Данііла 1 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

У трэці год царавання цара Юдэйскага Ёакіма падышоў Набукаданосар, цар Бабілонскі, пад Ерузалім і абклаў яго;
 
Трэйцяга году дзяржавы Егоякіма, караля Юдэйскага, прышоў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, к Ерузаліму й аблёг яго.

і Госпад аддаў у яго рукі цара Юдэйскага Ёакіма, і частку пасудзін дома Божага, і іх забраў ён у зямлю Сэнаар, у дом багоў сваіх, і памясціў пасудзіны ў дом скарбоўні багоў сваіх.
 
І аддаў Спадар у руку яму Егоякіма, караля Юдэйскага, з часьцяй судзьдзя дому Божага, і ён прывёз да зямлі Шынар да дому бога свайго, і ўнёс судзьдзе ў скарбніцу бога свайго.

І цар загадаў Асфаназу, кіраўніку сваіх еўнухаў, каб прывёў з ізраэльцаў і з роду царскага, і з правіцеляў
 
І казаў кароль Ашпеназу, начэльніку легчанцоў сваіх, каб ён прывёў із сыноў Ізраелявых, ды з насеньня каралеўскага, і з князёў

юнакоў без аніякай заганы, прыгожых выглядам і вывучаных ва ўсякай мудрасці, маючых веды, і выхаваных, і здатных да службы ў царскім палацы, і каб навучыць іх кнігам і мове халдэйцаў.
 
Дзяцюкоў бяз гану, добра выглядаючых, навытыраных да кажнае мудрасьці і кемных да навукі, і здольных да веды, і такіх, каб маглі стаяць у палацу каралеўскім, і каторых маглі б вучыць кніг а мовы хальдэйскае.

І цар выдзеліў ім штодзённую порцыю ад страў царскіх і ад віна, якое сам піў, каб былі яны ўзгадаваны праз тры гады і пасля служылі цару.
 
І прызначыў ім кароль на кажны дзень ежу каралеўскую й віно, каторае сам піў, і каб гадаваць іх так тры гады, каб у канцы іх маглі яны стаць перад каралём.

Такім чынам, з сыноў юдэйскіх былі сярод іх Даніэль, Ананія, Місаэль і Азарыя.
 
І былі памеж іх із сыноў Юдзіных Данель, Гананя, Місайла а Азара,

І наглядчык еўнухаў надаў ім імёны: Даніэлю — Балтасар, і Ананію — Сэдрак, Місаэлю — Місак, і Азарыю — Абдэнага.
 
Каторым князь легчанцоў даў імёны: Данеля назваў Велтэшазар, а Гананю — Шэдрах, а Місайлу — Мішах, а Азару — Авед-Неґо.

Даніэль жа рашыў у сэрцы сваім, каб не апаганьвацца стравамі царскімі, ані віном, якое цар піў, ды папрасіў наглядчыка еўнухаў, каб не апаганьвацца.
 
Данель, адылі, пастанавіў у сэрцу сваім, каб яму ня сплюгавіцца ежаю каралеўскаю ані віном, каторае гэты піў; затым ён прасіў князя легчанцоў, каб магчы ня плюгавіцца.

А абдарыў Бог Даніэля ласкаю і міласэрнасцю перад наглядчыкам еўнухаў,
 
І даў Бог Данелю ласку а спагаду ў князя легчанцоў.

і кіраўнік еўнухаў сказаў Даніэлю: «Баюся я гаспадара майго, цара, калі ўбачыць ён вашы твары худзейшымі, чым у іншых юнакоў у вашых гадах; калі гэтак, то вы выставіце маю галаву на небяспеку перад царом».
 
І сказаў князь легчанцоў Данелю: «Я баюся спадара свайго, караля, каторы прызначыў вам ежы і напіткі, бо чаму меў бы ён бачыць віды вашы хмарнейшыя, чымся дзяцюкоў вашага веку? тады вы прычыніце ў караля небясьпечнасьць галаве маёй».

І Даніэль сказаў вартаўніку, якога паставіў кіраўнік еўнухаў над Даніэлем, Ананіем, Місаэлем і Азарыем:
 
Тады сказаў Данель наглядніку, каторага князь легчанцоў пастанавіў над Данелям, Гананяю, Місайлам а Азараю:

«Прашу, аддай нас, паслугачоў тваіх, дзесяцідзённаму выпрабаванню: хай даюць нам гародніну есці і ваду піць;
 
«Спрабуй, калі ласка, слугаў сваіх, я малю цябе, дзён дзесяць: і няхай даюць нам гародніну, і будзем есьці, і ваду, і будзем піць;

і ўбачыш, як мы выглядаем і як выглядаюць юнакі, якія ядуць стравы царскія, і зробіш з паслугачамі сваімі паводле таго, што ўбачыш».
 
Тады пабачыш віды нашыя і віды дзяцюкоў, што ядуць ежу каралеўскую; і подле бачаньня свайго рабі із слугамі сваімі».

Ён, выслухаўшы гэтыя словы, выставіў іх на дзесяцідзённае выпрабаванне.
 
І паслухаў ён іх у гэтай справе, і прабаваў іх дзесяць дзён.

Па дзесяці ж днях аблічча іх было лепшым і здаравейшым, чым у юнакоў, якія елі ежу царскую.
 
І ў канцы дзесяцёх дзён віды іхныя выглядалі харашэй а сыцей, чымся ў дзяцюкоў, што елі ежу каралеўскую.

А вартаўнік браў іх ежу і віно і падаваў ім гародніну.
 
І затым нагляднік забіраў ад іх ежу й віно, што яны мелі, і даваў ім гародніну.

І надзяліў Бог гэтых чатырох юнакоў ведамі і ўменнем ва ўсякім пісанні і мудрасці, Даніэль жа меў разуменне ўсякіх з’яў і сноў.
 
Што да гэтых чатырох дзяцюкоў, то Бог даў ім веду а навытыранасьць у кажнай кнізе а ў мудрасьці, а Данель разумеў усялякія відзені а сны.

Дык калі прайшоў час, што ўстанавіў цар, каб іх прадставіць, наглядчык еўнухаў прывёў іх да Набукаданосара.
 
І на канцы дзён, што кароль казаў, каб ён прывёў іх, князь легчанцоў прывёў іх перад Невухаднецара.

І калі цар размаўляў з імі, нельга было знайсці паміж іх усіх нікога, роўнага Даніэлю, Ананію, Місаэлю і Азарыю; ды сталі на службу пры цару.
 
І мужаваў ізь імі кароль, і з усіх іх не знайшлося, як Данель, Гананя, Місайла а Азара; і стаялі яны перад каралём.

І ўсякае слова мудрасці і разумення, якое ён атрымаў ад іх, цар знайшоў у іх дзесяцікратна лепшым, чым словы ўсіх прадказальнікаў і варажбітоў, якія былі ва ўсім яго царстве.
 
І ў вусіх справах мудрага разуменьня, што кароль пытаўся ў іх, ён знайшоў іх дзесяць разоў лепшымі за ўсіх чараўнікоў, гвездароў, што ў вусім каралеўстве ягоным.

А прабываў там Даніэль аж да першага года цара Кіра.
 
І Данель заставаўся да першага году караля Кіра.