2 летапісаў 19 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

А цар Юдэі Язафат спакойна вярнуўся ў дом свой у Ерузалім.
 
І зварачаўся Ясапат, кароль Юдэйскі, у супакою да дому свайго, да Ерузаліму.

Насустрач яму выбег Егу, сын Ханані Прадракальніка, і сказаў яму: «Бязбожніку ты даеш дапамогу і з тымі, што ненавідзяць Госпада, распачынаеш сяброўства, — і таму сапраўды заслужыў ты гнеў Госпада;
 
І вышаў наўпярэймы яму Егу Гананёнак, відзеньнік, і сказаў каралю Ясапату: «Ці табе памагаць бязбожнаму і любіць тых, што ненавідзяць СПАДАРА? За тое гнеў на цябе ад СПАДАРА.

але абараняюць цябе добрыя ўчынкі твае, бо ты выдаліў слупы з зямлі і падрыхтаваў сэрца сваё, каб шукаць Бога».
 
Адылі й добрае знойдзена ў табе ў тым, што ты выпратаў гаі ў зямлі і прыгатаваў сэрца свае шукаць СПАДАРА».

Такім чынам, абжыўся Язафат у Ерузаліме. І зноў пайшоў у народ ад Бээр-Сэбы аж да гары Эфраіма і заклікаў яго да Госпада, Бога бацькоў іх.
 
І жыў Ясапат у Ерузаліме. І ўзноў пачаў ён абходзіць люд ад Веер-Шэвы аж да гары Яхрэмавае, і наварачаў іх да СПАДАРА, Бога айцоў іхных.

І паставіў суддзяў у зямлі, ва ўсіх гарадах Юдэі, у кожным умацаваным горадзе.
 
І прызначыў судзьдзяў у зямлі па ўсіх умацаваных местах Юдэі, у кажным месьце,

І загадаў суддзям: «Глядзіце, што робіце. Бо не з волі чалавека судзіце, але з волі Госпада, Які з вамі, калі каго судзіце.
 
І сказаў судзьдзям: «Глядзіце, што вы робіце; бо вы судзіце ня дзеля чалавека, але дзеля СПАДАРА, Каторы з вамі ў справе суду.

Хай будзе страх Госпадаў з вамі і разважна ўсё рабіце; бо няма ў Госпада, Бога нашага, нясправядлівасці, ані ўвагі на асобы, ані хцівасці да падарункаў».
 
Дык хай страх СПАДАРОЎ будзе на вас: уважайце, што чыніце, бо няма бяспраўя ў СПАДАРА, Бога нашага, ані ўвагі на асобы, ані браньня лапаноў».

Таксама ў Ерузаліме паставіў Язафат суддзяў з левітаў і з святароў, і з кіраўнікоў родаў для Ізраэля, дзеля суда Госпада ў справах жыхароў Ерузаліма.
 
І ў Ерузаліме прызначыў Ясапат ізь Левітаў а ізь сьвятароў а з галоваў айцоў Ізраеля да суду СПАДАРОВАГА і да сьпярэчак. І яны зварачаліся да Ерузаліму.

І загадаў ім, кажучы: «Маеце так рабіць са страхам Госпада: справядліва ды са шчырым сэрцам.
 
І расказаў ім, кажучы: «Гэтак будзеце рабіць у страху СПАДАРОВЫМ, верна і з супоўным сэрцам.

Ва ўсякай справе, якая паступіць да вас ад братоў вашых, што пражываюць у сваіх гарадах, ці гэта справа забойства, ці закону, ці настаўлення, ці прыказанняў і апраўданняў, павучайце іх, каб не грашылі на Госпада ды каб Яго гнеў не абярнуўся на вас і братоў вашых; такім чынам рабіце і не дапускайцеся грахоў.
 
І якая справа прыйдзе да вас ад братоў вашых, што жывуць у местах сваіх, меж крыві й крыві, меж Права й расказаньня, уставаў і судоў, вы перасьцерагайце іх, каб яны не грашылі супроці СПАДАРА, і гнеў ня прышоў на вас і на братоў вашых; гэтак чыніце і ня ізгрэшыце.

А святар Амарыя будзе кіраўніком над вамі ва ўсім, што датычыць Бога; затым Забадзія, сын Ізмаэля, які з’яўляецца загадчыкам над домам Юды, будзе нам тымі справамі, што датычаць царскай службы; і левіты будуць у вас пісарамі. Будзьце мужнымі і спраўляйцеся пільна, ды хай Госпад будзе [да вас] з дабром».
 
І вось, Амара, найвышшы сьвятар, над вамі ў кажнай справе СПАДАРОВАЙ, а Зэвада Ізмайлёнак, дзяржаўца дому Юдзінага, да ўсіх справаў каралеўскіх, таксама Левіты ўраднікі ў вас. Мацуйцеся а дзейце, і СПАДАР будзе з добрым».