маліцца Табе, абярнуўшыся да места гэтага, каторае абраў Ты, і да дому, каторы я пастанавіў імені Твайму:
Ты пачуй з неба малітву іхнюю і маленьне іхняе, і ўчыні суд для іх.
Пачуй зь неба малітву іхную а просьбу іхную, і спраў справу іхную.
Калі яны саграшаць перад Табою, бо няма чалавека, які не саграшыў бы, і Ты загневаешся на іх, і аддасі іх ворагам, і яны возьмуць іх у няволю ў зямлю далёкую або блізкую,
Як яны ізгрэшаць перад Табою, бо няма чалавека, што не ізграшыў бы, і Ты загневаешся на іх, і аддасі іх варагом, і яны возьмуць іх у палон да зямлі далёкае альбо блізкое,
і калі яны схамянуцца ў сэрцы сваім у зямлі, у якую будуць палонены, і навернуцца, і будуць прасіць Цябе ў зямлі няволі сваёй, кажучы: “Мы саграшылі, правініліся і былі бязбожнікамі”,
І як яны ў зямлі, да каторае будуць палонены, ахамянуцца ў сэрцу сваім, і навернуцца, і будуць маліцца Табе ў зямлі няволі свае, кажучы: "Мы ізграшылі, зрабілі бяспраўе, былі несправядлівыя";
і навернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй у зямлі няволі сваёй, у якой яны палонены, і будуць маліцца ў накірунку зямлі сваёй, якую Ты даў бацькам іхнім, і гораду гэтага, які Ты абраў, і Дому, які я пабудаваў для імя Твайго,
І зьвернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёю ў зямлі няволі свае, куды завядуць іх у палон, і будуць маліцца, абярнуўшыся да зямлі, каторую Ты даў бацьком іхным, і да места, каторае абраў Ты, і да дому, каторы пастанавіў я імені Твайму;
Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, малітву іхнюю і маленьне іхняе, і ўчыні суд для іх, і прабач народу Твайму, які саграшыў перад Табою.
Дык пачуй зь неба, месца перабываньня Свайго, малітву іхную а маленьне іхнае, і спраў справу іхную, і даруй люду Свайму, у чым ён ізграшыў перад Табою.
Цяпер, Божа мой, няхай будуць вочы Твае адчыненыя і вушы Твае ўважлівыя да малітвы на месцы гэтым.
А цяпер, Божа мой! хай будуць жа вочы Твае адчыненыя й вушы Твае ўважлівыя да малітвы на месцу гэтым.
І цяпер, ГОСПАДЗЕ Божа, стань на [месца] супачынку Твайго, Ты і Каўчэг моцы Тваёй. Сьвятары Твае, ГОСПАДЗЕ Божа, няхай апрануцца ў збаўленьне, і сьвятыя Твае няхай радуюцца добраму.
І цяпер, СПАДАРУ Божа, стань на месца супакою Свайго, Ты а скрыня магутнасьці Твае. Сьвятары Твае, СПАДАРУ Божа, хай адзенуцца ў спасеньне, і сьвятыя Твае хай вяселяцца ў дабру.
ГОСПАДЗЕ Божа! Не адвярні аблічча ад памазанца Твайго, узгадай пра міласэрнасьць для Давіда, слугі Твайго».
СПАДАРУ Божа! не адхіні віду памазанца Свайго, успомні міласэрдзе да Давіда, слугі Свайго».