2 летапісаў 15 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Азарыя, сын Адэда, атрымаўшы на сябе Духа Божага,
 
І Дух Божы зышоў на Азару Одэдзёнка.

выйшаў насустрач Асе і сказаў яму: «Слухайце мяне ты, Аса, ды ўся Юдэя і Бэньямін! Госпад з вамі, бо вы былі з Ім. Калі будзеце шукаць Яго, будзе знойдзены вамі; а калі пакінеце Яго, Ён вас пакіне.
 
І вышаў ён наўпярэймы Асе, і сказаў яму: «Паслухайце мяне Аса а ўвесь Юда а Венямін: СПАДАР із вамі, як вы зь ім; і калі будзеце шукаць Яго, знойдзеце Яго; калі ж пакінеце Яго, Ён пакіне вас.

Многа часу жыў Ізраэль без Бога праўды і без святара, настаўніка ды без закону.
 
І шмат дзён Ізраель быў без праўдзівага Бога, і без сьвятара-вучыцеля, і бяз Права;

І калі навернецеся ў горы сваім да Госпада, Бога Ізраэля ды будзеце шукаць Яго, то знойдзеце Яго.
 
Але як яны ў немарасьці сваёй навярнуліся да СПАДАРА, Бога Ізраелявага, і шукалі Яго, і Ён даўся ім знайсьці.

У тыя часы не было супакою і таму, хто выходзіў, і таму, хто ўваходзіў, але вялікае хваляванне было ва ўсіх жыхарах земляў,
 
І тых часоў ня было супакою таму, хто вышаў, ані таму хто ўвыйшоў; бо вялікая замятня была ў вусіх жыхараў земляў.

бо народ змагаўся з народам, і горад — з горадам, бо Госпад мучыў іх усякаю бядою.
 
І народ губіў народ, і места — места, бо СПАДАР парушаў іх усімі немарасьцьмі.

Вы ж будзьце дужымі ды хай не млеюць рукі вашы; бо будзе ўзнагарода працы вашай».
 
Але вы будзьце моцныя, і хай ня слабнуць рукі вашыя, бо Ён надгарода за ўчынкі вашыя».

Калі Аса пачуў гэтыя словы і прароцтва, то падбадзёрыўся і выдаліў ідалаў з усёй зямлі Юдэі і Бэньяміна, і з гарадоў, якія здабыў на гары Эфраім, і прысвяціў Госпаду ахвярнік, які знаходзіўся перад прысенкам Госпада.
 
І як Аса пачуў гэтыя словы а прароцтвы Одэдзёнка прарокі, ён асьмеліўся й выкінуў агідныя балваны з усяе зямлі Юдзінае а зь Веняміновае а зь местаў, што ён заваяваў на гары Яхрэмавай, і аднавіў аброчнік СПАДАРОЎ, каторы перад сеньмі СПАДАРОВЫМІ.

І сабраў увесь народ Юдэі і Бэньяміна, і з імі чужынцаў з Эфраіма, і з Манасы, і з Сімяона; вельмі многія бо да яго ўцяклі з Ізраэля, бачачы, што Госпад, Бог яго, з ім.
 
І зьбер усяго Юду а Веняміна а чужнікоў ізь імі зь Яхрэма а Манаса а із Сымона, бо множасьць іх перайшло з Ізраеля, як яны абачылі, што СПАДАР, Бог ягоны, зь ім.

І калі сышліся ў Ерузалім у трэцім месяцы пятага года царавання Асы,
 
І зьберліся да Ерузаліму трэйцяга месяца, пятнанцатага году дзяржавы Асы;

у той дзень склалі ахвяры Госпаду са здабычы, якую прывялі: семсот валоў і сем тысяч авечак.
 
І абраклі таго дня СПАДАРУ із здабытку, каторы прывялі, з буйнога статку сямсот і з драбнога сем тысячаў;

І ўступілі ў прымірэнне, каб шукаць Госпада, Бога бацькоў сваіх, усім сэрцам ды ўсёю душою сваёю:
 
І ўвыйшлі ў змову, каб шукаць СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, з усяго сэрца свайго і з усяе душы свае.

а кожны, хто не стане шукаць Госпада, Бога Ізраэля, — будзе пакараны смерцю ад малога да старога, ад мужчыны аж да жанчыны.
 
А кажны, хто ня будзе шукаць СПАДАРА, Бога Ізраелявага, мае памерці, ад малога аж да вялікага і ад мужчыны аж да жонкі.

І прысягнулі Госпаду з вялікім і радасным крыкам, і з гудзеннем труб, і з гукам рагоў.
 
І прысягалі СПАДАРУ голасна, і з гуканьням, і з трубамі, і з рагамі.

Усе, што былі з Юдэі, цешыліся з прысягі; прысягнулі бо ўсім сэрцам сваім і з усёю добраю воляю шукалі Яго, і быў Ён знойдзены імі. І надзяліў іх Госпад супакоем навокал.
 
І цешыліся ўсі Юдэі з гэтае прысягі, бо прысягалі з усяго сэрца свайго, і з усім жаданьням шукалі Яго, і Ён даўся ім знайсьці. І даў ім СПАДАР супакой навокал.

Але і Мааху, маці Асы, цар выдаліў, каб не была валадаркай за тое, што зрабіла ідала Асэры; яго Аса пабіў на кавалкі і спаліў каля ручая Цэдрон.
 
І Мааху, маці сваю, кароль спабыў годнасьці караліцы за тое, што яна зрабіла агіду ў гаю. І пасек Аса балвана, і патоўк, і спаліў ля цур’я Кідрону.

А ўзгоркі засталіся ў Ізраэлі; аднак сэрца Асы было дасканалым ва ўсе яго дні.
 
Хоць узвышшы ня былі аддалены ў Ізраелю, але сэрца Асіна было дасканальнае ўсі дні яго.

Тое, што паабяцаў бацька яго і ён сам, — памясціў у доме Божым: срэбра, і золата, і ўсякія пасудзіны.
 
І прынёс ён да дому СПАДАРОВАГА пасьвячэньні айца свайго і свае пасьвячэньні — срэбра а золата а судзьдзё.

Вайны ж не было аж да трыццаць пятага года царавання Асы.
 
І ня было вайны да трыццаць пятага году дзяржавы Асы.